Галоўная падзея ў сьвеце пасьля вайны ў гэтыя тыдні — чэмпіянат сьвету па футболе. «Новы час» падрыхтаваў спіс з лепшых стужак пра спартовыя дасягненьні, барацьбу і жыцьцёвыя драмы. Спорт даўно выходзіць па-за межы фізычнай культуры і становіцца часткай культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова. Пагрузіцеся ў сьвет перамогаў і балючых паразаў. Усё як у жыцьці.
Нумар 10. Іх уласная ліга (A League of Their Own). 1992
У гэтай стужцы Пэні Маршал гледачы пераносяцца ў часы вайны, калі ў ЗША заснавалі Жаночую лігу бэйсболу падчас таго, як мужчыны трапілі на Другую сусьветную вайну. Герой Тома Хэнкса — былы спартовец, якога запрашаюць натрэніраваць дзявочую каманду для ўдзелу. Рэжысэрка — вядомая змагарка за правы кабет і яе фільмы часта становяцца пляцоўкай для стварэньня адпаведных вобразаў.
Дзяўчыны ў стужцы ўжо маюць тое, за што іншыя працягваюць (ці пачынаюць) змагацца сёньня — упэўненасьць, харызму, імпэт да высокіх прафэсійных дасягненьняў. Такім чынам іх трэнер і сам зараджаецца энэргіяй, і разам яны становяцца камандай, гатовай да перамогаў, пакуль іх суграмадзяне змагаюцца за перамогу ў вайне.
Нумар 9. Форд супраць Ферары (Ford v Ferrari). 2019
Падрыхтуйцеся да рыку рухавікаў сярэдзіны стагодзьдзя. Увесь час прагляду вы будзеце крыху прагаломшаныя гукамі, якія суправаджаюць аўтагонкі. Для звычайных людзей гэта парушэньне іх асабістай цішыні, але для ўдзельнікаў гран-пры гэта і ёсьць жыцьцё. Нават музыка, калі дазволіце так параўнаць. У цэнтры фільма — змаганьне двух буйных аўтавытворцаў, як зразумела з назвы — Форд і Ферары. Прычым не было б ні змаганьня ні нумара 9 у нашым рэйтынгу, калі б напачатку 1960-х амаль збанкрутаваны канцэрн Ферары не адмовіўся прадацца амерыканскаму Форду. Адносіны італьянцаў да ЗША добра вядомыя: не падыходзьце лепш. Таму і ўгода сарвалася, а Форд вырашыў адпомсьціць італьянцаў на іх улюбёным полі: у аўтагонках. Яны паспрабавалі стварыць машыну, якая б здолела супрацьстаяць легендарнай Ферары на гонцы «24 гадзіны Ле-Ман». Крысьціян Бэйл бліскуча выканаў ролю пілота.
Нумар 8. Гонар Янкі (The Pride of the Yankees). 1942
Клясычны баёпік першай і найвялікшай зоркі бэйсболу Лу Герыга. Калі вы і не глядзелі гэтую гульню і не ведаеце яе правілаў — гэта не бяда. Вы дакладна ведаеце адну бэйсбольную каманду — Нью-Ёрк Янкіз, іх лога стала шырокавядомым ва ўсім сьвеце. Скрыжаваныя літары N i Y. Цікавы факт — сучасныя аматары гульні амаль цалкам асацыююць лепшага бэйсбаліста з тварам Гары Купера, які выконваў гэтую ролю. Лу Герыг пасьпеў адзначыцца шматлікімі чэмпіёнствамі, рэкордамі, у тым ліку па непарыўнай працягласьці гульняў. Яго дасягненьні шмат у чым непабітыя дагэтуль. Што за чалавекам быў гэты герой нацыі і гонар Янкі?
Дарэчы, шмат каму імя Лу Герыга можа быць знаёмым і зь іншай прычыны — «хваробай Лу Герыга» сталі называць рэдкую хваробу аміятрафічнага лягеральнага склерозу, якая разьвілася ў бэйсбаліста. Змаганьне зь ёй таксама прысутнічае ў фільме, як і змаганьне з іншымі камандамі.
Нумар 7. Нескароны (Invictus). 2009
Спартовая драма, якую зьняў Клінт Іствуд. У галоўнай ролі ён зьняў аднаго з улюбёных сваіх актораў (акрамя сябе) — Моргана Фрымана, у іншай істотнай ролі — Мэт Дэйман. Яны абодва атрымалі намінацыі ў амерыканскай кінаакадэміі за гэтыя працы. Гісторыя адбываецца ў Паўднёвай Афрыцы, у 1995 годзе, калі на чале краіны знаходзіцца былы палітвязень Нэльсан Мандэла. Краіна застаецца жорстка падзеленай па-першае паміж прыхільнікамі былога рэжыму «апартэіду», калі ўся ўлада належыла белай меньшасьці, а чорныя разглядаліся як рабы без рабства, а зь іншага боку — гэтыя самыя чорныя, якім карцела разабрацца з былымі панамі. Што рабіць з гэтым? Наша падборка пра спорт, таму — ён у дапамогу. Было вырашана правесьці кубак сьвету па рэгбі ў гэтай афрыканскай краіне.
Клінт Іствуд не быў фанатам рэгбі, але пры падрыхтоўцы да здымкаў ён гадзінамі па-начах у Паўднёвай Афрыцы глядзеў гульні, а потым абмяркоўваў іх. Праз пэўны час гульня захапіла і яго. Па сюжэце фільма Нэльсан Мандэла шукае падтрымкі ў капітана рэгбійнай каманды, якая гістарычна складалася зь белых і выступала для белых, каб яна паспрабавала выйграць кубак сьвету дзеля ўсіх паўднёва-афрыканцаў. Вострыя канфлікты і спартовае змаганьне вам гарантаванае.
Нумар 6. Кожная нядзеля (Any Given Sunday). 1999
Менавіта з такой рэгулярнасьцю адбываюцца гульні ў галоўнай лізе па амерыканскім футболе. Кожны тыдзень, у нядзелю, што б ні было — ты павінны выходзіць на поле і змагацца. Фільм Олівэра Стоўна з легендарным Аль Пачына ў ролі галоўнага трэнера каманды — выдатны абразец уцягваньня ў спорт нават нэйтральных гледачоў. У цэнтры гісторыі — каманда, што нядаўна была сярод фаварытаў і атрымлівала буйныя перамогі, але зараз скацілася да ўзроўню андэрдогаў. Чарговы ўдар — памірае ўласьнік клюба, і кіраваць бярэцца яго дачка, у якой, вядома, свае погляды на гульню, трэнера і спорт увогуле. Герою Пачына становіцца складана спраўляцца з усімі цяжкасьцямі.
Адна з прамоваў, якую робіць галоўны трэнер у фільме — такая моцная і матываваная, што вядомыя шмат выпадкаў, калі трэнеры ў рэальным жыцьці ў розных відаў спорту паказвалі сваім падначаленым гэты ўрывак напярэдадні ці ўсярэдзіне гульні — і гэта давала фантастычны вынік. Паспрабуйце і вы.
Нумар 5. Більярдыст (The Hustler). 1961
Калі вы больш аматар не камандных відаў спорту — гэтая стужка вам дакладна прыйдзецца даспадобы. У галоўнай ролі Пол Ньюман — яго герой сапраўдны прафэсіянал у більярдзе. Акрамя задавальненьня ад гульні ён атрымлівае і іншы профіт — ён ушчэнт перамагае сваіх супернікаў у партыях на грошы. Пачынае як і належыць — крыху дае адчуць асалоду перамогі апанэнту, потым уздымае стаўкі — і разгром. Ці зможа галоўны герой увесь час падтрымліваць такі рытм, ці яму трапяцца супернік не па-зубах? Усё паступова ўскладняецца. Дарэчы, Пол Ньюман выканаў усе ўдары ў фільме самастойна, акрамя аднаго, самага складанага.
Нумар 4. Кручаны мяч (Trouble with the Curve). 2012
Другі фільм з Клінтам Іствудам ў нашым рэйтынгу. Гэтым разам ён выступае ў якасьці актора, за рэжысэра быў Робэрт Лорэнц. Іствуд выконвае ролю спартовага скаўта, які ўсё сваё жыцьцё знаходзіў будучых зорак спорту, але зараз ён імкліва старэе і губляе зрок. Якім жа чынам знайсьці новую зорку, калі ты не бачыш мяч? Глыбокая псыхалягічная драма, якая больш чым пра вялікі спорт. Фільм пра непазьбежную рэальнасьць кожнага ў свій час — старасьць і не жаданьне прымаць яе. Мы станем сьведкамі спробаў героя Клінта Іствуда падмануць калегаў, сябе, час. Ён вымушаны наладзіць адносіны са сваёй дарослай дачкой у выкананьні Эмі Адамс, каб праз сумесную спартовую тэрапію знайсьці тое, чаго не хапала.
Нумар 3. Я, Тоня (I, Tonya). 2017
Зімовы фільм пра фігурнае коўзаньне. Стужка заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця знакамітай Тоні Гардзінг — дзяўчынцы з глухой амерыканскай правінцыі, чыя маці жорсткай рукой і словам прымушала яе наведваць секцыю ў лядовым палацы. Ці была гэта вычваральная праява матчынай любові ці спроба ўласнай самарэалізацыі (маці працавала ўсё жыцьцё афіцыянткай) — паспрабуйце даць свой адказ. Выбітнае выкананьне ролі Тоні ад Марго Робі прымусіць вас закруціцца разам зь ёй у патройных тулупах і іншых найскладаных элементах фігурнага коўзаньня. Мара ўсяго жыцьця галоўнай гераіні — залаты медаль на Алімпійскіх гульнях. Падаецца, у яе ёсьць някепскія шанцы. Давайце сачыць.
Нумар 2. Малышка на мільён (Million Dollar Baby). 2004
Гэтая стужка не пакіне сухімі вашыя вочы, можаце не сумнявацца. Тут сыйшлася ідэальная камбінацыя: вялікі рэжысэр Клінт Іствуд зьняў фільм з выдатным акторам Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Падцьверджаньне гэтаму: узнагароды Оскар за лепшы фільм, рэжысэрскую працу, жаночую ролю Хілары Суонк і мужчынскую Моргана Фрымана.
Іствуд грае трэнера па боксу, якому жадалася мець чэмпіёна сярод тых, з кім ён працаваў, але за доўгую кар’еру гэтага так і не адбылося. Аднойчы ў яго залю прыходзіць звычайная, ужо дарослая афіцыянтка, якая чамусьці жадае пачаць трэнеравацца ў 31 год. Трэнер вельмі олдскульны і займацца з дзяўчынкамі — гэта не яго ўзровень. Але з часам ён дазваляе сабе даць ёй некалькі ўрокаў.
Па-сапраўднаму выбітная акторская гульня зробіць з вас спецыялістаў у арганізацыі турніраў па боксу за кароткі час. І безумоўна, гэты фільм не пра бокс, ён пра жыцьцё, па якім часам наносяцца страшэнныя ўдары, нібы па грушы, што вісіць у старой залі.
Нумар 1. Шалёны бык (Raging Bull). 1980
Лепшым фільмам пра спорт мы называем працу Марціна Скарсэзэ з Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі, за якую ён атрымаў сваю другую ўзнагароду Оскар. Калі спорт — гэта пра змаганьне, тады тут яно паказана буйным плянам, магутнымі ўдарамі кулакоў. Скарсэзэ вырашыў здымаць фільм чорна-белым пасьля таго, як праглядзеў першыя зьнятыя сцэны ў колеры: занадта рэалістычнымі былі кадры, і каб не адцягваць празьмерную ўвагу гледачоў на кроў, было прынятае рашэньне абыйсьціся двума колерамі.
Гэтая карціна пра цяжкі і складаны лёс баксёра Джэйка Ля Мота, які атрымаў мянушку «Бронкскі бык». Ужо ў далёкім ад нас 1980-м годзе Марцін Скарсэзэ ўзьняў папулярную сёньня тэму аб маскуліннасьці, якая атручвае ўсё на сваім шляху.
Абавязкова паглядзіце фільм.