Ягайла і Вітаўт варагавалі амаль усё жыццё. Амаль, таму што ў дзяцінстве яны сябравалі, чаго вельмі хацелі іх бацькі — ліцвінскія дуумвіры Альгерд і Кейстут. Вялікія дзяржаўныя мужы, родныя браты Альгерд і Кейстут Гедымінавічы, якія сумесна ў любові і згодзе кіравалі Вялікім Княствам Літоўскім больш трыццаці гадоў, вельмі хацелі, каб іх справу працягнулі ўлюбёныя сыны.
Беларускі летапісец занатаваў: «І паміж усіх сыноў найбольш любіў вялікі князь Альгерд князя вялікага Ягайлу, а князь вялікі Кейстут [найбольш] палюбіў князя вялікага Вітаўта. І яшчэ пры сваім жыцці вырашылі яны (Альгерд і Кейстут), што быць ім (Ягайлу і Вітаўту) на іх месцах — вялікіх княжаннях». Не выйшла, дзяржаўныя мужы пралічыліся, бо меркавалі, што кроўнае родства і братэрскае сяброўства можа быць мацнейшым за прагу ўлады.
Партрэт Ягайлы з 15 ст. Фрэска ў касцёле Св.Тройцы ў Любліне
Здрада стрыечнага брата і пачатак канфлікту
Канфлікт Ягайла — Вітаўт — адзін з самых драматычных эпізодаў гісторыі беларуска-літоўскага гаспадарства. Ён распачаўся нечакана, прынамсі для Вітаўта, ад моманту калі ў лістападзе 1381 г. бацька паказаў яму пергамент патаемнай дамовы Ягайлы з ворагам — магістрам Тэўтонскага ордэна. Да гэтага ён не хацеў верыць у здраду стрыечнага брата, свайго даўняга сябра, пра якую ягонаму бацьку «па-сяброўску» даносіў адзін з ордэнскіх военачальнікаў.
Вітаўт. Партрэт 18 ст.
Вайна Вітаўта супраць Ягайлы
Прайграная Кейстутам міжусобная вайна прывяла да яго смерці ў лёхах Крэўскага замка — родавага ўладання Ягайлы. Вітаўту ўдалося адтуль уцячы пераапранутым у жанчыну. Прыняты і падтрыманы Тэўтонскім ордэнам, ён два гады вёў вайну супраць Ягайлы, пакуль той не прапанаваў замірэнне, паабяцаўшы вярнуць бацькоўскія ўладанні.
Пасля вяртання на радзіму ў 1384 г. Вітаўт ва ўсім падтрымліваў Ягайлу, пакуль не зразумеў, што той не збіраецца рабіць яго сваім дуумвірам, а намераны трымаць на становішчы аднаго з удзельных князёў-васалаў. Пасля шлюбу Ягайлы з польскай каралевай і заняцця ім польскага трону Вітаўт скарыстаўся незадаволенасцю ліцвінскага баярства ўзмацненнем польскіх уплываў і ў 1390 г. зноў выехаў у Ордэн са шматлікім прыбліжаным баярствам. Адтуль разам з ордэнскім войскам ён хадзіў у паходы на Вялікае Княства Літоўскае, якія сягалі самой ліцвінскай сталіцы.
Канец актыўнай фазы канфлікту
Актыўная фаза канфлікту між былымі сябрамі закончылася, калі Вітаўт дамогся фактычнай улады над усім Вялікім Княствам праз Востраўскае пагадненне 5 жніўня 1392 г. Фармальна ён лічыўся васалам Ягайлы як польскага караля, але праводзіў самастойную палітыку, часам спрэчную з польскімі інтарэсамі.
Пазней Вітаўт і Ягайла часта сустракаліся, разам палявалі ў беларускіх пушчах, дамаўляліся пра сумесныя дзеянні, між іншым, арганізавалі адну з найбуйнейшых у маштабе ўсяго Сярэднявечча аперацыю па разгрому Тэўтонскага ордэна (Грунвальдская бітва 1410 г.).
Вітаўт і Ягайла перад Грунвальдскай бітвай. 1855 г. Мастак Ян Матэйка
Вітаўт падтрымаў зроблены Ягайлам стратэгічны выбар арыентацыі Літвы на заходнееўрапейскую цывілізацыю (Крэўская унія 1385 г.) што засведчыла Гарадзельская унія 1413 г. Аднак пра вяртанне ранейшага дзіцячага і юнацкага сяброўства мовы не было. Паміж стрыечнымі братамі стаяла смерць бацькі Вітаўта, задушанага ў вязніцы, на думку Вітаўта, па загаду ці прынамсі са згоды Ягайлы. Хоць той да канца жыцця адмаўляўся, бажыўся што не даваў такога загаду, але, як кажуць, «асадачак застаўся».
Прыхаванае саперніцтва
Пасля Востраўскай дамовы канфлікт перайшоў з адкрытай «гарачай» фазы ў прыхаванае саперніцтва, не толькі палітычнае, але і асабістае мужчынскае.
Вітаўт вёў вялікую ўсходнюю палітыку, нягледзячы на некаторыя няўдачы (як у бітве на Ворскле ў 1399 г.), пераўтварыў ВялікаеКняства ў бясспрэчнага лідара Усходняй Еўропы. Калі ў 1419 г. гусіты прапанавалі Ягайлу чэшскую карону, а той адмовіўся, яе згадзіўся прыняць Вітаўт.
Пад канец жыцця Вітаўт быў зусім блізка да пераўтварэння Літвы з вялікага княства ў каралеўства, што паставіла б яе ў ровень з Польшчай у еўрапейскай іерархіі.
Калі аўдавелы Вітаўт, маючы каля 65 гадоў, ажаніўся з маладой удавой Юллянай Гальшанскай (пэўна, спадзяваўся мець з ёй сына-спадкаемцу), то Ягайла ў веку блізка 70 гадоў таксама ажаніўся з маладзюткай дзяўчынай — сямнаццацігадовай Соф’яй Гальшанскай.
Партрэт Соф’і Гальшанскай, 19 ст. Мастак: Marceli Krajewski
Саперніцтва паміж двума буйнымі гістарычнымі асобамі не скончылася з іх смерцю — Вітаўта ў 1430 г., Ягайлы ў 1434-м. Яно працягнулася і працягваецца да сёння ў палітыцы гістарычнай памяці некалькіх народаў.
Сцяпан Сарока, Budzma.org