«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Тадэвуша Касцюшку.
Тадэвуш Касцюшка — дзяржаўны і ваенны дзеяч Беларусі, нацыянальны герой Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі.
Т.Касцюшка нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля мястэчка Косава Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (паводле іншых звестках, у в.Сяхновічы). Аднак у абодвух выпадках размова ідзе аб тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці Беларусі.
Пачатковую адукацыю Тадэвуш, як і ўсе дзеці дробнапамеснай шляхты, атрымаў дома. Для далейшай адукацыі была абрана школа піяраў у мястэчку Любяшоў Пінскага павета Брэсцкага ваяводства. Наступным этапам было вышэйшае ваеннае вучылішча ў Варшаве (1765–1766), дзе разам з агульнаадукацыйнымі курсамі выкладаліся і ваенныя навукі — тактыка, артылерыя. Выдатныя здольнасці і ўпартыя заняткі дазволілі Т.Касцюшку стаць адным з лепшых кадэтаў. Падчас вучобы ў кадэцкім корпусе ён атрымаў ад сяброў мянушку «швед з-пад Брэста»: як і Карл XII, Т.Касцюшка прачынаўся ў чатыры гадзіны раніцы і, каб прагнаць сон, апускаў ногі ў тазік з ледзяной вадой.
Сядзіба Касцюшкаў у Мерачоўшчыне. Карціна Напалеона Орды
З мэтай удасканалення сваіх ведаў у ваенных навуках, і асабліва ў ваенным і цывільным будаўніцтве, ён накіроўваецца ў Парыж. Падзеі пяцігадовага знаходжання капітана Т.Касцюшкі ў сталіцы Францыі рэканструяваны пераважна па ўскосных звестках і нешматлікіх лістах на радзіму. Вядома, што ён браў урокі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры, быў слухачом асобных курсаў па інжынерных навуках і матэматыцы пад кіраўніцтвам вядучых спецыялістаў Версальскай школы гвардыі. Кола яго сяброў і знаёмых складалі людзі, якія былі звязаны з вайсковай службай і добра ведалі яго як ваеннага спецыяліста.
Пасля кароткага падарожжа ў Англію, Італію, Швейцарыю і Германію ў 1774 годзе Андрэй Тадэвуш вяртаецца ў Варшаву. Атрымаць пасаду ў корпусе артылерыі ці ў арміі яму не пашанцавала. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў Касцюшкі не было грошай, каб купіць адпаведную пасаду. Паводле другой версіі, ён быў горача закаханы ў Людвіку Сасноўскую, дачку Юзафа Сасноўскага, смаленскага ваяводы, а з 1775 года гетмана польскага Вялікага Княства Літоўскага, у сям’і якога працаваў хатнім настаўнікам французскай мовы і малявання. Зразумела, бацькі дзяўчыны былі супраць шлюбу дачкі з бедным шляхціцам. І пасля няўдалай спробы выкрадання нявесты Т.Касцюшка пакідае краіну. Восенню 1775 года ён выехаў у Францыю, а адтуль летам 1776 года — у Амерыку, дзе пачалася вайна супраць англійскага каланіяльнага панавання. Рашэнне аб удзеле ў вайне за незалежнасць Амерыкі было абумоўлена не толькі асабістымі прычынамі, але і палітычнымі ідэаламі. Ідэі барацьбы за незалежнасць і свабоду амерыканскага народа былі яму блізкія.
Генерал Тадэвуш Касцюшка (англ.: General Thaddeus Kosciusko). Карціна Бенджаміна Вэста, 1797
18 кастрычніка 1776 года Т.Касцюшка ў званні палкоўніка быў залічаны ў амерыканскую армію. Асабліва каштоўнымі былі яго веды як ваеннага інжынера. Першым сур’ёзным выпрабаваннем таленту Т.Касцюшкі было складанне праекта і будаўніцтва ўмацаванняў на берагах р.Дэлавер для аховы Філадэльфіі, дзе ў гэты перыяд знаходзіўся цэнтр барацьбы. Вясной 1777 года ён у якасці галоўнага ваеннага інжынера паўночнай арміі браў удзел у будаўніцтве фартыфікацыйных умацаванняў пад Саратогай. Перамога амерыканскай арміі ў бітве пад Саратогай 17 кастрычніка 1777 года была першым вялікім поспехам у барацьбе за незалежнасць. Яна ўзняла аўтарытэт амерыканскай арміі ў Еўропе і садзейнічала афіцыйнаму прызнанню еўрапейскімі краінамі самастойнасці ЗША. Імя Т.Касцюшкі становіцца шырока вядомым у Амерыцы. На працягу наступных двух гадоў (1778–1780) ён кіруе будаўніцтвам самай моцнай цытадэлі ЗША у Вест-Поінце. Пазней тут была створана ваенная акадэмія, дзе ў 1830 годзе ў яго гонар быў устаноўлены помнік.
У хуткім часе Т.Касцюшка быў прызначаны галоўным інжынерам паўночнай арміі пад кіраўніцтвам генерала Грына. Тут ён займаўся не толькі інжынернымі работамі — умацаваннямі, мастамі, пераправамі, але і камандаваў баявымі лінейнымі аддзеламі, быў паранены. 13 кастрычніка 1783 года кангрэс ЗША надаў Т.Касцюшку званне брыгаднага генерала, а яго баявыя заслугі былі адзначаны ордэнам Цынцынаці. Т.Касцюшка атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У Злучаных Штатах ён пасябраваў з многімі выдатнымі дзеячамі, быў блізка знаёмы з Т.Джэферсанам, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці.
У 1784 годзе Т.Касцюшка вяртаецца на радзіму і да 1789 года жыве ў радавым маёнтку Сяхновічы. 12 кастрычніка 1789 года ў званні генерал-маёра прызываецца ў армію Рэчы Паспалітай. У 1792 годзе падчас ваенных дзеянняў, якія папярэднічалі другому падзелу Рэчы Паспалітай, Т.Касцюшка вызначыўся ў бітвах пад Зелянцамі (18 чэрвеня) і Дубенкай (18 ліпеня) на Заходнім Бугу. За гэту кампанію ён быў узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» і атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Аднак 30 ліпеня 1792 года ў знак пратэсту супраць змовы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з Таргавіцкай канфедэрацыяй Т.Касцюшка падае ў адстаўку і выязджае за мяжу.
Касцюшка і яго сялянскія касінеры на карціне Яна Матэйкі «Касцюшка пад Рацлавіцамі»
Восенню 1792 года ён наведвае Галіцыю, Львоў, Пулавы, а ў кастрычніку прыязджае ў Лейпцыг — цэнтр польскай палітычнай эміграцыі. У студзені 1793 года Т.Касцюшка ўжо ў Парыжы, дзе шукае падтрымкі з боку рэвалюцыйнай Францыі ў падрыхтоўцы паўстання ў Рэчы Паспалітай. У жніўні гэтага года ён вяртаецца ў Лейпцыг і восенню прымае прапанову патрыятычных колаў узначаліць паўстанне. Падрыхтоўкай паўстання кіравалі Т.Касцюшка, Г.Калантай, І.Патоцкі.
Паўстанне пачалося 24 сакавіка 1794 года ў Кракаве, на землях, якія адышлі да Аўстрыі. Удзел у ім бралі шляхта, мяшчане і частка сялянства. На чале паўстання стаяў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, які быў аб’яўлены паўстанцамі галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. У гэты ж дзень быў абвешчаны «Акт паўстання грамадзян Кракаўскага ваяводства», і Т.Касцюшка прынёс прысягу, у якой узяў на сябе абавязак не выкарыстоўваць дадзеную яму ўладу на карысць чыіх-небудзь асабістых інтарэсаў, а толькі для абароны цэласнасці граніц, аднаўлення незалежнасці нацыі і ўсеагульнай свабоды. Ён таксама выступіў з адозвамі «Да арміі», «Да грамадзян», «Да духавенства», «Да жанчын», у якіх заклікаў да барацьбы за свабоду Радзімы. Каб надаць паўстанню агульнанародны, дэмакратычны характар, 7 мая 1794 года Т.Касцюшка выдае Паланецкі ўніверсал, якім абвяшчалася апека ўлады над сялянствам. Але ваенная і палітычная кампанія складвалася не на карысць паўстання. 10 кастрычніка 1794 года ў баі пад Мацяёвіцамі Т.Касцюшка быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. На наступны дзень, 11 кастрычніка, яго пад прозвішчам «шляхціца Шыманскага» са шматлікай аховай адправілі ў Пецярбург (праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск, Ноўгарад). Арышт Т.Касцюшкі адмоўна паўплываў на ход усяго паўстання. Ужо 4 лістапада 1794 года паўстанцы былі вымушаны здаць Варшаву.
10 снежня 1794 года Т.Касцюшка быў дастаўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. На допытах ён трымаўся ўпэўнена, яго адказы былі добра прадуманы і нікога не кампраметавалі. Смерць імператрыцы Кацярыны II змяніла лёс Т.Касцюшкі. 27 лістапада 1796 года ён быў вызвалены. Імператар Павел I прапанаваў яму высокую пасаду ў арміі, маёнтак і сялян. Т.Касцюшка адмовіўся, імператар загадаў выдаць яму буйную суму грошай.
19 снежня 1796 года Т.Касцюшка пакідае Расію і наведвае Швецыю, Англію. 18 чэрвеня 1797 года ён выязджае ў Амерыку. Падчас знаходжання ў ЗША ён сустрэўся са сваімі баявымі сябрамі. Кангрэс Злучаных Штатаў прымае рашэнне аб выплаце яму грошай за службу і прызначае пенсію. У Амерыцы Т.Касцюшка склаў завяшчанне на імя Т.Джэферсана, адзначыўшы, што частку грошай неабходна накіраваць на выкуп неграў-рабоў і іх адукацыю.
Пасля Т.Касцюшка шмат падарожнічае па Францыі, Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі. У 1800 годзе ён выдае трактат «Ці могуць палякі дабіцца незалежнасці», у якім разглядаюцца моцныя і слабыя бакі вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай. У 1808 годзе ў Нью-Ёрку выдаецца яго брашура «Манеўры коннай артылерыі», у якой абагульняецца вопыт выкарыстання артылерыі ў Амерыцы і Еўропе.
У 1814–1815 гадах Т.Касцюшка сустракаецца з Аляксандрам I (спачатку ў Парыжы, а потым у Баварыі). Яшчэ да асабістай сустрэчы з царом ён піша яму ліст, дзе просіць аб’явіць поўную амністыю тым палякам, якія служылі ў вайсковых часцях, што падтрымлівалі Напалеона, адмяніць прыгоннае права.
Апошняя рэзідэнцыя Тадэвуша Касцюшкі, Золатурн, Швейцарыя, на будынку якой усталёвана мемарыяльная дошка, прысвечаная яму. Апроч таго, зараз у будынку размешчаны музей Касцюшкі.
Памёр у г.Залатурн у Швейцарыі. У 1818 годзе яго прах быў урачыста перавезены ў Кракаў і там пахаваны ў каралеўскім замку Вавель.