Падчас рэстаўрацыі старажытнай царквы ў Полацку знойдзена сенсацыйнае графіці

У красавіку падчас рэстаўрацыйных работ у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку былі знойдзены новыя графіці. Адно з іх стала сапраўднай сенсацыяй, паведамляе Інстытут гісторыі НАНБ.


Staražytnyja hrafici

Памінальны запіс у пяць радкоў памерамі 17×6,5 см быў прачытаны вядучым спецыялістам цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы, дацэнтам І.Л. Калечыц наступным чынам:

+Праставіўся (памёр) Аўдакім месяца сакавіка ў першы дзень, папін Святога Спаса. Памяні, Госпадзі, у жыцці вечным. Майстар грэчаскай стараны.

«Праз вывучэнне графіці мы ведаем імя яшчэ аднаго чалавека, майстра і святара Аўдакіма, які жыў у часы прападобнай Еўфрасінні Полацкай, і якога можна паставіць у адзін шэраг з вядомымі імёнамі дойліда Іаана і майстара Лазара Богшы», — адзначае Інстытут гісторыі НАНБ.

Staražytnyja hrafici

Як тлумачаць навукоўцы, храм з’яўляецца сапраўднай «бібліятэкай» надпісаў-графіці — іх колькаць дасягнула чатырох тысяч. Яны датуюцца перыядам з XII па XIX стагоддзе.

Рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку ўнесена ў дзяржпраграму «Культура Беларусі» на 2021–2025 гады. Толькі ў 2023 годзе на яе выдаткавалі больш за 1,6 млн рублёў. Работы павінны скончыцца ў бягучым годзе.

Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў XII стагоддзі, храм распісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся.

Глядзіце яшчэ: