Куды паехаць апроч Нясвіжа: топ-3 адрэстаўраваных шляхецкіх палацаў, якія варта наведаць

Наперадзе яшчэ некалькі выходных восеньскіх дзён, у якія ёсць магчымасць павандраваць па маляўнічых мясцінах. Вядома, мастхэв увосень наведаць Нясвіж. Але цягам апошніх год было адрэстаўравана некалькі шыкоўных шляхецкіх сядзібаў, якія таксама вартыя таго, каб іх пабачыць. Таким чынам, сёння скіруемся ў Жылічы, каб пабачыць палац Булгакаў, у Свяцк і рэзідэнцыі Валовічаў ды ў Красны Бераг, дзе захаваўся сядзібна-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх.


Pałac Bułhakaŭ u Žyličach padčas restaŭracyi. Fota: poshyk.info
Палац Булгакаў у Жылічах падчас рэстаўрацыі. Фота: poshyk.info

Палац Булгакаў

Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць

Будынак жыліцкага палаца не пакіне абыякавымі самых абазнаных вандроўнікаў. У свой час маштабнасцю сваіх архітэктурных формаў, дэкорам фасадаў і іншымі аздабленнямі сядзібны комплекс Булгакаў не саступаў рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Не дзіўна, што будынак называюць беларускай копіяй Версаля. Палац быў закладзены на беразе ракі Добысна ў 1823 годзе тагачасным гаспадаром маёнтка Жылічы павятовым маршалкам Ігнатам Булгакам. Праектаваў сядзібу ў стылі позні класіцызм архітэктар Караль Падчашынскі. Канчаткова палацава-паркавы ансамбль у Жылічах быў дабудаваны толькі ў ХХ стагоддзі.

Pałac Bułhakaŭ. Fota: 34travel.me
Палац Булгакаў. Фота: 34travel.me

Кожны пакой рэзідэнцыі Булгакаў адрозніваўся сваімі выкшталцонымі аздабленнямі, дэкор пакояў не паўтараўся нават у дробязях. Некаторыя аздабленні захаваліся да нашага часу і ашчадна рэстаўраваныя. Напрыклад, мармуровыя каміны, унікальныя кесонныя столі, разнастайныя паводле фактуры дрэва. Яны і сёння з’яўляюцца візітоўкай унікальнага будынка.

Pałac Bułhakaŭ, interjery
Палац Булгакаў, інтэр’еры

Пры палацы была пабудавана аранжарэя, таксама ўнікальная паводле сваіх памераў ды колькасці экзотаў. На свой час яна лічылася найбуйнейшай на тэрыторыі Беларусі. Вядома, што ананасы адтуль нават здавалі ў арэнду. На жаль, будынак быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны, але сёння працягваецца яго рэканструкцыя. Да нашага часу апроч палаца з усяго комплексу Булгакаў захаваліся флігель, свіран, некалькі гаспадарчых пабудоваў і маляўнічы парк з рэдкімі відамі раслінаў.

Pałac Bułhakaŭ, interjery. Fota: my-places.by
Палац Булгакаў, інтэр’еры. Фота: my-places.by

За савецкім часам будынак палаца выкарыстоўваўся як дзіцячы дом, у 1930-я як заатэхнічны тэхнікум, падчас вайны — як шпіталь. Потым у будынку зноў размясцілася навучальная ўстанова, але пасля таго, як яе перамясцілі ў іншае месца, палац пачаў занепадаць. Рэстаўрацыя маёнтка Булгакаў у Жылічах распачалася ў 2009 годзе, сёння адноўлены палац ужо прымае наведнікаў, хоць у ім яшчэ працягваюцца рамонтныя працы.

Pałac Bułhakaŭ, interjery. Fota: my-places.by
Палац Булгакаў, інтэр’еры. Фота: my-places.by

Палац Валовічаў


Свяцк, Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць

Палацава-паркавы комплекс роду Валовічаў ля вёскі Свяцк адчыніў свае дзверы для наведнікаў пасля працяглай рэстаўрацыі летась. Зараз на тэрыторыі комплексу «Вялікі Свяцк Валовічаў» прапануюць паслугі гасцініца, якая месціцца ў адноўленых флігелях палаца, рэстарацыя «Свяцкі бровар», праводзяць экскурсіі, можна нават наведаць SPA ці правесці карпаратыў.


Pałac Vałovičaŭ u Sviacku. Fota: instagram.com/śviatskipalac
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: instagram.com/sviatskipalac

Архітэктурны комплекс узводзіўся ў два этапы. Найперш, паводле праекта слыннага італійскага архітэктара Джузэпэ Сака, у 1779 годзе быў пабудаваны сам палац, які сумясціў у сабе рысы барока і ранняга класіцызму. Для ўнутранага аздаблення рэзідэнцыі Валовічаў былі запрошаныя мастакі Антоні Смуглевіч ды італіец Тамбары, якія ўпрыгожылі сцены ўнікальнымі фрэскамі. Ініцыяваў узвядзенне палаца тагачасны Гродзенскі маршалак Юзаф Валовіч, а працягнуў пасля смерці бацькі ў 1779 годзе ягоны сын Антоній.

На другім этапе будаўніцтва, у ХІХ стагоддзі, агульная кампазіцыя архітэктурнага комплексу была дапоўнена бакавымі флігелямі, галерэямі-каланадамі ды капліцай.

Kaplica pry pałacy ŭ Sviacku. Fota: 34travel.me
Капліца пры палацы ў Свяцку. Фота: 34travel.me

Палац Валовічаў моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, ён быў разрабаваны, а інтэр’еры моцна пашкоджаныя. Аднаўленне будынка пачалося ў міжваенны час, калі заходняя частка Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы. У ашчадна адрэстаўраваным колішнім палацы Валовічаў у 1930-я гады размясціўся санаторый для нарка- і алкаголезалежных ды нервова хворых. Лекавалі пацыентаў самымі прагрэсіўнымі на той час сродкамі: псіхааналіз, гідратэрапія, сонечныя ванны, тэрапія працай.

Pałac Vałovičaŭ u Sviacku padčas restaŭracyi. Fota: 34travel.me
Палац Валовічаў у Свяцку падчас рэстаўрацыі. Фота: 34travel.me

Падчас Другой сусветнай вайны ў палацы месціўся шпіталь, пасля — санаторый для хворых на сухоты. У гэты перыяд у будынку адбыўся пажар і былі знішчаны амаль усе адноўленыя фрэскі. На пачатку 2000-х гадоў санаторый быў перавезены ў іншае месца, тады архітэктурны комплекс пачаў занепадаць.

Kaplica ŭ parku pry pałacy Vałovičaŭ u Sviacku. Fota: grodnonews.by
Капліца ў парку пры палацы Валовічаў у Свяцку. Фота: grodnonews.by

Дзесяць год таму ў свяцкім палацава-паркавым комплексе была распачата маштабная рэканструкцыя, якая летась часткова завершылася. Спачатку была адноўлена водная сістэма ў парку, што складалася з чатырох спалучаных каскадных вадаёмаў, быў расчышчаны сам парк. З 2017 года распачалося пераўладкаванне палаца пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс, падчас чаго адбылася і частковая рэстаўрацыя будынкаў. Рэканструкцыя цэнтральнай часткі палаца працягваецца і цяпер.

Pałac Vałovičaŭ u Sviacku. Fota: grodnonews.by
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: grodnonews.by

Палац Козел-Паклеўскіх

Красны Бераг, Жлобінскі раён, Гомельская вобласць

Яшчэ адзін палац, які варта наведаць увосень, месціцца ў вёсцы Красны Бераг. Будынак сядзібы захаваўся да нашага часу ажно з ХІХ стагоддзя, сёння якасна адрэстаўраваны і чакае наведнікаў. Ён таксама аточаны маляўнічым паркам, які будзе добрым месцам для шпацыру.

Pałac Kozieł-Pakleŭskich u Krasnym Bierazie. Fota: holiday.by
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе. Фота: holiday.by

Палацава-паркавы ансамбль быў узведзены на правым беразе ракі Добысна ў 1890-я гады ў маёнтку Красны Бераг, які належаў на той час генералу-лейтэнанту Міхалу Гатоўскаму і ягонай жонцы Марыі Юзэфе. Маёнтак разам з сядзібным комплексам па спадчыне перайшоў іх дачцэ Марыі, якая пабралася шлюбам з Вінцэнтам Козелам-Паклеўскім.

Палац у Красным Беразе праектаваў слынны архітэктар Віктар Шротэр. Выпускнік Берлінскай і Пецярбургскай акадэміяў мастацтва быў аўтарам праекта будынка опернага тэатра ў Кіеве, Марыінскага тэатра і іншых шматлікіх вядомых установаў. Шмат рысаў, уласцівых працам майстра, можна заўважыць і ў сядзібе Козел-Паклеўскіх. Знешне будынак палаца — прыклад архітэктуры гістарызму, які спалучае ў сабе рысы готыкі, рэнесансу, ампіру і мадэрну. Асаблівай цікавосткай палаца з’яўляецца знешні дэкор — гаргулі, хімеры, кажаны ды павукі выглядаюць зусім не тыпова для нашай мясцовасці.


Azdableńnie pałaca Hatoŭskich u Čyrvonym Bierazie. Fota: bestbelarus.by
Аздабленне палаца Гатоўскіх у Чырвоным Беразе. Фота: bestbelarus.by

Унутры сядзіба ўяўляе з сябе своеасаблівы падручнік па гісторыі разнастайных архітэктурных стыляў, тут іх можна сустрэць больш за дзесяць: гатычны, раманскі, барока, ракако, класіцызм і іншыя. Дэкор заляў часткова захаваўся: сцены, разьбяныя і распісныя столі, паркет, кафля на падлозе. І ніводзін з 36 пакояў не падобны на другі.

Pałac Kozieł-Pakleŭskich u Krasnym Bierazie ŭnutry. Fota: 34travel.meПалац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе ўнутры. Фота: 34travel.me

У гаспадароў палаца ў Красным Беразе сярод месцічаў была неадназначная рэпутацыя. Ёсць звесткі, што на пачатку мінулага стагоддзя мясцовыя сяляне нават узнялі паўстанне сярод уладальнікаў маёнтка, але яно атрымала паразу. Палац належаў Козел-Паклеўскім да прыйсця савецкай улады, пасля чаго гаспадары мусілі з’ехаць у Польшчу, а будынак быў нацыяналізаваны ды разрабаваны.

Pałac Kozieł-Pakleŭskich u Krasnym Bierazie, park. Fota: 34travel.me
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, парк. Фота: 34travel.me

Ацалеў ён дзякуючы таму, што ў 1920 годзе ў сядзібе размясціліся навучэнцы сельскагаспадарчых курсаў. Тады будынак быў адрамантаваны, нават былі адноўлены некаторыя яго дэкаратыўныя аздабленні. Падчас Другой сусветнай вайны ў сядзібе месціўся нямецкі вайсковы шпіталь, пасля вайны — аграрны каледж. Пазней студэнтаў размеркавалі па іншых карпусах і пачалося аднаўленне палаца. Рэстаўрацыя скончылася ўсяго дзесяць год таму. Зараз у палацы месціцца музей.

Pałac Kozieł-Pakleŭskich u Krasnym Bierazie, brama. Fota: 34travel.me
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, брама. Фота: 34travel.me

Язэп Вараніцкі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

3 маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень

Чатыры замкі Беларусі, якія абавязкова варта наведаць