Спачатку я проста збіралася перакласці на беларускую мову ўласны нарыс пра Мілаша, напісаны для ізраільскага часопіса “Двукроп’е”. З некаторымі ўдакладненнямі, вядомая справа, але моцна не замарочвацца. І не змагла. Нецікава. І сумленна пачала чакаць натхнення, седзячы ля акна з паўлітровым слоікам журавін у цукровым сіропе. Гандлярка на маленькім базарчыку ўпэўнівала, што з Карэліі прывезла, што сама там збірала. Не ведаю, чым карэльскія журавіны лепшыя за нашыя, бо выглядаюць аднолькава і на смак не адрозніваюцца. Хіба эфект ад іх ужывання іншы. Духоўны, можа, які.
Ем. Чакаю дзеяння карэльскіх журавін. Праляцеў верталёт. Нячасты госць у нашых краях. Кожнае яго з’яўленне — маленькая падзея. Ці гэта прывід, і журавіны пачалі дзейнічаць? Не, верталёт быў сапраўдны. Бо каты галовы пазадзіралі, і суседка, якая іх карміла за домам, таксама азірнулася на нязвыклы шум.
Тут я і адчула ўнутраны штуршок. Значыць, рухаюся ў патрэбным напрамку. Кінула есці, бо ўжо аскома пачалася, ды і верталёт схаваўся за гародамі. Наўздагад уключыла кіно. Гляджу і адчуваю, як недзе ў нетрах сэрца быццам свярбіць ад хуткага прасвятлення. Ці гэта цяпер, пасля таго як адбылося тое, што адбылося, мне падаецца нібыта я ведала наперад, што ў фільме Тоні Скота “Сапраўднае каханне” (True Romance) па сцэнары Квэнціна Таранціна, я ўбачу ідэальнае ўвасабленне свайго ўлюбёнага паэта. Менавіта так, як хацела, каб выглядаў ідэальны настаўнік-бацька-дарадца. Гэта ў стужцы з’явіўся дух Элвіса Прэслі, які ў цяжкія хвіліны прыходзіў да галоўнага героя (Крысціяна Слэйтэра), ззяючы касцюмам залатым. Пахлопваў апекаванца рукой, сцяжэлай ад масіўных пярсцёнкаў, і падтрымліваў заўжды аднымі і тымі словамі. Вялікімі словамі, лічу:
— Ты ўсё робіш правільна! Ты шчасліўчык — быў, ёсць і будзеш!
Нешта такое я перыядычна (так мне падаецца) адчуваю з боку неўміручага для мяне Мілаша. І ўжо даўно. Які верш ні вазьму, у кожным простымі словамі дасціпна сфармуляваная глыбокая думка, якая толькі пачынала нараджацца у маёй галаве. Я толькі падумаю, а ў яго ўжо во — бяры і карыстайся:
Я заўсёды марыў аб нейкай ёмістай форме,
што была б не занадта паэзія, не занадта проза
і дазваляла б спавядацца, не выракаючы нікога,
ні аўтара, ні чытача, на непатрэбныя пакуты.
“ARS POETICA?”
Калі я не мог без алкаголю, трымаўся на алкаголі.
Калі не мог без цыгарэт і кавы, трымаўся на цыгарэтах і каве.
Смелым быў. Працаздольным. Быў прыкладам.
Але навошта гэта патрэбна?
“Я ПАДОЎГУ СПЛЮ І ЧЫТАЮ ФАМУ АКВІНСКАГА”
“Не ўлюбляйся ў краіну: здольная з мапы знікнуць.
Ні тым больш у горад: схільны ляжаць у руінах.
Не купляй сувеніры. З тваіх шуфлядаў
можа падняцца дым, у якім ты задыхнешся”.
“ДЗІЦЯ ЕЎРОПЫ”
Але аднойчы мне падалося, што адной маральнай падтрымкі мала. Маладая была, нястрыманая і падалася ў Кракаў. Шукаць сапраўднага, тады яшчэ жывога Мілаша. Каб упэўніцца, што ён насамрэч ідэальны, напэўна…
Пазычыла грошай у калегі па мясцовай прыватнай газеце. Добра памятаю: 150 даляраў. Прасіла 200, але ў яго не было. Па дарозе зрабіла прыпынак ў мамінага стрыечнага брата Стаха. Іхныя з жонкай твары перакасіла, калі я без запрашэння (а старыя палякі не любяць неспадзяванак) з’явілася на ганку іх варшаўскай кватэры. Адразу, каб не было недамовак, абвясціла:
— Не хвалюйцеся! Заўтра на ранку паеду да Кракава.
— Грошы маеш? — слушна запытаўся дзядзя. Мяркуючы па маім раптоўным прыездзе, ён не быў упэўнены, што ў мяне усё ў парадку з галавой.
— Маю!
— Колькі?
Я адказала.
— І я к ты збіраешся падарожнічаць на гэтыя пянёндзы? І дзе ты там збіраешся мешкаць?
— Не ведаю. Але нешта будзе. Я чамусьці адчуваю, што ўсё складзецца добра.
Цёця пацягнула мужа ў суседні пакой, каб я не пачула, які менавіта адказ ледзь не сарваўся з разгневаных вуснаў дзядзі на маё “добра”. Затое выдатна было чуваць, як цёця гучна прашыпела:
— Дай ёй грошай!
— А пра што яна думала, калі ехала?
— Дай грошы!
— Здаецца, дарослы чалавек, — пачаў крыху супакойвацца дзядзя.
— Дай жа, кажу.
Выйшлі пасміхаючыся. Яны насамрэч добрыя людзі былі. Дзядзя даў грошы, купіў білет на аўтобус да Кракава, цёця спакавала поўную торбу ежы. Па дарозе на аўтавакзал мы з дзядзем зайшліся ў кнігарню, і ён нават прапанаваў мне выбраць кніжку. “Вар’яты любяць чытаць, гэта дапамагае ім супакойвацца”, — яскрава паказваў дзядзькаў твар. Канечне, мы купілі Мілаша. Яго на той час свежую кніжку “Другая прастора” (Druga przestrzeń). І я накіравалася ў горад паэта. Памятаю па дарозе, у мястэчку з дзіўнай назвай Радам, на вуліцы да мяне прычапіўся сівы паляк, і калі я выходзіла з грамадскай прыбіральні, прыціснуў да сцяны:
— Пойдзем жыць да мяне! Усё будзе ў цябе. Я так люблю рускіх дзяўчат!
Гэтая сустрэча азначала адно — рух выбраны правільны, калі бесы атакуюць так адкрыта. Чуць адбілася ад тэмпераментнага казла, прабачце, кавалера.
У Кракаве я пыталася ў людзей, якія, як мне здавалася, мелі нейкую цікавасць ці дачыненне да літаратуры:
— А вы не ведаеце, дзе жыве Чэслаў Мілаш?
Калі нядаўна я расказала пра гэта пісьменніку Ігару Бабкову, а Ігар меў шчасце пабачыць і нават пагаварыць з Мілашам, ён засмяяўся:
— Што, так і пыталася?
— А як яшчэ?
— І знайшла?
— Не. Але было мне ўяўленне, якое слова ў слова адбывалася як у вершы Мілаша:
“W KRAKOWE”
Na granicy świata i zaświatów, w Krakowie,
Tup tup po wytartych flizach kościołów,
Pokolenie za pokoleniem.
На мяжы зямнога свету і нябеснага ў Кракове
туп-туп па сцёртых плітах касцёлаў
пакаленне за пакаленнем.
Дык вось крыху пра галоўную чароўную падзею, якая здарылася ў Кракаве, дзякуючы ці то кніжцы, якую пастаянна цягала з сабой, ці то магутнаму жаданню наблізіцца да галоўнага паэта жыцця, але калі я з раніцы зайшлася ў кафедральны сабор на Вавельскім узгорку, які разам з каралеўскім замкам складаюць галоўную славутасць горада, а можа, і Польшчы, на мяне звалілася гэтае дзіва, гэтае ўяўленне. Яны — пакаленні — незлічона ішлі, дакладней, плылі. Нібы хвалі. І яны наслойваліся адно на адно, як слюдзяныя.. Шаркалі нагамі. І калі я ўвечары трапіла выпадкова на верш пра іх, то зразумела, што наша з Мілашам сустрэча адбылася. Тым больш добрая полька, з якой я пазнаёмілася ў кавярні пасля таго як выйшла на сонцапёк з прахалоднага сабора, даведаўшыся, чаго я прыехала, ні кроплі не здзівілася. А наадварот, супакоіла: “ Так. Мілаш цяпер жыве ў Кракаве, бо калісьці ў Амерыцы і Францыі “мешкаў”. Але, на жаль, нікога не прымае”. Хутчэй за ўсё яна падманула, каб супакоіць. Добра, што санітараў не выклікала. І нават шакаладам пачаставала.
Калі я, бязмежна задаволеная вандроўкай, вярнулася ў Варшаву да дзядзі, дзядзя ўжо не абураўся, а пакорліва адвёў на цягнік да Мінска і нават купіў самы дарагі спальны квіток. Шкада толькі, што праваднік уначы пачуй пах гарэлага, і ўсіх перавялі ў плацкарты. Ды мы з нейкім маладзёнам усю ноч піва ў тамбуры пілі, дык без розніцы…
У Ігара ж Бабкова я хацела даведацца: які ён, Мілаш, чыста вонкава — высокі? Мне заўсёды ўяўляўся Мілаш, нібы велікан казачны. І абавязкова ў залатым касцюме, як Элвіс.
— Звычайны. Сярэдняга росту.
— А голас?
— Паслухай на юцьюбе…
Я паслухала. І вы, калі хочаце.
Голас як голас. Нічога асаблівага. Не Элвіс Прэслі. Але як раскрываю “Другую прастору”, набытую ў Польшчы ў спякотным 30-гадовым чэрвені, дык уся яна адразу нібы гучыць у руках. Я кожны дзень, калі папраўдзе, чытаю яе пакрысе. У прыбіральні, калі зусім папраўдзе, яна ляжыць. Польскую такім няхітрым спосабам вывучаю. Знаёмыя пытаюцца:
— Для карты паляка вучыш?
І здзіўляюцца, калі чуюць: не. Я вось, напрыклад, мілашаўскі раман “Даліна Ісы” мару ў арыгінале пачытаць. Бо адзін толькі абзац адтуль, перакладзены на беларускую для грувасткага фаліянта “Мілаш. Біяграфія” Анджэя Франашка, які мне падаравала добрая, шчодрая дзяўчына і перакладчыца Алена Пятровіч, аж да марозу па скуры крануў:
“Калі ён быў зусім маленькі, яго саджалі на мядзведжае футра, і тады — ніякага клопату, бо ён падымаў рукі, каб не дакранацца да калматай жывёліны, і гэтак нерухомеў, напалову ў жаху, напалову ў захапленні”.
На гэтым можна было б і скончыць , але дараскажу пра прыгоду даўнюю раз і назаўсёды: праз некалькі месяцаў пасля вандроўкі трапляю на сустрэчу з рэжысёрам Кшыштафам Занусі. Гэта не чалавек, а само зачараванне. Калі хто аднойчы бачыў яго, дык пацвердзіць. Пасля сустрэчы і прагляду фільма, які ён прывозіў, я рушыла па аўтограф. І зусім “выпадкова” ў мяне для подпісу была толькі “Другая прастора”. Як жа ўзрадаваўся пан Кшыштаф, убачыўшы кнігу польскіх вершаў. Мы з ім паразмаўлялі, як сябры. Занусі ўмее па-расійску, калі што. І кніжку ён падпісаў наступным чынам:
“З гонарам за Мілоша!”
У тым сэнсе, што ўзяў на сябе адказнасць чужую кніжку падпісаць.
Пра кракаўскую вандроўку я напісала ў нашу газету і на прапанову сяброўкі-паланісткі нават даслала артыкул на журналісцкі конкурс Ежы Гедройца, заняўшы трэцяе месца і прэмію ў 150 даляраў. Такім чынам грошы, патрачаныя на Польшчу, вярнуліся чароўным чынам. Але пра галоўную мэту паездкі — пошукі Мілаша — там не было ні слова. О, маладушша! Кампенсую.