Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Як сталася, што Тэўтонскі ордэн пайшоў на саюз з ВКЛ? Што справакавала Польшчу на вайну з Ордэнам? Якім чынам княжыч Конрад патрапіў у літоўскі палон? Чаму Польская дзяржава распачала экспансію на Усход? Як праваліўся крыжовы паход на Літву? Адказы на гэтыя пытанні дае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
Расшыфроўка відэа
Агульнавядомая супраца Літвы з Польшчай, працягам у некалькі стагоддзяў, пачаўшы менавіта саюзу ў 13 ст. Літвы з Мазавецкім княствам. Галоснай справай стаў вайсковы саюз польскага караля Уладзіслава Лакетка з вялікім князем Гедымінам у 1325 г., скіраваны супраць крыжакоў і замацаваны шлюбам дзяцей. Праўда, пратрымаўся ён нядоўга, каля 5 гадоў, але пачатак быў закладзены і першы вопыт набыты.
Ад апошніх дзесяцігоддзяў 12 ст. польскія землі пастаянна лупіліся вайсковымі атрадамі летувісаў, якія якраз перажывалі стадыю ваеннай дэмакратыі, калі галоўным заняткам дарослых мужчын стала вайна, дакладней рабаўнічыя напады на іншыя землі.
Пасля ўтварэння ў сярэдзіне 13 ст. Вялікага Княства Літоўскага, напады на польскія землі працягваліся ужо, так бы мовіць, на дзяржаўным узроўні. Пры адсутнасці моцнай аб’яднанай дзяржавы мясцовыя польскія князі былі ў стане толькі трымаць абарону, з большым ці меншым поспехам. Ніводнага паходу ў адказ на варожую тэрыторыю арганізаваць не здолелі. Галоснай акцыяй стаў паход войска Вялікага Княства ў чэрвені 1262 г., выпраўленага Міндоўгам на Мазовію. Ліцвінскі атрад імклівым маршам прайшоў каля 300 км і знянацку захапіў у Яздаве (сённяшняя Варшава) мазавецкага князя Земавіта разам з яго сынам Конрадам. Земавіт быў забіты, а Конрада вывезлі ў палон у Літву.
Аднак польска-ліцвінская супраца была непазбежнай па прычыне агульнай для дзвюх краін небяспекі з боку дзяржавы Тэўтонскага ордэна, якая пастаянна ўзмацнялася і імкнулася да пашырэння сваёй тэрыторыі. У 1308 г. крыжакі занялі важную і багатую зямлю — г.зв. Гданьскае Памор’е (Гданьск — адзін з буйнейшых балтыйскіх партоў), што было балючай стратай для адроджанага Польскага каралеўства.
Аднак сын і наступнік Лакетка Казімір ІІІ вырашыў пайсці па шляху меньшага супраціву і замест змагання з Тэўтонскім ордэнам на захадзе распачаў экспансію на усходзе. Гэта быў гістарычны паварот польскай замежнай палітыкі з далёкасяжнымі наступствамі. Казімір пачаў змаганне за галіцка-валынскую спадчыну, дзеля чаго, каб забяспечыць тыл, замірыўся з Ордэнам, падпісаўшы 8 ліпеня 1343 г. Калішскую дамову. Казімір ІІІ прызнаў за Ордэнам Гданьскае Памор’е, Хэлмскую, Міхалаўскую землі, а ўсе сілы перакінуў на паўднёвы ўсход — на вайну з Літвой за Галіччыну і Валынь. Тым не менш, нягледзячы на Калішскі мір, Ордэнская дзяржава заставалася стратэгічным супернікам Польшчы, што разумелі як у Ордэне, так і ў Літве.
Нягледзячы на агульную варожасць ліцвінска-ордэнскіх адносінаў і амаль непарыўнае ваеннае супрацьстаянне, ліцвінскай дыпламатыі падчас змагання за Галіччыну і Валынь ўдалося наладзіць часовы саюз з Ордэнам супраць Польшчы. Вынікам яго стала няўдача буйнога крыжовага паходу супраць Літвы, арганізаванага Казімірам ІІІ ў 1355 г. У самы яго разгар, калі Казімір ужо прывёў сваё войска і крыжаносцаў на Валынь, яго заспела вестка пра атаку крыжакоў на Мазовію — саюзніка Польшчы. Польскі кароль быў вымушаны спыніць ваенныя дзеянні на Валыні і ісці бараніць Мазовію. Тэўтонскі ордэн фармальна не парушаў Калішскага міру з Польшчай 1343 г., бо Мазовія да Польскага каралеўства не належала. Гэта быў другі ў гісторыі саюз Літвы з Ордэнам з перапынкам у стагоддзе. Першы арганізаваў яшчэ Міндоўг у 1251 г. з інфлянцкай ордэнскай філіяй у вайне з Галіцка-Валынскім княствам.
Польскі кароль паскардзіўся на Ордэн рымскаму папу і Інакенцій VI спецыяльным пісьмом-булай вымаўляў гросмайстру за напад на хрысціян — леннікаў польскага караля, захоп і ўтрыманне некалькіх мазавецкіх земляў. Сведчаннем ліцвінска-крыжацкага саюзу 1355 г. застаўся цікавы дакумент — грамата князёў Любарта і Кейстута з дазволам торуньскім купцам з Ордэнскай дзяржавы свабоднага праезду праз Падляшша і Берасце на Валынь.
Ліцвінска-ордэнская дамова не датычыла Жамойці (не была ў складзе Літвы) і ў 1355 г. ордэнскія войскі некалькі разоў яе атакавалі.
Ліцвінска-ордэнскі саюз быў кароткачасовай аднаразовай акцыяй, пра што сведчаць падзеі наступнага году. Ужо ў студзені 1356 г., па інфармацыі ордэнскай хронікі, тры каралі — Альгерд, Кейстут і гарадзенскі князь Патрык уварваліся з буйным войскам у Прусію і спустошылі ваколіцы Алленштайна (сённяшні Ольштын). Крыжацка-ліцвінскае супрацьстаянне вярнулася ў звыклую каляіну.