Трэнд сезона – “Клуб кніжных прафесараў”

11.08.2016 Адукацыя

У рамках праекта “У госці да кніг” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі стартуе серыя заняткаў “Клуб кніжных прафесараў”. Музейныя заняткі разлічаны на дзяцей 6–12 гадоў.

Клуб кніжных прафесараў“Клуб кніжных прафесараў” – надзвычай актуальная ініцыятыва напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, які будзе адзначацца ў 2017 годзе. Заняткі адрасаваны тым, хто жадае быць падрыхтаваным да важнай падзеі і ісці ў нагу з часам!

“Ты чым учора займаўся? Быў у музеі кнігі? Бачыў кнігі, якім ад 100 да 500 гадоў? І ты член Клуба? Класна!”

Каб патрапіць у лік абраных, трэба тэрмінова запісацца ў зборную групу!

Серыя “Клуб кніжных прафесараў” з’яўляецца суцэльным курсам і ўключае 9 заняткаў. На працягу навучальнага года дзеці наведваюць музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кожны месяц. Праграма пачынаецца ў верасні і завяршаецца ў маі.

На занятках, якія праводзяцца ў даступнай і займальнай форме, дзеці здзейсняць вандраванне ў гісторыю кнігі, атрымаюць новыя веды пра багацце і разнастайнасць беларускай кніжнай культуры. Заняткі праводзяцца на беларускай мове і  ўключаюць інтэрактыўныя экскурсіі, пазнавальныя гутаркі, майстар-класы, творчыя заданні і гульні.

Атрыманню ведаў спрыяюць незвычайная музейная атмасфера, сяброўскія ўзаемаадносіны, дзе кожнае дзіця выяўляе сябе вольна, і ў той жа час усе захоплены агульнай справай. Дзеці стануць не толькі гледачамі, якія пазіраюць на прадметы ў вітрынах, але і актыўнымі ўдзельнікамі працэсу спазнання кнігі.

Тэмы заняткаў:

  1. Формы і матэрыялы кнігі.
  2. Папяровыя цуды.
  3. Структура кодэкса.
  4. Рукапісная кніга.
  5. Ёган Гутэнберг.
  6. Францыск Скарына.
  7. Кніжная культура Радзівілаў.
  8. Мініяцюрная кніга.
  9. Аўтограф.

Кошт адных заняткаў: 2.50 (два рублі пяцьдзесят капеек).

Фарміраванне групы – да 20 верасня 2016 года.

Кантактная інфармацыя:
тэлефон (8 017) 293 27 82, e-mail sapega@nlb.by,
Таццяна Сапега, каардынатар праекта “У госці да кніг”.