Восенню кветкі завянуць у полі,
Кветцы засохшай ізноў не цвісці, —
Думкі твае не завянуць ніколі,
Думкі аб нашым прыгожым жыцці.
Янка Купала. Памяці Эдуарда Самуйлёнка
Прыгожае жыццё было — ці толькі думкі аб ім?
Анягож: указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, апублікаваным 2 лютага 1939 г. пад назвай “Аб узнагароджанні савецкіх пісьменнікаў” “за выдатныя поспехі і дасягненні ў развіцці савецкай мастацкай літаратуры”, ордэнамі Леніна былі ўзнагароджаныя Янка Купала і Якуб Колас, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга — Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў і Эдуард Самуйлёнак.
А менш як за паўгода, у кастрычніку 1938 г., народным камісарам унутраных спраў БССР, маёрам дзяржбяспекі Аляксеем Наседкіным (адным з арганізатараў забойстваў у Курапатах) амаль напярэдадні ўласнага арышту (20 снежня; расстраляны 26 студзеня 1940 года. Юрка Віцьбіч сказаў бы: “Насіў воўк, панеслі і ваўка”) была дасланая Панцеляймону Панамарэнка папера з грыфам “Совершенно секретно. Только лично” “Об имеющихся компрометирующих материалов на членов Союза советских писателей БССР”, дзе пад пунктам 12 паведамлялася: “Самуйлёнок Эдуард Людвигович, 1907 г. рождения, уроженец г. Ленинграда, беспартийный, по национальности поляк. В 1927 г. вышел из комсомола. Сын стражника. Член Союза советских писателей Белоруссии. В последнее время почти ничего не пишет, так как болеет туберкулезом. Изобличается показаниями разоблаченных нами врагов: Пивоварова, Дударя, Микулича, Звонок и Зарецкого как участник антисоветской нацдемовской организации” (Платонаў, Расціслаў. Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20-30-х гадоў. Мінск, 1998. С. 264.).
Падставаю для высокай узнагароды сталася, напэўна, выдадзеная напярэдадні першая кніга рамана “Будучыня” (1938), падзеі якога разгортваюцца на радзіме Сталіна. Сучаснае літаратуразнаўства лічыць, што тая зямля “прываблівала да сябе многіх савецкіх пісьменнікаў”, сам жа аўтар шукаў для сябе новых выклікаў; журналіст Сяргей Богдан, згадваючы сказанае Віцьбічам пра пісьменніка, піша, што той, маўляў, зашмат бярэ на сябе, а “Самуйлёнак разумеў, што беларуская літаратура ня мусіць абмяжоўвацца роднай вёскай дый сьмела рушыў у Грузію, каб напісаць сэрыю твораў пра каўкаскую краіну. Ён ня быў кабінэтным творцам, як некаторыя нават сёньняшнія аматары напісаць пра нябачаныя імі джунглі ды людажэраў. Гэты чалавек спачатку, як Грэм Грын, на сваёй скуры адчуў пралетарскі стан, пілуючы дошкі, дый сьпёкся пад сонцам Калхіды. Ня дзіва, што й пісаў ён пра пралетарыят ды далёкія краіны так, што гэта чытаецца і празь дзесяцігодзьдзі.”
Нямала гэта: браць на сябе адказнасць сцвярджаць, што менавіта там думаў Самуйлёнак. Віцьбіч жа пакінуў сведчанне, як ягоны калега па ТАВІЗе “зусім п’яны Эдуард Самуйлёнак крычаў: “Чаму я мушу эміграваць у Грузію?”. Мо прадчуваў, што нічога добрага з гэтага не будзе — ні для яго, ні для ягоных спадарожнікаў, Барыса Мікуліча і Міколы Хведаровіча?
Сам пісьменнік пазбег рэпрэсій — напэўна, праз хваробу, адышоўшы ад сяброў і сустрэчаў, праз сваю раннюю смерць 12 лютага 1939 г.
Эдуард Самуйлёнак у пісьменніцкім асяроддзі быў асобаю з неадназначнай рэпутацыяй. Прыкладам, Наталля Вішнеўская ў лісце да Сяргея Грахоўскага ад 15 красавіка 1987 г. (захоўваецца ў БДАМЛіМ) піша: “У Барыса мільганула ўскользь непрыглядная роль Самуйлёнка. Якою ж агіднаю яна была на самай справе. Ён жа ўвесь час круціўся каля Зв. Як я яго папярэджвала, як асьцерагала ад гэтага сяброўства. С проста дакучаў, а часам, калі ня мог быць побач сам, падсылаў сваю дурненькую Марыньку , якая, канешне, нічога не разумела. Да чаго ж ён быў непрыемным чалавекам!”.
Дамо слова тым беларусам-эмігрантам, што асабіста ведалі пісьменніка — каб не дадумваць за іх.
Юрка Віцьбіч у лісце да Антона Адамовіча: “Хачу напісаць аб Эдуардзе Самуйлёнку. Гэта найвыдатны наш пісьменьнік, хаця і Цэляш, і ягоны кум ахарактарызавалі яго ні то як “рабкора”, ні то як “сялькора”. У мяне асабіста ды на ўласнай скуры мелася больш магчымасьцяў (чым у двох сваякоў) пераканацца ў апартунізьме Самуйлёнка, але ўсё-ж гэта добры, вельмі добры беларускі пісьменьнік. Памёр ён літаральна ў мяне на руках. І пэўне-ж такі загаловак майго нарысу як “Спадманулі русальчыны сьцежкі” характэрны для выдатнага беларускага пісьменьніка Эдуарда Самуйлёнка”.
Ён жа піша да брата Язэпа Пушчы Ізідара Гуткоўскага: “Яшчэ за часы вайны я напісаў нарыс, прысьвечаны Эдуарду Самуйлёнку, ці, дакладней, на ягоным прыкладзе, таму — як савецкая рэчаіснасьць забівае таленты. Дарэчы, паказальны нават самы назоў гэтага ненадрукаванага нарысу “Спадманулі русальчыны сьцежкі”, рукапіс якога ў мяне не захаваўся.
На сёлета прыпадаюць 50-ыя ўгодкі ад дня нараджэньня Эдуарда Самуйлёнка, і на гэты раз я аб ім абавязкова напішу. Напішу, бо, па-першае, ён не “рабкор” і не “пісака” (ацэнка М. Цэлеша), а адзін з найбольшых беларускіх (па форме) і савецкіх (па накінутым яму жыцьцём зьместу) пісьменьнікаў, які ўрэшце-рэштаў стаўся ахвярай, загінуў пад гэтым накінутым; па-другое, хоць Віцьбіч і Самуйлёнак ішлі рознымі літаратурнымі шляхамі — першага цкавалі, другога ўсхвалялі, але гэтае не перашкаджала ім сябраваць, і, магчыма, таму ніхто больш за Віцьбіча ня ведае сапраўдны твар Самуйлёнка, забітага ў літаральным і ўскосным сэнсе бальшавікамі.
Нават больш, я абстрагуюся ад таго, што нейкі час Самуйлёнак спрабаваў на маіх “памылках” нажываць сабе капітал, патрабуючы ад мяне на адной агульнапісьменьніцкай нарадзе, акрамя рознага іншага, каб я расшыфраваў ініцыялы “П. Г.” — аўтара добрае рэцэнзіі ў “Полымі Рэвалюцыі” на маю кніжку “Сьмерць Ірмы Лаймінг”. Не падлягае сумлеву, што ўсе прысутныя ведалі, хто такі “П. Г.”, але, значыцца, Самуйлёнак дамагаўся, каб я стаўся шкурнікам і сам кінуў каменем у літаратара, да якога заўсёды ставіўся і дагэтуль стаўлюся зь вялікай пашанай. Ён гэтага не дамогся, як ніхто таксама не дачакаўся ад мяне пакаяльных лістоў у рэдакцыі.
Пазьней мне давялося бліжэй пазнаёміцца з Эдуардам Самуйлёнкам, калі разам належалі да ТАВІЗ’у.
Таму ўрэшце-рэштаў, калі прыгадваецца Самуйлёнак, як і шмат хто з тагачасных і сучасных тамтэйшых літаратараў, дык адначасна прыгадваюцца радкі:
Паэтаў тых, Магутны, не карай,
Што пекла ўслаўляюць, нібы рай,
Бо лёс іх можа самы найцяжэйшы:
Яны, услаўляючы чужы закон,
Які нікога не сагрэў і не пацешыў,
Выпростваюць у хаце вольную далонь,
Уночы іншыя складаюць вершы
І кідаюць дзеля бясьпекі ў агонь.
Ня ўбачыць іх: «Вясна ў тых канцонах
Рыдае так, што на душы сьцюдзёна».
Перадусім падкрэсьленае мной ужываю як эпіграф да нарысу “Спадманулі русальчыны сьцежкі”, але гэта адхіленьне ўбок. Гэтак мог напісаць у сваёй паэме “Праклятыя гады” толькі вялікі інтэлігент, што належаў да славутага “Пяцярнога Грону” Юры Клэн”.
Антон Шукелойць згадвае: “На Вайсковых могілках пахаваны Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. І яшчэ адна магіла была — ці не Чарвякова? На гэтых магілах ня было ніякіх знакаў. У мяне ўзьнікла думка паставіць крыжы на гэтыя магілы. Але-ж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа:
— Няважна, што камуністы. Па-першае, гэта хрышчоныя людзі, а па-другое, — беларускія патрыёты. У тых умовах, у якіх яны жылі, яны, магчыма, не маглі інакш сябе паказаць. Так што стаў крыжы.
І я паставіў крыжы”.
І маладзейшы ад іх Янка Юхнавец, які, што праўда, асабіста знаёмым не быў: “…успомніўся Самуйлёнак — я лічу яго нашым Эрэнбургам. Выдатны, памёр маладым. Я любіў чытаць яго. Ён пісаў тады так, як не пісалі нашыя празаікі.
…Самуйлёнак — выдатны празаік сучаснай савецкай літаратуры. Мне ўсёдна, пра што ён пісаў. Там бытавала беларуская проза.
…саветамі дэманстравалася спачувальнасьць раньняй сьмерці таленавітых творчых людзей сярод беларускай нацыі. Тым лепш запоўніць месца расейскімі”.
Віцьбіч расказваў, што магілу Самуйлёнка ў ноч пахавання раскідалі, выкінулі цела, сцягнуўшы і скраўшы пінжак. Засталося загадкаю, хто гэта зрабіў і дзеля чаго: ці тое былі звычайныя рабаўнікі, што не грэбавалі нічым, ці хтосьці са сваякоў рэпрэсаваных паквітаўся за шпегаўства.
Гэтую таямніцу нам ужо ніколі не раскрыць. А вось разгадка ягонай творчасці чакае.
Лявон Юрэвіч