Праект “Цытуй сваё!” не скончыўся, а толькі распачаў Год беларускага мыслення, кажуць яго арганізатары. Цытаванне пяройдзе ў новую фазу, і адбудзецца гэта ўжо ў жніўні. Хутка да асэнсавання інтэлектуальнай спадчыны краіны далучацца мастакі і дызайнеры – высілкамі творцаў цытаты і іхнія знакамітыя аўтары атрымаюць шмат візуальных інтэрпрэтацыяў.
Што паспела адбыцца за два месяцы народнага цытавання, і якія крокі прадугледжвае наступная фаза праекту? Пра гэта мы пагутарылі з аднім з арганізатараў “Цытуй сваё!”, каардынатарам Лятучага ўніверсітэта, кандыдатам сацыялагічных навук Таццянай Вадалажскай.
– Таццяна, падсумуйце, калі ласка, вынікі пілотнай часткі супольнага праекту “Цытуй сваё!”, якой распачаўся Год беларускага мыслення.
– Датычна вынікаў не варта казаць пра нешта дакладнае, бо нашая задача была ў тым, каб крыху раскрыць тэму, звярнуць увагу людзей да скарба, які мы маем, да магчымасцяў, якія ёсць у беларускага мыслення, да пытанняў і праблемаў, якія і шмат год таму, і зараз разгортваюцца вельмі трапнымі выразамі, думкамі.
Мне падаецца, нам удалося актуалізаваць гэта: можа, не ў самым шырокім коле, але, тым не менш, даволі шмат людзей захапіліся гэтай ідэяй, уцягнуліся і ў цытаванне, і ў распаўсюд новых цытатаў. І, я думаю, першы крок зроблены.
– Ці здзівілі чымсьці асабіста вас тыя два месяцы праектнага жыцця, цягам якіх беларусы дасылалі ўпадабаныя цытаты?
– Беларускае мысленне развіваецца і больш вядома менавіта праз літаратуру – прозу і паэзію. Таму даволі шмат думак і цытат, сапраўды, былі ўзятыя з творчасці паэтаў, а не з трактатаў філосафаў ці выступы палітыкаў. Гэта стварыла маё разуменне таго, пра што думае беларуская нацыя.
Па-другое, мяне здзівіла няроўнасць ведання беларусамі сваёй інтэлектуальный спадчыны. Мы добра ведаем суайчыннікаў, якія працавалі ў XX стагоддзі. Але тых, хто былі раней, дык не… Яны застаюцца яшчэ нераскрытым скарбам! Спадзяюся, што якраз зварот да выбітных людзей, да адмыслоўцаў будзе для нас больш цікавай рэччу з мінулага.
– Вакол праекта паспеў скласціся фан-клуб беларускай думкі. Колькі чальцоў ён зараз налічвае, і што гэта за людзі?
– Дакладна не магу сказаць, але дзесьці каля трыдцаці з нечым чалавек, якія дасылалі нам цытаты. І шмат хто з іх дасылаў не адну, а нават падборкі цытатаў па некалькі разоў.
Гэта абсалютна розныя людзі. Сярод іх – дзеячы культуры, вядомыя людзі. А ёсць і проста аматары беларускага мыслення і беларускай літаратуры, бо ўсё ж большасць цытатаў, як я ўжо казала, – менавіта з літаратуры.
– У жніўні праект уступіць у новую фазу – у прыватнасці, плануецца распрацаваць канцэпт-макет адмысловай кнігі беларускай думкі. Што ўвогуле запланавана зрабіць?
– Мы вырашылі, што зачыняць праект няма сэнсу, і што ўсё толькі пачынаецца. Наступная фаза будзе складацца з некалькіх напрамкаў. Па-першае, мы паспрабуем публікаваць не раз на дзень адну цытату, а падборкі цытатаў знакамітых людзей Беларусі. Гэтаму ўжо трошчакі задала тон Ірына Дубянецкая ў апошнім матэрыяле. І мы будзем цікавіцца ў філосафаў, у культурных і палітычных дзеячоў пра тыя думкі, якія яны памятаюць, выкарыстоўваюць і да якіх звяртаюцца ў сваіх роздумах. Я думаю, гэта будзе цікава. Гэта іншы позірк на беларускае мысленне.
Акрамя таго, мы збіраемся стварыць і выдаць цытатнік. Будзем рабіць гэта таксама супольна, талакой і, магчыма, выкарыстоўваючы такія сродкі, як краўдфандынгавая платформа, бо сэнс гэтага цытатнічка ў тым, каб ён быў народным.
Да яго стварэння будуць прыцягнуты дызайнеры, каб кніга атрымалася зручнай і выглядала прыемна, каб яе можна было і сабе пакінуць як прыгожую рэч, і камусьці падараваць.
Пакуль фармата няма, але паралельна мы будзем рабіць невялікі пленэр з мастакамі і дызайнерамі, таксама прысвечаны беларускаму мысленню і ўвасабленню нейкіх вобразаў, на якія падштурхоўваюць думкі, персоны Беларусі… Можа, штосьці з гэтых вобразаў будзе выкарыстана ў цытатнічку ў якасці вокладкі, ілюстрацыяў.
– Калі адбудзецца гэты пленэр?
– Напачатку верасня.
– Ці ёсць ўжо спіс імёнаў мастакоў і дызайнераў, якія возьмуць у ім удзел?
– Пакуль у нас яшчэ няма дакладнага спісу, усё вельмі прыкладна. Дакладная інфармацыя з’явіцца пазней, і мы абавязкова ёй падзелімся.
Мы спадзяемся, што наш праект і далей будзе распаўсюджвацца, што людзі будуць далучацца. Для гэтага намі створана суполка ў Facebook, і я спадзяюся, што цытаванне вядомых беларусаў стане модай. Мы жадаем пашыраць кола арганізатараў “Цытуй сваё!” і супольна абмяркоўваць, што і як рабіць у будучыні.
Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум і “Мова Нанова” пашыраюць кола фан-клуба беларускай думкі. Заклікаем усіх далучацца да суполкі “Цытуй сваё!” у Facebook і запрашаць туды сяброў! Працягваем дасылаць і абмяркоўваць улюбёныя цытаты беларускіх аўтараў на электронную скрыню [email protected]!
Спампаваць зборнік “Цытуй сваё!” у фармаце PDF можна тут.