У раёне Пячэрскага лесапарку завяршаецца будаўніцтва этнаграфічнага цэнтра традыцыйных народных рамёстваў. На тэрыторыі комплексу ўжо размясціліся 5 двароў, у якіх будуць працаваць і навучаць сваёй справе майстры — каваль, ткач, бондар, ганчар… Галоўная асаблівасць аб’екта — захаванне аўтэнтычнасці ва ўсім. Так, сельскія хаты — не зноў збудаваныя аб’екты, а арыгінальныя будынкі XIX-XX стагоддзяў.
«Этнаграфічная вёска падорыць магілёўцам і гасцям горада магчымасць пазнаёміцца з народнымі традыцыямі, дойлідствам, рамёствамі, а таксама ўкладам жыцця нашых продкаў — жыхароў Падняпроўя, — распавядае дырэктар комплексу Сяргей Хмяльніцкі. — Мы спрабуем узнавіць, як любы беларус праз працу на сваёй зямлі, традыцыі і духоўную сувязь са сваім народам мог зрабіць для шчаснага жыцця ўсё: пабудаваць хату, стварыць побыт, выгадаваць і выхаваць дзяцей, апрануцца і пракарміць сям’ю».
«Рытм жыцця паскараецца, ўсё менш у нас магчымасцяў азірнуцца назад — успомніць, як жылі нашы продкі, кім яны былі і што рабілі. Сёння вельмі важна не страціць свае карані, бо не ведаючы мінулага, мы губляем частку сучаснасці і не бачым будучыні», — упэўнены Сяргей Сцяпанавіч.
Мяркуецца, што хуткім часам на тэрыторыі комплексу з’явіцца стылізаваная гульнявая пляцоўка для дзяцей, турыстычная зона адпачынку, пчальнік, імправізаваная карчма, дзе кожны ахвотнік зможа паспрабаваць стравы самабытнай беларускай кухні. Таксама з’явіцца магчымасць узяць ровар ці лыжы напракат. Адкрыццё цэнтра запланавана на травень 2010 года.