Cям’я Сталяровых з Асіповіцкага раёну стварыла прытулак для траўмаваных дзікіх птушак. За пяць гадоў існаваньня сужэнцы вярнулі ў прыроду больш за тры сотні гадаванцаў. Нямала птушак засталіся ў прытулку — без чалавека ім ужо ня выжыць.
Жанна і Аляксандар Сталяровы зарэгістравалі год таму некамэрцыйную арганізацыю «Ахова прыроды» і спадзяюцца, што неабыякавыя людзі падтрымаюць іхную чыннасьць ахвяраваньнямі. Траўмаваных птушак ім прывозяць з усёй Беларусі. Цяпер у прытулку перабываюць нядолю больш за семдзесят птушак. Год ад году іх усё больш. У Беларусі такім больш ніхто не займаецца.
У колькі абыходзіцца дапамога дзікім птушкам, як ставяцца да незвычайнага занятку Сталяровых суседзі, ці прыяжджаюць да іх іншаземцы? Адказы на гэтыя пытаньні — у рэпартажы Свабоды.
«Катоў і сабак ратуюць многія, а дзікіх птушак — ніхто…»
Сядзіба Аляксандра і Жанны — на ўскрайку яшчэ вялікай, але заняпалай вёскі Майсеевічы, што за тры дзясяткі кілямэтраў ад Асіповіч. Непадалёк — разбураныя калгасныя фэрмы. Пры доме вальеры з птушкамі. Гаспадары тлумачаць, што ўмысьля выбіралі мясьціну ўдалечыні ад людзей, каб гадаванцам было камфортна.
«Сабак і катоў ратуюць многія, а вось дзікія птушкі застаюцца без увагі. Гэта несправядліва. Прыродзе трэба дапамагаць», — кажа Жанна.
Жанна — эканаміст. Абыходзіцца з птушкамі яе навучыў муж Аляксандар. Ён біёляг. Раней у абаіх быў бізнэс. Ад яго засталіся ашчаджэньні, якія сямейнікі ўклалі ў новы занятак. Яшчэ прадалі машыну. Цяпер, кажуць, каб прытулак не загінуў, працуюць «на некалькіх работах».
Ратаваць птушак, кажа Жанна, пачалі выпадкова. У 2013 годзе зь Менскага заапарку ўзялі выхадзіць грака са зламаным крылом, каб не ўсыпілі. Зрабілі яму вальер.
Каб гадаванцу не было сумна, падсялілі да яго яшчэ аднаго траўмаванага грака. Потым яшчэ аднаго. Птушак болела. Тады сужэнцы і вырашылі набыць дом у вёсцы. Так паўстаў гадавальнік «Птушыны двор». У ім перабывалі птушкі, прывезеныя з усяе Беларусі. У 2017-м гадавальнік стаў прыватнай некамэрцыйнай прыродаахоўнай установай «Ахова прыроды».
За пяць гадоў сям’я Сталяровых уратавала больш за тры сотні птушак. Памагае ім і пяцігадовы сын Ратмір. Па словах Жанны, ён выкарміў 27 стрыжоў і 8 ластавак. У дарослых, кажа яна, рукі завялікія, а ў сына малыя, і ён лёгка можа закладаць корм проста ў дзюбу.
У прытулку птушкі праходзяць рэабілітацыю, кажа Жанна, ад 2,5 да 4 месяцаў. Найбольш птушак траўмуецца раньняй вясною. Вылечаных вяртаюць у прыроду.
«Калі падымаем птушанятак, то да іх прывязваесься, і зь цяжкім сэрцам адпускаем, — кажа Жанна. — Перад тым як адпусьціць, акальцоўваем. На кольцы ставім каардынаты арганізацыі, каб птушку нам вярнулі, калі зноў трапіць у бяду».
Нямала птушак, дадае яна, застаюцца ў гадавальніку назаўжды, бо іхныя траўмы вылечыць немагчыма.
Зь сямі буслоў вернецца ў прыроду адзін
Цяпер у прытулку Сталяровых каўкі, вароны, сарокі, гракі, лебедзі, а таксама белыя і чорны буслы, совы, чайкі, галубы, ёсьць колькі асобін ястрабіных. Большасьць трапіла ў гадавальнік, пашкодзіўшы крылы.
Паказваючы гаспадарку, Аляксандар просіць фатаграфаваць птушак без бліскавіцы, каб не пашкодзіць ім вочы. Побач з каўкамі, гракамі ды варонамі — совы. Птушкі, перапуджаныя ўвагаю гасьцей, падымаюць лямант.
Далей Аляксандар вядзе ў катух з бусламі. На ўваходзе зноў нагадвае пра бліскавіцу і просіць не рабіць рэзкіх рухаў. У вальеры цёпла. Птушкі адыходзяць у глыбіню загарадак і трывожна паглядаюць на гасьцей. Дужа рэдкі ў прыродзе чорны бусел у вальеры адзін.
Зь сямі буслоў вярнуцца ў прыроду зможа толькі адзін, кажа Аляксандар. Астатнія без дапамогі чалавека ня выжывуць.
У адкрытым вальеры перабываюць зіму чацьвёра лебедзяў. Яны, у адрозьненьне ад буслоў, спакойныя. Аляксандар кажа, што траўмы ў дзьвюх птушак загаіліся і яны могуць пакінуць гадавальнік, як захочуць.
Колькі каштуе дапамагчы птушцы
Прыгляд за птушкамі, працягвае Жанна, вымагае блізу 3 тысяч рублёў на месяц. Узімку дадаюцца выдаткі на ацяпленьне вальераў. Сума ўзрастае амаль да 4 тысяч. Каб гадаванцаў вярнуць у прыроду, ежа павінна быць такая самая, як і ў звыклым для іх асяродзьдзі. Найбольшыя выдаткі — на корм буслам і совам. Яны ядуць мышэй, кожная каштуе 2 рублі.
- 1 бусел «зьядае» за месяц 360 рублёў. У гадавальніку такіх птушак сем. На корм усёй чарады ідзе 2500 рублёў;
- Пяцёра соваў «сталуюцца» на 744 рублі ў месяц;
- Крумкачовыя, лебедзі — усёедныя. Месячны бюджэт на харчаваньне — блізу 400 рублёў;
- Паслуга вэтэрынара — імплянтаваньне сьпіцы ў траўмаванае крыло — абыходзіцца ў 175 рублёў;
- Ацяпляць вальеры трэба 6 кубоў дроў — 150 рублёў;
- Яшчэ 40–70 рублёў каштуе дадатковае ацяпленьне вальера інфрачырвонымі лямпамі.
Яшчэ патрэбныя сродкі на рамонт вальераў. Птушак становіцца болей, і трэба зь дзясятак новых. У адзін, для крумкачовых, ужо ўкладзена 780 рублёў, але праца яшчэ ня скончаная.
«Дзяржаўныя прыродаахоўныя арганізацыі ратаваць птушак ня возьмуцца»
Жанна кажа, што вонкавая фінансавая падтрымка гадавальніка ёсьць, але яна замалая, каб пакрыць усе выдаткі на выходжваньне птушак. Ахвяруюць на птушыны прытулак неабыякавыя людзі, але такіх адзінкі, кажа яна.
Спадзевы, што пра лёс траўмаванай птушкі будуць клапаціцца тыя, хто яе прынёс у гадавальнік, пакуль ня спраўджваюцца. Жанна прыгадвае нямала выпадкаў, калі птушку проста падкідалі пад агароджу і зьяжджалі.
Па словах Жанны, за ўвесь час, пакуль існуе гадавальнік, толькі аднойчы знайшліся валянтэры, якія вызваліся дапамагчы.
«Мы нашых гасьцей фізычна не нагружалі. За час свайго побыту адна сямейная пара пераклала наш сайт на ангельскую мову, і цяпер пра нас пакрысе расказваюць сьвету», — кажа Жанна.
Прывозяць птушак і супрацоўнікі дзяржаўнай інспэкцыі аховы прыроды. Аляксандар кажа, што дзяржаўныя арганізацыі ня маюць на гэта ні вальераў, ні спэцыялістаў, ні фінансаваньня, і самі ратаваць дзікіх птушак ня будуць.
«Таму мы на дзяржаву не спадзяёмся, а разьлічваем найперш на свае сілы», — падкрэсьлівае гаспадар птушынага прытулку.
Страўсы як паратунак
Поруч зь дзікімі птушкамі сям’я Сталяровых гадуе свойскіх жывёл. У загарадках — авечкі, індыкі, мускасныя качкі, куры і нават чатыры аўстралійскія страўсы эму.
Гадаваць страўсаў сям’я Сталяровых наважылася, «каб закласьці камэрцыйны падмурак для дзейнасьці птушынага прытулку». Гаспадыня зрабіла маркетынгавае дасьледаваньне і высьветліла, што ёсьць нямала аматараў экзотыкі, гатовых купляць птушанят эму. Гэтых страўсаў у Беларусі гадуюць толькі Сталяровы.
«Страўсіны бізнэс папулярны. У нас ёсьць магчымасьць набываць яйкі гэтай птушкі, каб амалоджваць статак. Страўсы не пераборлівыя ў ежы. Яны як куры, толькі вялікія», — кажа з усьмешкай Жанна.
Сёлета ў верасьні адзін з страўсаў уцёк. Блукаў тры дні, пакуль не злавілі.
Гісторыі гадаванцаў прытулку
У бальшыні птушак траўмы ад дзейнасьці чалавека, — вяртаецца Аляксандар да тэмы жыхароў прытулку. Пра некаторых гадаванцаў апавядае Жанна.
Вушастую саву прынесла ў гадавальнік маладая пара. Падабралі на дарозе. Птушка, мяркуе Жанна, угледзела мыш у бітумнай пастцы, атакавала яе і сама загразла ў бітуме. Апёкі гаіліся два месяцы. Гаспадыня спадзяецца, што саву ўдасца выпусьціць у прыроду.
Чорны бусел трапіў у гадавальнік з адкрытым пераломам крыла. Знайшоў яго грыбнік побач з чыгункай. Магчыма, кажа Жанна, птушку зачапіла цягніком. Вярнуць яе ў прыроду ня ўдасца. У месцы пералому рана загнаілася, крыло пачало «адсыхаць», і яго ампутавалі. Пасьля апэрацыі бусел пачувае сябе добра.
Пакалечаны лебедзь-шыпун сам прыйшоў да людзей. Тры месяцы крыло не зрасталася, і яго мусілі ампутаваць. Пасьля курсу рэабілітацыі птушка ачуняла, але вярнуцца ў прыроду ня зможа.
Яшчэ аднаму лебедзю не ўдалося ўратаваць нагу. У прытулак ён трапіў птушанём. Жыве ў гадавальніку пяць гадоў. У прыроду таксама ня вернецца.
Нядаўна ў прытулак дзяўчына прывезла лысую варону. Як высьветлілася, кармілі салодкім — птушка пераела і пачала лысець. За два тыдні ў прытулку пер’е адрасло.
«Калі дзікая птушка даецца ў рукі, зь ёй нешта здарылася»
Па словах Жанны, птушкі разумеюць, што іх лечаць, і паводзяць сябе паслухмяна. Потым, ачуняўшы, хутка дзічэюць і зноў пачынаюць успрымаць чалавека як пагрозу.
На пытаньне, ці вяртаюцца ў гадавальнік выхаджаныя ў ім птушкі, суразмоўніца адказвае, што найчасьцей гэта вароны, сарокі ды гракі. Яны прылятаюць да колішніх сваіх вальераў у зімовую пару, калі ў прыродзе мала корму. Былыя гадаванцы прыводзяць з сабою цэлыя кампаніі. Для іх на вальеры з крумкачовымі выстаўляюць ежу.
«Беларусы пакуль не ўспрымаюць прыроду як каштоўнасьць»
Жыхары Майсеевіч, кажа Жанна, глядзяць на занятак Сталяровых як на дзівацтва. Суразмоўніца не хавае, што суседзяў зь вёскі яе сям’я староніцца, але варажнечы няма. Вяскоўцы часта падыходзяць паглядзець, што дзеецца ў прытулку. Улетку падворак повен вясковай дзятвы.
«Гэта добра. Мы прышчапляем такім чынам гуманнае стаўленьне да жывёл. Калі бацькі ня могуць даць ім гэтага, то мы ўдзельнічаем у іх выхаваньні», — кажа Жанна.
Птушыны прытулак наведвалі і замежныя турысты — з Канады, Швэйцарыі, Гішпаніі ды ЗША. Пабачыць дзікіх птушак ім было цікава — а беларусам, кажа Жанна, ня надта.
«У многіх беларусаў ёсьць бацькоўскі дом у вёсцы ці лецішча побач зь лесам. Таму большасьць беларусаў прыроду не ўспрымае як каштоўнасьць, і стаўленьне да яе не беражлівае».
Жыць у гармоніі з прыродай
Жанна кажа, што яе сям’я імкнецца жыць у гармоніі з прыродай.
«Галоўнае — не перашкаджаць ёй і не парушаць біялягічнай раўнавагі. Таму стараемся выратаваць і вярнуць у дзікае асяродзьдзе як найбольш птушак. Выкарыстоўваем матэрыялы, якія ня шкодзяць прыродзе. Сваю пазыцыю спрабуем данесьці да людзей», — тлумачыць гаспадыня прытулку.