Андрусь Такінданг: «Мастацтва, родная мова, свабоднае грамадства – гэта першы бастыён, абарона ад гвалту і вайны»

06.03.2022

Беларускі музыка Андрусь Такінданг напісаў ліст падзякі беларускай супольнасці, якая нягледзячы на абставіны і перашакоды працягвае прамаўляць і «ствараць прастору адэкватнасці».


uam1v1xpbn2viob2nsw66vvtsvcfdga2.jpg

Дзякуй вам, дарагія беларускія мастакі, музыкі, пісьменнікі! Вы прамаўляеце, ствараеце прастору адэкватнасці.

Дзякуй тым, хто робіць мастацтва, культуру на беларускай мове, часам ахвяруючы хуткай папулярнасцю.

Мы перажылі чужыя імперыі, перажылі СССР і за апошнія 30 гадоў не страцілі ідэю вольнага грамадства, незалежнай дзяржавы. Насуперак крыважэрным шаленцам зноўку будуць прыдумляцца кнігі, пісацца карціны, стварацца песні і вершы па-беларуску. У гэтым нашае супрацьстаянне пеклу і вар’яцтву.

Веру надыдзе час, а ён ужо надыходзіць, калі большасць шараговых беларусаў між чужой захопніцкай прапагандай і ўласнай культурай будуць абіраць сваё.

Мастацтва, родная мова, свабоднае грамадства — гэта першы бастыён, абарона ад гвалту і вайны. Дзякуй вам, беларуская супольнасць, свядомыя людзі, змагары — вы трывалі, нават калі былі ў меншасці, вы зносілі кпіны, вас саджалі і забівалі. А вы сваім існаваннем ратавалі родны край ад згубы ад суседзяў ад вайны.

Хай цяпер трывожны перыяд і зямля скутая, але цяпер добры час, каб прынамсі памаліцца.

Чытайце яшчэ:

«Пакуль ёсць Беларусь – культура не можа знікнуць». Музыка Андрусь Такінданг пра творчасць і ўмовы развіцця культуры ў Беларусі