Арганізаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!” ток-шоу “Гарадская ідэнтычнасць Гомеля: ці складзецца пазл?” прайшло ў пачатку года ў другім па велічыні горадзе краіны. Мэта сустрэчы – звярнуць увагу адміністрацыі горада і грамадскіх актывістаў на неабходнасць і актуальнасць сістэмнага падыходу да фармавання гарадской ідэнтычнасці і важнасць ідэнтычнасці як такой для далейшага развіцця горада. Прыемным момантам стала вялікая колькасць людзей, што ачунялі пасля навагодніх святаў і прыйшлі абмеркаваць даволі няпростую тэму – гарадскую ідэнтычнасць Гомеля. Крэслы для сядзення давялося даносіць.
Мадэраваў сустрэчу Алесь Плотка, PR-мэнэджар кампаніі. У якасці экспертаў на сустрэчы выступілі Андрэй Скідан – супрацоўнік Веткаўскага музея, краязнаўца, гісторык, знаўца драўлянай забудовы рэгіёна і традыцыйнай культуры ў цэлым, Анатоль Аканцінаў, кіраўнік Цэнтра стратэгічнага развіцця ”Маркетынгавыя сістэмы”, сайта imagebelarus.by і ГА “Гільдыя маркетолагаў”, які шчыльна займаецца аналізам і фармаваннем вонкавага і ўнутранага іміджу краіны і асобных гарадоў, і Юры Лукомскі – дызайнер, чалец рады Саюза дызайнераў Беларусі. Хоць далейшая дыскусія наглядна прадэманстравала, што экспертам мог бы выступіць любы з прысутных у зале гасцей.
Практычную важнасць разумення ідэнтычнасці раскрыў у міні-прэзентацыі спадар Аканцінаў, што дапамагло ўдзельнікам сустрэчы займець моцнае апірышча ў далейшай дыскусіі. Тэма тэрытарыяльнага брэндынгу, якая пакрысе фармуецца і ў Беларусі, ёсць адной з прыкладных кропак для карыстання зразумелай гораду ідэнтычнасці. Добрыя прыклады з усяго свету і прыклад “як не трэба рабіць брэнд без ідэнтычнасці” Мінска матывавалі прысутных паразважаць, чым ёсць Гомель у часе і прасторы.
Прэзентацыя А. Аканцінава: Ідэнтычнасць горада як аснова фармавання брэнду:
Андрэй Скідан і Юры Лукомскі падзяліліся думкамі пра тое, што дае моцная гарадская ідэнтычнасць і каму ўвогуле трэба задавацца гэтым пытаннем. Спадар Скідан прадэманстраваў прысутным унікальную выяву гомельскай рысі, якая пры далейшай апрацоўцы магла б стаць адным з брэндаў-татэмаў горада. А спадар Лукомскі на яскравым прыкладзе нагадаў, чаму мова ёсць неабходным складнікам ідэнтычнасці. Ён расказаў байку пра суполку сабраных у адным месцы раздзетых людзей, якіх мусяць расстраляць, але тых, хто дакажа сваю беларускасць, пакінуць. Адказ, прапанаваны экспертам, адзін: мова.
Апытанні сярод гамельчукоў, праведзеныя кампаніяй загадзя на вуліцах горада і анлайн, паказалі, што найбольш папулярнымі адметнасцямі Гомеля ёсць аб’екты гарадской архітэктурнай прасторы і ландшафту. Абсалютным лідарам стаў палацава-паркавы ансамбль-музей Румянцавых-Паскевічаў. На другім месцы – гістарычныя асобы, факты, сімволіка горада. Культурніцкае жыццё горада згадвалася ў асацыяцыях надзвычай сціпла: толькі адзінкі ўспаміналі пра “Сожскі карагод”, вядомых музычных дзеячаў, папулярныя культурніцкія “пункты” ў горадзе, лідарам якіх ізноў быў буйны і заўважны аб’ект гарадской прасторы – цырк. Тым не менш, моцны андэграўнд і рэп-супольнасць былі адзначаныя як важная адметнасць.
Надзвычай прыемным вынікам апытанкі стаў той факт, што выразная большасць гамельчукоў (70%) ганарыцца сваім горадам і мае да яго самыя прыязныя пачуцці. Нават на пытанне “Які для вас Гомель?” самымі папулярнымі адказамі-азначэннямі сталі “родны”, “любімы”, “найлепшы,” а таксама “сонечны”, “цёплы”, “летні”, “утульны,”. З неадназначных ці негатыўных успрыманняў Гомеля заканамерна ўказваліся яго “сталічная (па памерах) правінцыйнасць”, а таксама нявыкарыстанасць яго патэнцыялу.
Усе вынікі апытання можна прагледзець у прэзентацыі:
У спробах звесці розныя праявы адметнасці ў суцэльную карціну сярод найбольш моцных і адметных бакоў ідэнтычнасці ў гэты вечар былі вызначаныя найперш пачуццё гумару ў горадзе і рэгіёне (Аўцюкі Вялікія і Малыя ды сам Гомель як “беларуская Адэса), “нарастанне” гораду праз прыезджых, якія заўжды шмат рабілі для горада, а таксама вялікае шчодрае поле для міфатворчасці – як гістарычна вызначанай (інсталяцыя ўжо страчаных аб’ектаў), так і стварэнне легендаў у чыстым выглядзе.
Зусім горача стала пад канец, калі пасля групавога брэйнсторму на карысць роднага горада імкнуўся ўнесці лепту палітычнага градуса ананімны блогер з “Рэха Масквы”. Грунтоўна адказаў яму гісторык Яўген Малікаў, патлумачыўшы, што важнасць зменаў у горадзе заўжды ініцыюецца грамадой, якой важныя пэўныя змены ў жыцці і выглядзе горада і рэгіёна. У любой краіне і ў любыя часы.
Фота – Зарына Кандрацьева