Глава Рускай праваслаўнай царквы на сустрэчы з расейскімі вайскоўцамі, якія ваявалі ва Украіне, заявіў, што Ісус Хрыстос не асуджаў смяротнае пакаранне, і яно прысутнічала «на працягу ўсёй чалавечай гісторыі». Тэолаг Наталля Васілевіч патлумачыла, што не так з гэтымі словамі, і расказала, пра што насамрэч ідзе гаворка ў Святым Пісанні.
Ілюстрацыя Андрэя Строцава
«Ідэальна было б, каб людзі не здзяйснялі такіх злачынстваў»
Хоць Ісус Хрыстос «быў незаконна падвергнуты смяротнаму пакаранню», апосталы не сталі называць такую меру пакарання «грахом», лічыць патрыярх Кірыл.
«Вядома, забойства чалавека ў пакаранне за яго злачынствы — гэта крайняя мера. І таму ідэальна было б, каб людзі не здзяйснялі такіх злачынстваў, за якімі б вынікала смяротнае пакаранне. Але ў слове Божым ёсць такія словы: «Ізміце зло ад вас саміх». Гэта значыць, калі ёсць чалавек небяспечны для грамадства і калі яго немагчыма ніяк ізаляваць, яго трэба прыбраць. Гасподзь не кажа: «забіце яго», але «ізміце ліха ад вас саміх»», — сказаў ён.
«Непрымальнасць смяротнага пакарання была сфармаваная хрысціянствам»
Наталля Васілевіч. Фота з асабістага архіву Наталлі Васілевіч
Тэолаг Наталля Васілевіч адзначае, што патрыярх Кірыл маніпулюе словамі са Святога Пісання, паколькі апостал Павел гаворыць не пра смяротнае пакаранне. Ён заклікае адлучыць чалавека, які творыць сур’ёзны грэх, ад царкоўнай супольнасці, каб той мог пакаяцца і зноў павярнуцца на шлях праведнасці.
«Па сутнасці, гэта тое, што праваслаўная царкоўная супольнасць павінна была б зрабіць з самім патрыярхам Кірылам: ён падтрымаў злачынную вайну і фактычна генацыд украінскага народу, ён адвольна пазбаўляе сану святароў, якія моляцца за мір, ён падтрымлівае тыранію і прыгнёт, ягоныя словы і паводзіны за апошнія два з паловай гады прыводзяць у жах і хрысціян, і не хрысціян. Ён займаецца пастаянным вычварэнствам і блюзнерствам, выкарыстоўваючы Святое Пісанне дзеля апраўдання злачынстваў, дзеля чалавеканенавісніцкай прапаганды, называючы белае чорным і чорнае белым. Як чалавек, які мае ўладу ў царкве, ён уплывае на ўсю царкоўную супольнасць, разбураючы ейнае духоўнае і маральнае здароўе», — каментуе словы патрыярха Кірыла Наталля Васілевіч.
Яна тлумачыць, што да нас не дайшлі ў Святым Пісанні выказванні Хрыста датычна смяротнага пакарання.
«Хрыстос наогул у сваім навучанні мала крытыкуе нейкія дзяржаўныя практыкі — затое жорстка крытыкуе рэлігійных лідараў.
Тым не менш, нашае сённяшняе разуменне чалавечай годнасці, каштоўнасці чалавечага жыцця, непрымальнасці смяротнага пакарання было сфармаванае і натхнёнае хрысціянствам. Пра гэта сказана і ў Сацыяльнай канцэпцыі РПЦ, прынятай у 2000 годзе, галоўным аўтарам якой быў будучы Патрыярх Кірыл», — кажа Наталля.
Варта адзначыць, што яшчэ ў 2011 годзе патрыярх Кірыл лічыў, што смяротная кара дапушчальная ў асаблівых выпадках, але цяперашняя судовая сістэма ў Расіі не здольная забяспечыць яе справядлівае ўжыванне.
«Я супраць смяротнага пакарання ў сучаснай Расіі. Сёння, каб прыбраць канкурэнта, заказваюць кілера. Пры цяперашнім стане нашых судоў, калі будзе пакаранне смерцю, па законе будуць «прыбіраць» людзей. І гэта страшная небяспека», — адзначаў ён.
Пра магчымасць вяртання смяротнага пакарання ў Расіі загаварылі пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Тады краіну выключылі з сяброўства Рады Еўропы, намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што гэта «добрая магчымасць аднавіць шэраг важных інстытутаў для прадухілення асабліва цяжкіх злачынстваў» — напрыклад, вярнуць смяротную кару.
Пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе» Мядзведзеў і іншыя палітыкі зноў вярнуліся да гэтай тэмы — і сталі патрабаваць вярнуць вышэйшую меру пакарання.
Што пра смяротнае пакаранне кажа Беларуская праваслаўная царква?
Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу прыводзіцца ў выкананне смяротнае пакаранне. Нягледзячы на тое, што царкоўныя лідары ў Беларусі былі супраць ужывання смяротнага пакарання, мараторый на яе ўлады ўсё роўна не ўвялі.
Мітрапаліт Філарэт увайшоў у найноўшую беларускую гісторыю як апанент смяротнага пакарання.
«Мы, хрысціяне, не можам апраўдваць смяротную кару, бо гэта грэх забойства. Жыццё любога чалавека належыць яго Творцы, Богу. Не мы, грэшныя людзі даравалі быццё чалавеку, — не нам і пазбаўляць чалавека існавання», — казаў ён.
У 1995 годзе мітрапаліт Філарэт звярнуўся да Вярхоўнага суда Беларусі з хадайніцтвам аб замене пакарання смерцю на іншы від пакарання ў дачыненні да Ігара Капыціна. Тады Прэзідыум Вярхоўнага суда замяніў Капыціну смяротнае пакаранне на максімальна магчымы тады тэрмін зняволення — 15 гадоў пазбаўлення волі.
Пераемнік Філарэта мітрапаліт Павел таксама выступаў супраць смяротнага пакарання.
«Вельмі часта можна чуць пра тое, што чалавек адсядзеў шмат гадоў, а потым аказваецца, што ён невінаваты. А нехта нават быў прысуджаны смяротнаму пакаранню, і прысуд прыведзены ў выкананне, а аказваецца, што не ён вінаваты», — казаў ён.
Пасля пратэстаў 2020 года ўлады Беларусі сталі паступова пашыраць прымяненне смяротнага пакарання. Да яе маглі прыгаварыць за тэрарызм, цяпер да яго дадалася дзяржаўная здрада. З 2022 года смяротны прысуд пагражае не толькі тым, хто здзейсніў злачынства, але і тым, хто рабіў замах на яго ўчыненне.
Беларуская праваслаўная царква на чале з мітрапалітам Веніямінам ніяк не адрэагавала на гэтыя змены.
Агата Мурашка, Budzma.org