Таццяна Матафонава: «Адкрыла Беларусь з нараджэннем дзіцяці» (+аўдыё і відэа)

Таццяна Грыневіч-Матафонава прызналася ў вялікім інтэрв’ю, што пачала размаўляць па-беларуску з нараджэннем дзіцяці. Яна вырашыла не займацца кар’ерай опернай спявачкі, а ўзялася запаўняць нішы беларускай песні – запісала альбомы дзіцячых, навагодніх і школьных песняў, а цяпер збірае матэрыял для дыска жаўнерскіх спеваў, хоць свайго Адася ў войска аддаваць не хацела б.

Таццяна – з тых, пра каго кажуць, што яны проста закаханыя ў спеў. У марозны лютаўскі вечар яна стаіць у фае Купалаўскага музея і вітае кожнага, хто вырашыў завітаць на яе імпрэзу. Людзей небагата, у асноўным блізкія знаёмыя. Кожнага яна вітае сваёй светлай усмешкай. Калі ў зале набіраецца з два дзясяткі чалавек, яна вырашае пачынаць імпрэзу, важную найперш для яе. У гэты вечар спявачка прадстаўляе ажно тры свае дыскі, адзін з іх – складанка навагодніх песняў. Раней паказаць не было як – у студзені Таццяна цалкам аддалася навучанню ў аўташколе. «Бог даў, цяпер я кіроўца і правы маю», – кажа яна з той самай сваёй светлай усмешкай ды нязмушана віншуе заднім чыслом усіх з Калядамі…

 – Таццяна, адкуль у Вас з’явілася такая любоў да спеваў?

– Ёсць у нас такая сямейная гісторыя-жарт. Калі мне было гадочкі два і я бегала ды напісквала нейкія мелодыі, мой дзядзька, які працуе ў музычнай вучэльні ў Горадні, сказаў: усё, будзеш ты, пляменніца, опернай спявачкай. Тое забылася на пэўны час. Я паступала ў Маладзечна ў музычную вучэльню на харавое дырыжыраванне, і нешта летам на вакацыях па сканчэнні першага курса мне стрэльнула: усё, буду опернай спявачкай. Голасу такога ад прыроды ў мяне не было, таму я мучылася-вучылася вельмі доўга гэтаму, гадоў 17.

– Калі здарыўся сцэнічны дэбют?

– Сцэна пастаянна была ў жыцці. Мусіць, дэбютам можна лічыць выступ у Ашмянскім доме культуры, па сканчэнні садка ў сем гадоў выконвала дзіцячую песеньку на вялікай сцэне. А першы сольны канцэрт, які я зрабіла сама, здарыўся ў лютым 2010 года, у Тэатры рамансу, спявала разам з сынам Адасем.

– Мяркуючы з усяго, на Вашую творчасць моцна паўплывала нараджэнне сына.

– Так атрымалася, што з нараджэннем Адася наогул з’явілася цікавасць і любоў да Беларусі. Я тады вучылася на першым-другім курсе ўніверсітэта культуры. Цяжка было размаўляць па-беларуску і ў прынцыпе адбыцца беларускай ад пачатку да канца. Але калі нарадзілася дзіця, я для сябе вырашыла, што з ім размаўляю толькі па-беларуску. І з цягам часу пачала паўсюдна размаўляць па-беларуску. І як гадаваўся Адась, дык і пабачыла, што беларускага матэрыялу для дзяцей няма. З гэтага, па сутнасці, і пачалася мая творчасць. Оперных спевакоў жа хапае, а вось беларускіх дзіцячых песняў моцна не ставала. Як Адасю было 5 гадоў, дык зрабілі сумесны музычны праект «Дзіцячы альбом» са Змітром Сідаровічам. Сабралі 27 дзіцячых песняў з зборнікаў ды энцыклапедый, апрацавалі і пакрысе запісалі іх самі. Амаль праз 5 гадоў выдалі. А потым паўстала праблема, што школьных песняў няма, навагодніх спеваў мала…

На сваім канцэрце Тацяна выканала песню “Школьны званок”, словы да якой на яе просьбу напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Яна сутыкнулася з тым, што няма ніякага спеву па-беларуску, які б пасаваў да Дня ведаў і першага школьнага званка 1 верасня. Нават у беларускамоўнай гімназіі, дзе вучыцца Адась, заўжды ставяць вядомую рускую “Учат в школе”. Таму Тацяна задумала зрабіць адпаведны беларускі спеў.

–  Паводле гэтай логікі, ад Вас у будучыні варта чакаць складанак беларускіх студэнцкіх песняў, а там і вясельных, і жаўнерскіх…

– Так, сапраўды ўсё звязана з дзецьмі, таму будзем папаўняць гэтыя нішы. Каб Адасю было лягчэй вывучыць на памяць вершы, што задаюць у школе, мы начытваем іх на дыктафон. Таму такая грандыёзная ідэя прыдумалася – праспяваць і запісаць вершы, якія вывучаюцца ў школах з 1 па 11 клас і зрабіць такі альбом з вершаў і песняў. Дапамагчы мне ў гэтым пагадзіўся Юрась Жыгамонт, з якім мы зрабілі разам дыск «З Новым годам», ён там чытае, а я спяваю. Падлічыла ўжо, што больш за 50 вершаў вучаць нашы дзеці за час навучання, так што праект будзе вялікі.

Яшчэ адзін праект – якраз жаўнерскіх песняў. Напружыла ўжо ўсіх сяброў, Кірылу Насаеву дала заданне, таму ўжо адшукваецца нотны матэрыял… Хоць сама не хачу, каб сын пайшоў у войска. Чамусьці я супраць войска.

Урэшце, трэці альбом, які планую, – яшчэ адзін перакладны праект. Наязджаю ўжо на Сержука Сокалава-Воюша з гэтай нагоды.

– У вашым рэпертуары ёсць перакладзеныя на беларускую спевы на словы Пушкіна, Цютчава, Чуеўскага… Але які ў гэтым сэнс – спяваць замест “Гори, гори, моя звезда” “Свяціся, зорачка мая”?

– З гэтай нагоды часта вядуцца спрэчкі, асабліва калі разам збіраюцца беларускамоўныя і расійскамоўныя беларусы. Але асабіста мяне ніхто не пераканае, што не трэба спяваць рускую класіку ў беларускім перакладзе. Найперш, каб размаўляць па-беларуску, трэба мець багата словаў і выразаў. І песні такія даюць плюс у гэтую скарбонку. Віктар Скарабагатаў з гэтай нагоды цікавую гісторыю апавядаў, як ён у Паланзе пачуў, як літоўцы спявалі на сваім застоллі нашую “Ой, бярозы ды сосны”, толькі на сваёй мове. Ды і расійскія поп-песні яны перакладаюць на сваю мову і спяваюць. Чаму б і нам не ўзяць з літоўцаў прыклад?

– А Вы адчуваеце, што гатовая паказаць сваю творчасць шырэйшым музычным складам, на большую аўдыторыю?

– Я гатовая, але не ведаю дзе мне ўзяць людзей, якія б зацікавіліся гэтым. Як Бог дасць такіх людзей, дык будзе і такое. Пакуль жа сумняюся, што раманс можа быць папулярным. Дзіцячыя ж песні трэба рабіць абавязкова. Вось блюзмэн Юры Несцярэнка зацікавіўся школьнымі песнямі, зрабіў ужо сучасныя аранжыроўкі, з раялем, электрычнай гітарай, саксафонам. Так што рух пакрысе ідзе.

Размаўляў Сяргей Будкін

 

Выступ Таццяны Матафонавай у Брукліне, у будынку сабора Кірылы Тураўскага, кастрычнік 2009

 

Даведка:

Таццяна Грыневіч-Матафонава нарадзілася 10 лістапада 1977 у Ашмянах. Скончыла Маладзечанскую музычную вучэльню імя М. К. Агінскага, БДУКіМ, працуе ў дзяржаўнай філармоніі, у складзе камернага хору. У 2007–2009 супрацоўнічала таксама з хорам праваслаўнага сабора Гайнаўкі (Польшча). Як сольная спявачка канцэртуе з 2008 года, выступае ў школах, бібліятэках, музеях, прадпрыемствах па ўсёй краіне. Таксама выступала на 400-годдзі Докшыцкай каталіцкай парафіі (2007) і на 600-годдзі Сынкавіцкай царквы (2008). Чатыры рамансы ў яе выкананні ўвайшлі ў складанку “Наталля Арсеннева. З крывіцкай сям’і” (2009).

Дыскаграфія:

“Дзіцячы альбом” (2009)
“З Новым годам” (2011)
Беларускі раманс “Шыпшына” (2012)
“Паспеўкі” (2012)