Няўмольны прысуд лёсу — нас усіх у гэтым свеце чакае найвышэйшая мера пакарання, піша на Народнай Волі Міхась Скобла. Каго раней, каго пазней — нікога не абміне. І няма найвышэйшай інстанцыі, каб той прысуд абскардзіць, няма да каго звяртацца з апеляцыяй. Закон жыцця і смерці ўсім зразумелы, але нейкая вялікая несправядлівасць ёсць у тым, калі сыходзяць ад нас людзі з творчым агменем у душы, не дапісаўшы чарговую кнігу, не выказаўшы сябе дарэшты. Без папярэджання, не падаўшы знаку на развітанне.
Так сышоў у іншасвет Алесь Разанаў. Паэт і мысляр, на якога Беларусі проста пашчасціла. Які неаспрэчна існаваў у беларускай прасторы, але як бы па-за часам, прамаўляючы свае філасофскія маналогі кудысьці ў будучыню, ведучы свае няспешныя размовы, абавязкова пра штосьці істотнае (любімае паэтам слова) з вечнасцю.
Апошнім часам яго можна было сустрэць у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ён збіраў матэрыялы для новай кнігі-даследавання «След самаеда» — пра фінаўгорскія карані ў беларускай тапаніміцы. Кніга тая абавязкова сталася б яшчэ адным адкрыццём, як і ўсе папярэднія кнігі Алеся Разанава. Ён не любіў хадзіць пратаптанымі сцежкамі, ён па прыродзе сваёй быў наватарам: прадукаваў новыя ідэі, прыдумваў новыя словы, вынаходзіў новыя літаратурныя формы.
«Я маю права ўсё закрэсліць і потым нанава пачаць», — смела абвясціў сямнаццацігадовы паэт з вёскі Сялец Бярозаўскага раёна. І — пачаў. З кнігі «Назаўжды» з’явіліся на свет нечуваныя раней пункціры, з «Вастрыя стралы» ўзніклі версэты і квантэмы, з кнігі «Паляванне ў райскай даліне» — вершаказы і зномы, з кнігі «Танец з вужакамі» — злёсы. Разанаўскія тайнапісы нярэдка ўспрымаліся ў штыкі крытыкамі-кансерватарамі. Зборніку «Шлях-360», каб прабіцца да чытача, спатрэбіліся два ахоўныя панцыры — прадмова Пімена Панчанкі і пасляслоўе Варлена Бечыка. Імпульсіўная паэзія Алеся Разанава рвала ланцугі традыцыі, спараджала дыскусіі ў друку, па ёй наладжваліся публічныя дыспуты.
Нонканфарміст у душы, Разанаў яшчэ ў 1968 годзе, будучы студэнтам БДУ, удзельнічаў у студэнцкіх выступленнях, скіраваных на абарону беларускай мовы ў сценах універсітэта (студэнты ўсяго толькі і хацелі, каб грамадскія навукі на беларускім аддзяленні чыталіся па-беларуску). За «беларускі нацыяналізм» загадам рэктара паэт быў адлічаны і толькі з дапамогай Максіма Танка атрымаў вышэйшую адукацыю — у Брэсцкім педінстытуце. Пасля яго заканчэння ў парадку выключэння (зразумела, хто тое выключэнне прыдумаў) быў мабілізаваны ў савецкае войска (хоць на той час існаваў загад — настаўнікаў не прызываць).
Асобна варта сказаць пра пераклады і перастварэнні Алеся Разанава, які самастойна вывучыў нямецкую, англійскую, літоўскую, сербска-харвацкую мовы. Дзякуючы яму з’явамі беларускай культуры сталі камедыі Уільяма Шэкспіра, адзначаныя Нобелеўскай прэміяй «Гітанджалі» Рабіндраната Тагора, кнігі твораў літоўскіх паэтаў. А перакладаў Разанаў своеасабліва, выступаючы хутчэй сутворцам, чым рэтранслятарам. Скажам, працуючы над знакамітымі «Баладамі Кукуціса» Марцэліюса Марцінайціса, Разанаў так увайшоў у вобраз кульгавага, з драўлянаю нагою, героя жэмайцкага фальклору, што сам ад яго імя напісаў сем балад (і змясціў іх сярод твораў Марцінайціса!).
Неяк нам давялося разам выступаць у Брэсце і Белаазёрску. І я з цікавасцю назіраў, як паэт-класік сыходзіў з алімпійскіх вышыняў і хітраваў перад студэнтамі, чытаючы свой ранні верш «Арышт Кастуся Каліноўскага»: «Усе ніты ў сувой, / у заклік пагалоскі / з’яднаць — і стаць сабой!.. / Як зваць вас?..» Тут аўтар цягнуў ненатуральна доўгую паўзу, нібы забыўшыся, і аўдыторыя не вытрымлівала, выдыхала як пароль: «Каліноўскі!»
Алеся Разанава прыжыццёва называлі геніем. Не ў вочы, вядома, усхваленняў ён не любіў. Называлі ў друку. І, што дзіўна, ніхто не пратэставаў. Веліч Разанава разумелі ўсе. Шкада, што геніям, як і прарокам, часта няма месца ў сваёй айчыне: пачынаючы з 2001 года паэт почасту і надоўга з’язджаў з Беларусі — у Германію, у Швейцарыю, у Літву. Але заўсёды вяртаўся. Жыццё на ласкавым хлебе (хай сабе і шчодрым) было не для яго.
Сын расійскага геолага з Тамбоўшчыны, які перад Другой сусветнай вайной прыехаў у Беларусь з геадэзічнай экспедыцыяй, Алесь Разанаў стаў адным з самых пранізлівых і метафізічных беларускіх паэтаў. Беларуская мова сілкавала яго, стала для яго тым бяздонным акіянам, дзе яму вольна плавалася. Глыбока і шырока, як плаваюць у акіянскай прасторы сінія кіты.
Алеся Разанава многа перакладалі за мяжой. Пэўна, яго філасафічная паэзія была аднолькава зразумелай і для еўрапейца, і для азіята, і для афрыканца. Як, напрыклад, вось гэты зном, які гучыць проста і пераканальна, як тастамент: «Кожны народ мае / хаця б адзін геніяльны твор, / і гэты твор — / мова».
Але найперш сваю творчасць — свой духоўны тастамент — паэт прызначаў для нас, сваіх суайчыннікаў. І ў наш смутны ірадаў час, калі ворагі беларушчыны робяць усё, каб знішчыць душу нацыі — нацыянальную культуру, мы не абрынемся ў духоўнае жабрацтва і нэндзу, а нават пабагацеем, калі будзем вартымі спадкаемцамі сваіх геніяў.
У тым ліку той спадчыны, якую пакінуў нам Алесь Разанаў.