Філосаф Таццяна Шчытцова: «Мы ўсе сталі «супольнасцю ўзрушаных», для якой беларуская мова стала этычнай і палітычнай каштоўнасцю»

Як у апошнія дзесяцігоддзі развівалася філасофская думка ў Беларусі і як філасофія асэнсоўвае бягучыя палітычныя падзеі? Як трэба ставіцца сёння да рускай культуры, якія перспектывы посткаланіяльнага асэнсавання гісторыі нашай краіны? Абмеркавалі гэтыя пытанні з доктаркай філасофскіх навук і галоўнай рэдактаркай часопіса «Topos» Таццянай Шчытцовай на прыкладзе яе асабістага прафесійнага досведу.


Фота01.jpg
 Таццяна Шчытцова. Крыніца: opendemocrcy.net

— У 1992 годзе Вы скончылі філасофскі факультэт БДУ. Як напрыканцы васьмідзясятых савецкая дзяўчына-камсорг зрабіла такі невідавочны выбар?

— У старэйшых класах я захаплялася матэматыкай і псіхалогіяй, а пра філасофію не мела дакладнага ўяўлення. Першапачаткова я планавала паступаць на факультэт псіхалогіі. Але ў БДУ тады не было такой спецыяльнасці. Дзякуючы маім бацькам я мела магчымасць параіцца з некаторымі навукоўцамі. Яны казалі, што з маім колам інтарэсаў, як я іх тады фармулявала, варта паступаць на філасофію ў БДУ.

Фота02.jpg
 Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Крыніца: websmi.by

На філасофскае аддзяленне тады маглі паступаць толькі па рэкамендацыі абкама партыі. Па-іншаму не бралі, бо філосафы былі ідэалагічнымі працаўнікамі: рыхтавалі кадры, каб праводзіць лінію партыі ў розных інстытуцыях. Зразумела, адкуль у дзяўчынкі, якая толькі скончыла школу, можа быць такая рэкамендацыя? Рэкамендацыю мне далі па знаёмстве: дзякуючы прафесійнаму колу маёй маці, якая была ў партыі. Інакш дзяўчынкі паступіць не маглі, а вось хлопчыкам было прасцей, калі яны паступалі пасля арміі.

У выніку ў 1987 годзе я паступіла ў БДУ на факультэт філасофіі і ніколі аб гэтым не пашкадавала.

На першым курсе мы штудзіравалі тэксты «класікаў»: Маркса, Энгельса, Леніна. Ад рукі пісалі канспекты. Вось такі быў падыход да адукацыі: выкладчыкі правяралі, наколькі дасканала ты рукой запоўніў той тоўсты сшытак. Яшчэ была дысцыпліна «Гісторыя камуністычнай партыі»... Так навучанне выглядала першыя паўтара гады, але потым перабудова набірала інтэнсіўнасць, і гэта неяк праяўлялася ў розных сферах, у тым ліку ў БДУ.

Фота03.png
 Збор твораў Карла Маркса. Крыніца: doshka.com

Я трапіла на гістарычны водападзел: застала яшчэ і тую адукацыйную традыцыю ў БДУ, якой была ўласціва цяжкая індактрынацыя савецкай ідэалогіяй. Але хутка, на хвалі перабудовы, сітуацыя змянілася, выкладчыкі адчулі сябе больш свабоднымі. У гэты перыяд вучыцца было цікава. Тады ў БДУ быў добры выкладчыцкі склад, у тым, што датычыцца менавіта філасофскіх спецыяльнасцей. Было як мінімум тры моцныя кафедры, якія між сабой канкуравалі за студэнтаў: адну ўзначальваў Анатоль Міхайлаў, другую — Анатоль Зелянкоў, трэцюю — Мікалай Рожын. Гэта стварала атмасферу прадуктыўнай інтэллектуальнай напружанасці. Пачалі з’яўляцца новыя спецкурсы, якія выкладалі маладыя выкладчыкі, нават аспіранты — напрыклад, Уладзімір Фурс, Максім Жбанкоў, Аляксандр Іваноў ды іншыя.

Пасля заканчэння БДУ я праз два гады пачала працаваць у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, у якім працую і дагэтуль.

Фота04.jpg
 Адміністратыўна-вучэбны корпус ЕГУ ў Мінску на праспекце Скарыны. Крыніца: ehu.lt

— Стварэнне часопіса «Topos», галоўным рэдактарам якога вы з’яўляецеся, таксама стала магчымым дзякуючы гістарычнаму падзелу, які вы узгадалі, то-бок дзякуючы з’яўленню незалежнай Беларусі і канцу савецкай эпохі?

— Так, стварэнне часопіса, стала, як гавораць, знакам часу, знакам новай, постсавецкай эпохі.

Наш філасофска-культуралагічны часопіс «Topos» быў заснаваны ў 2000 годзе. «Topos» — гэта тэрмін са старажытнагрэцкай філасофіі. Ён азначае «месца», і яго можна па-рознаму трактаваць. У той час на постсавецкай прасторы ўвогуле было прынята даваць назвы часопісам ці якім-небудзь цэнтрам на старажытнагрэцкай. Напрыклад, у Пецярбургу з’явіўся цэнтр і альманах «Эйдос». У Маскве аднавілі выданне часопіса «Логос». Гэта было кшталту назад да вытокаў: філасофія павінна была вызваліцца ад камуністычнай ідэалогіі і вярнуцца да самой сябе.

Фота05.jpg
Часопіс «Topos». Крыніца: ehu.lt

Ідэя заснаваць часопіс нарадзілася ў мяне таму, што ў нас тады ўжо склалася вельмі жывая навуковая суполка філосафаў, якія належалі прыблізна да адной генерацыі, што вельмі істотна. А калі ёсць суполка аднадумцаў, то ідэя часопіса лунае ў паветры. Гэта былі калегі, большая частка якіх скончылі філасофскае аддзяленне БДУ ў першай палове дзевяностых (Андрэй Горных, Альміра Усманава, Вольга Шпарага і іншыя). Мы пачалі сустракацца і праводзіць навуковыя мерапрыемствы: семінары, канферэнцыі. Нешта адбывалася на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, але часцей — на базе ЕГУ. Мінула некалькі год такога інтэнсіўнага інтэлектуальнага жыцця — і на чарговай сустрэчы мы вырашылі заснаваць часопіс. Мы мелі з нуля выбудаваць акадэмічны часопіс, які б адпавядаў міжнародным крытэрыям. Спатрэбіўся нейкі час, каб асэнсаваць і зразумець, як увогуле мы павінны працаваць.

Дарэчы, вымушаны пераезд ЕГУ у Вільнюс і тое, што ўніверсітэт стаў дэ-юрэ літоўскім, для нас стала дадатковым стымулам, каб прывесці часопіс у больш строгую адпаведнасць з еўрапейскімі акадэмічнымі стандартамі. Калі вы зараз паглядзіце на сайт, вы ўбачыце, што ў нас апублікаваны ўсе дакументы, звязаныя з этыкай, парадкам рэцэнзавання, парадкам прыёму тэкстаў і гэтак далей. То-бок часопіс атрымаў паўнавартасную еўрапейскую інстытуцыйную форму менавіта пасля пераезду ЕГУ ў Літву.

У нас зараз міжнародны склад рэдкалегіі. І ў апошнія гады мы імкнемся да таго, каб часопіс стаў больш міждысцыплінарны. Філасофскі складнік застаецца абавязковым, але адначасова мы адкрытыя для ўзаемадзеяння з рознымі дысцыплінамі.

Добрым прыкладам такой міждысцыплінарнасці з’яўляецца апошні выпуск часопіса (№ 2, 2021) прысвечаны тэме: ПРЕОДОЛЕВАЯ АВТОРИТАРИЗМ: БЕЛАРУСЬ И ВОСТОЧНОЕВРОПЕЙСКИЙ РЕГИОН 30 ЛЕТ СПУСТЯ. 

Там ёсць і мой артыкул «Суверэнная ўлада і этыка нягвалту: структурныя падставы грамадзянскай мабілізацыі ў Беларусі». У ім я імкнулася высветліць структурныя прынцыпы, якія ляжаць у падмурку нашай беларускай рэвалюцыі.

Наогул хачу адзначыць, што ў нас было некалькі, так бы мовіць, палітычных спецвыпускаў, прысвечаных канкрэтным падзеям. У 2005 (TOPOS No 1, 2005) выйшаў нумар на тэму «ЕГУ: казус Беларусь, академия и власть, идея университета», падставай для якога стала закрыццё Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта па палітычных прычынах (Заўвага рэдакцыі: 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслуг, універсітэт спыніў сваю дзейнасць). У 2006 (TOPOS No 2, 2006) мы прысвяцілі асобны выпуск прэзідэнцкім выбарам (тэма нумара гучала так: «Выбор и выборы»). І мы, канечне, зрабілі спецыяльны выпуск, прысвечаны прэзідэнцкім выбарам і Плошчы 2010 года. Тэма гэтага нумара была сфармулявана вельмі лаканічна: «19 декабря» (TOPOS No 2, 2011)

— Ці есць сёння запыт на філасофскую аналітыку?

Так, я думаю, што якраз сення у Беларусі ёсць значны запыт на філасофскую аналітыку.

На хвалі пратэстаў 2020 года з’явілася шмат галасоў у галіне паліталогіі, палітычнай аналітыкі, а вось філосафаў няшмат, і журналісты іх неяк не асабліва запрашаюць. Мне здаецца, гэта таму, што ў Беларусі яшчэ няма разумення, што філасофія — гэта той напрамак работы, які неабходны для самарэфлексіі і сталення грамадзянскай супольнасці.

Так жа, як і ў перыяд распаду СССР, у рэвалюцыйным 2020 годзе зноў актуалізаваліся дзве ідэі: ідэя нацыі і ідэя філасофіі. Зараз рэалізацыя філасофіі звязаная з тымі выклікамі, якія адкрыліся ў 2020 годзе. Ключавая палітычная задача, якая стаіць перад філасофіяй — самарэфлексія грамадзянскай супольнасці як палітычнага суб’екта, то-бок асэнсаванне беларусамі сябе як нацыі.

Менавіта філасофія прапануе неабходную мову апісання і паняційны апарат для гэтага. Напрыклад, паняцці суб’екта, суб’ектнасці — ад пачатку філасофскія.

Фота06.jpg
Таццяна Шчытцова падчас адкрытай лекцыі «Без будучыні». Феномен дэпрэсіі ў постсавецкіх грамадствах. (Беларускі фармат)»
 у Еўрапейскім універсітэце Санкт-Пецярбурга. Крыніца: ehu.lt

Палітолаг глядзіць на палітычныя працэсы больш практычна. Гэта такая блізкая оптыка, якая аналізуе нейкую канкрэтную логіку таго, як складаецца цяпер палітычнае поле, і як разгортваюцца суадносныя працэсы. Палітолаг можа даваць нейкія практычныя рэкамендацыі ці прапанаваць прагноз на будучыню — магчымыя сцэнары развіцця падзей.

Філасофская оптыка не дае канкрэтных практычных рэкамендацый, але яна можа быць вельмі карыснай для грунтоўнага разумення і тлумачэння таго, што адбываецца з грамадствам, і адпаведна — для распрацоўкі стратэгічнага бачання. Філасофія аналізуе падзеі, упісваючы іх у логіку развіцця еўрапейскай цывілізацыі і ў сучасны глабальны кантэкст.

Напрыклад, зараз абмяркоўваюць праблему суб’ектнасці ў бягучых палітычных працэсах. Адпаведна трэба зразумець, што такое суб’ектнасць, і як яна можа быць забяспечана. Каб зразумець гэта, патрэбны філасофскі рэсурс. Калі мы глядзім на Беларусь як на частку Еўропы, мы павінны таксама разумець, што такое ідэя Еўропы, дэмакратыі, аўтаноміі і гэтак далей. І ўсе гэтыя ідэі і паняцці першапачаткова фармуляваліся ў еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі менавіта ў філасофскіх тэкстах.

Зараз у Беларусі ёсць дэфіцыт менавіта філасофскай — то-бок канцэптуальнай і стратэгічнай — аналітыкі. Але тут трэба і перад філосафамі ставіць задачу, вучыцца гаварыць так, каб цябе разумела шырокая аўдыторыя.

— Вы ўзгадалі нацыянальную ідэю. Як вы бачыце сучасную нацыянальную павестку з улікам таго, як разгортвалася Беларуская рэвалюцыя 2020-га?

— Калі параўнаць дзве такія гістарычна блізкія краіны, як Літва і Беларусь, то ў Літве мела месца аб’яднанне нацыянальнага і ліберальнага дыскурсу. Літоўскі вызваленчы рух абапіраўся на нацыянальную самасвядомасць. Гэта якраз тое, чаго бракавала Беларусі.

У Беларусі не было такога рэсурсу для інтэграцыі грамадства. Беларусь, калі не браць заходнюю частку, большы перыяд была ў СССР. Моўная і нацыянальная палітыка, якая праводзілася ў Беларусі савецкай уладай, працавала на разбурэнне патэнцыялу салідарнасці, які нясе з сабой нацыянальная самасвядомасць. Вядома, заўсёды заставаліся прадстаўнікі інтэлігенцыі або палітычныя актывісты, якія ў сваіх колах культывавалі альтэрнатыўныя — антысавецкія — ідэі, іншы палітычны праект, іншы нацыянальны праект.

Але ніколі ў Беларусі не было крытычнай масы людзей, аб’яднаных агульнай нацыянальнай павесткай. Быў той зорны час, калі БНФ быў на пад’ёме, але гэта было зусім не працягла. Ужо ў сярэдзіне дзевяностых БНФ пачаў губляць сваю папулярнасць.

У Савецкай Беларусі статус беларускай мовы быў невысокі. Усе надзеі на кар’ерны рост і поспех былі звязаны з рускай мовай. У выніку дыскрымінацыі беларускай мовы пры савецкай уладзе грамадзяне Беларусі пачалі саромецца яе, альбо разглядаць як нешта другараднае. Тым часам у Літве па змоўчанні мова заставалася вельмі сур’ёзнай каштоўнасцю. Гэта была іх сацыяльная дамова не толькі на ўзроўні эліт, але і для ўсяго грамадства.

7.jpg
Фота07. Мітынг за незалежнасць Літвы ў 1990 годзе. Крыніца: lrs.lt

Узрушэнні 2020 года вывелі мову і культурную спадчыну ў фокус супольнай увагі. Людзі, якія былі ўцягнутыя ў пратэст, спявалі песні і чыталі вершы менавіта па-беларуску, нават калі раней ужывалі толькі рускую мову.

Я таксама належу менавіта да рускамоўных беларусаў, якіх наш пратэсны рух матываваў інакш успрымаць уласна нацыянальную культуру, і перш за ўсе — нацыянальную мову.

Мы ўсе сталі «супольнасцю ўзрушаных», для якой беларуская мова стала этычнай і палітычнай каштоўнасцю.

Таму я хачу адзначыць, як важна, што ў Беларусі заўсёды заставаліся групы людзей, якія ўваходзілі ў колы так званай «старой апазіцыі» і захоўвалі нацыянальную культуру. Безумоўна, ёсць падставы для палітычнай крытыкі іх дзейнасці, але яе варта ўраўнаважваць прызнаннем велізарнай ролі іх працы ў падтрымку мовы і культуры. Усё тое, што шмат год тулілася ў невялічкіх суполках, будзе запатрабавана і зможа расквітнець у Новай Беларусі.

— Як, на ваш погляд, трэба ставіцца сёння да рускай культуры, і як вы бачыце перспектывы посткаланіяльнага асэнсавання гісторыі нашай краіны?

— Па-першае, я хачу адзначыць, што прынцыпова адмаўляцца ад якой-кольвек культуры, у сэнсе цалкам адварочвацца ад яе, — няправільна адносна любой культуры. Чым багацейшы культурны ўзаемаабмен, тым больш гэта прадуктыўна для развіцця нацыі. Кожная нацыя ў значнай ступені жыве тым, што яна ўключана ў культурны ўзаемаабмен, але важна ў гэтым працэсе не страціць саміх сябе, а наадварот — выказваць і прасоўваць сябе.

У нас, натуральна, ёсць небяспека з боку Расіі, бо доўгі час мела месца культурная каланізацыя, якая пачалася з падпарадкавання беларускіх земляў Расійскай імперыі. Яна налічвае столькі год, і такі глыбокі яе негатыўны ўплыў, што зараз спатрэбіцца вельмі шмат часу, каб пераадолець усе разбуральныя эфекты каланізацыі нашай культурнай прасторы. У беларускага грамадства тут ёсць дзве небяспекі ў сэнсе нацыянальнага пытання. Нам трэба, з аднаго боку, пазбегнуць растварэння ў рускай імперскай культуры, але, з другога боку, нельга дазволіць падпарадкаваць нашу культурную прастору старому прынцыпу этнічнага нацыяналізму.

Гістарычна беларускім землям была ўласціва шматкультурнасць, шматмоўнасць. Таму адкрытасць разнастайнасці — гэта таксама ўласціва беларускай культурнай прасторы.

То-бок аднаўленне нацыянальнай самасвядомасці сёння павінна адбывацца такім чынам, каб актуалізавалася здольнасць да адкрытасці і ўнікальных формаў міжкультурнай збалансаванасці, якія былі ўласцівы гэтай прасторы (самы вядомы прыклад — уніяцтва).

Мы павінны супрацьстаяць культурнай каланізацыі. У Беларусі з гэтым вельмі цяжкая сітуацыя. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што значная частка беларусаў тым ці іншым чынам падтрымліваюць Расію ў яе вайне супраць Украіны. І гэта таксама наступствы культурнай каланізацыі, якая адбывалася таксама і ў часы СССР. Вядома, что Беларусь — самая «савецкая» з постсавецкіх краін. Настальгія па СССР у вялікай ступені тлумачыць сённяшнія сімпатыі да Расіі. Каб пераадолець разбуральныя эфекты культурнай каланізацыі з боку Расіі, нам спатрэбіцца не адно дзесяцігоддзе.

Патрабуецца не адно пакаленне, каб пераадолець пачуццё «старэйшага брата», якое значная частка беларусаў, асабліва старэйшага пакалення, адчувае ў дачыненні да Расіі.

Будзе цяжка пераадолець гэтую ўстаноўку ўнутры сябе, калі ты па змоўчанні ўспрымаеш рускую культуру як «вялікую», у адрозненне ад сваёй «лакальнай», калі прадстаўнікі рускай культуры аўтаматычна ўспрымаюцца як «аўтарытэт».

Фота08.jpg
Цырымонія падпісання Дагавора аб утварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі ў Георгіеўскай зале Крамля, 2 красавіка 1996 года. Крыніца: russlovo.today

Пасля распаду СССР доўгі час нашыя краіны разглядалі ў парадыгме постсавецкіх краін, якім на шляху транзіту трэба прывесці свае інстытуты ў адпаведнасць з тымі тыпамі інстытутаў, якія існуюць у заходніх ліберальна-дэмакратычных грамадствах. Нашыя краіны разглядаліся з пункту гледжання таго, наколькі хутка і паспяхова яны рухаюцца ў гэтым кірунку. Пры гэтым прадугледжвалася, што адносіны паміж новымі постсавецкімі дзяржавамі будуюцца на ўзаемным прызнанні суверэнітэту. Гэтая парадыгма не пацвердзілася. Ужо ў першыя дзесяцігоддзя XXI стагоддзя аналітыкі сталі разумець, што парадыгма даганяючай мадэрнізацыі і пераймання не падыходзіць для асэнсавання працэсаў у Беларусі, Украіне і Расіі. Сацыяльна-палітычныя працэсы ў гэтых краінах пачалі развівацца даволі спецыфічным чынам. Стала зразумела, што патрабуецца нейкі іншы падыход, і тут няма агульнай рамкі.

Акрамя ўсяго іншага, такі падыход спрыяў таму, каб нават пасля распаду СССР для заходніх навукоўцаў Расія заставалася галоўная тэмай, а Беларусь і Украіна ўсё адно былі ў цені. На Захадзе было вельмі шмат даследчых цэнтраў, якія называліся славянскія даследаванні або ўсходнееўрапейскія даследаванні, ці постсавецкія даследаванні, але гэтыя інстытуцыі пераважна засяроджваліся на вывучэнні Расіі, нібыта мяркуючы, что ў нашым транзітным постсавецкім рэгіёне менавіта Расія галоўная і вызначае, як і што адбываецца ў суседзяў. У гэтым раскладзе Беларуссю сур’ёзна ніхто не займаўся, і калі адбылася рэвалюцыя 2020 года, усе заходнія даследчыкі разводзілі рукамі: ніхто не мог такога прадказаць, ніхто не разумеў, як такое магло здарыцца, бо ніхто Беларусь усур’ёз і не вывучаў.

Для мяне неабходнасць дэкаланізацыі звязаная з тым, што нам трэба пераасэнсаваць рэгіён і пераасэнсаваць месца Беларусі ў гэтым рэгіёне. Нам трэба адмовіцца ад канцэпту «постсавецкія дзяржавы» і паглядзець на сучасныя працэсы ў рэгіёне, у Еўропе і ў свеце ў цэлым, каб зразумець, як Беларусь і суседнія краіны ўпісваюцца ў глабальны свет.

Спецыфіка моманту ў тым, што сучасны дэкаланіяльны дыскурс прапанаваны не еўрапейскімі краінамі, а наадварот, ён быў прапанаваны з пункту гледжання неабходнасці крытыкі заходняга еўропацэнтрычнага дыскурсу. Такім чынам, у нас складаецца вельмі цікавая сітуацыя. Нам трэба правесці працу дэкаланізацыі, каб пераасэнсаваць нашае месца ў рэгіёне — пераасэнсаваць нашае месца ў Еўропе, у свеце. Але пры гэтым нам трэба ўлічваць, што дыскурс дэкаланізацыі, які нам зараз так патрэбны, быў распрацаваны, каб пераадолець еўропацэнтрычнасць у прадукаванні ведаў. Вельмі цікавая сітуацыя для аналізу і для новага культурнага і інтэлектуальнага самавызначэння.

Д. Г., budzma.org