Ці будзе Турцыя змагацца за Крым, альбо Вайна ва Украіне як шанц для Турцыі

Вайна ва Украіне ёсць добрым шанцам для Турцыі яшчэ гучней заявіць аб сваёй ролі не толькі ў рэгіёне, але і ў свеце.

Рашучыя крокі па падтрымцы Украіны маглі б не толькі прынесці для Анкары чарговыя геапалітычныя перамогі, але і цалкам змяніць для Турцыі стратэгічны расклад.


За апошнія дзесяцігоддзі туркі здолелі не толькі забяспечыць большую бяспеку на поўдні краіны, правесці некалькі паспяховых аперацый супраць курдскіх узброеных фармаванняў на сумежных тэрыторыях. Але і даволі паспяхова паўдзельнічаць у сірыйскай кампаніі, павялічыць вайсковую перавагу сваіх хаўруснікаў у грамадзянскай вайне ў Лівіі.

Сапраўднай перамогай з далёкімі стратэгічнымі перспектывамі была армяна-азербайджанская вайна ў 2020 г., падчас якой туркі не толькі прадастаўлялі інструктараў і тэхнічную дапамогу Баку.

Рэхам карабахскай кампаніі стала павелічэнне вайсковага супрацоўніцтва Турцыі з Азербайджанам і краінамі Цэнтральнай Азіі. У вайсковых і палітычных колах гэты праект атрымаў назву «Туранскае войска», апелюючы да гістарычнай Туранскай імперыі, працягам існавання якой турэцкія гісторыкі лічаць так званы праект «цюркскага свету».

39.png

Раней праекты «цюркскага свету» тычыліся толькі моўных, культурніцкіх ці эканамічных галінаў — будаваліся цюркскія цэнтры, моладзь навучалася ў Турцыі. Але апошнія 10 год туркі ўсё часцей дэманструюць гатоўнасць выкарыстоўваць вайсковыя тэхналогіі і наўпрост свае ўзброеныя сілы для павелічэння сфераў уплыву.

Як відавочна бачна на мапе — аднымі з галоўных апанентаў для рэалізацыі панцюрк-праектаў з’яўляюцца РФ і Кітай. Але кіраўніцтва Турцыі намагаецца ўвесь час балансаваць між вайной і супрацоўніцтвам з гэтымі краінамі, час ад часу канфліктуючы і з Захадам.

РФ — галоўны канкурэнт для Турцыі

Сяброўства ў NATO не замінала Турцыі набыць у РФ сучасныя комплексы супрацьпаветранай абароны ў 2017 годзе. У гэты самы час Анкара вяла асобную гульню з прымяненнем свайго войска ў Лівіі і Сірыі, дзе Масква з’яўляецца для яе апанентам.
Вайна ва Украіне з 2014 года, і асабліва акупацыя Крыма, наклалі асаблівы адбітак на ўзаемаадносіны Турцыі і РФ. У сакавіку 2022 г. прэзідэнт Турцыі заявіў:

«Калі б увесь Захад і ўвесь свет паднялі голас супраць уварвання ў Крым у 2014 годзе, мы б не сутыкнуліся з сённяшняй сітуацыяй...

На жаль, міжнародная супольнасць не праявіла неабходнай рашучасці і не аказала неабходнай падтрымкі для ліквідацыі гэтай несправядлівасці».

39.jpg

Пытанне Крыма для Анкары — гэта не толькі справа стратэгічнага дамінавання і кантролю марскіх шляхоў у рэгіёне, але і нацыянальнае пытанне, гістарычная памяць.

Значную ролю ў турэцкай палітыцы маюць нашчадкі крымскіх татараў, якія пакінулі Крым некалькімі хвалямі эміграцыі з XVIII ст. Разам з народамі Каўказа, напрыклад, чаркесамі — якія складаюць значную частку ў вайсковай эліце Турцыі, татары з’яўляюцца значнай антырасійскай сілай і ў грамадстве, і ў палітычным жыцці.

Таму пытанне Крыма ў Турцыі неаднаразова спрабавалі развязаць, прапануючы нават крамлёўскім розныя варыянты.

Яшчэ ў 2021 адзін з вядомых турэцкіх навукоўцаў са Стамбульскага Універсітэта, прафесар Хасан Унал зрабіў прапанову, якую ў Маскве не падтрымалі: «На думку Унала, калі б Расія прызнала незалежнасць Паўночнага Кіпра, які знаходзіцца пад турэцкім кантролем з 1975 г., турэцкія авіякампаніі маглі б аднавіць прамыя рэйсы ў Крым, а Анкара адмовіцца ад пазіцыі па прыналежнасці Крыма Украіне».

Варта адзначыць, што такога кшталту заявы адбываліся падчас актыўнага ўзбраення і тэхнічнай дапамогі ўкраінскаму войску па асваенні турэцкіх беспілотнікаў.

«Шматвектарнасць» дэманструе і сённяшняя пазіцыя Турцыі, якая, з аднаго боку, адмаўляецца падтрымліваць заходнія санкцыі супраць РФ, а з іншага, блакуе рух расійскага флота, працягвае пастаўкі ўзбраення ўкраінцам і паглыбляе супрацоўніцтва ў галіне распрацоўкі новых відаў беспілотнікаў.

Відавочна, што ад ЕС і ЗША гучаць парады для Анкары па змяненні стаўлення да Расіі. Напрыклад, уплывовы сайт The Spectator публікуе аргументы заходніх краінаў на карысць падтрымкі санкцый з боку Турцыі:

«— Турцыя можа вярнуць РФ супрацьпаветраныя комплексы С-400 і такім чынам палепшыць стасункі з NATO. Захад у стане забяспечыць Анкару больш сучаснымі ўзбраеннямі.

— Туркі могуць адмовіцца ад наўпростага авіяспалучэння з РФ, што не паўплывае крытычна на турбізнес у краіне.

— Турцыя можа не турбавацца за магчымае змяншэнне паставак энерганосьбітаў з боку Масквы. Бо РФ зараз і ў бліжэйшай перспектыве будзе мець праблемы з рэалізацыяй нафты і газу. Таму не адмовіцца ад кантрактаў з Анкарой.

— Туркам неабходна пераразмеркаваць крыніцы атрымання энергіі: пазбаўляцца залежнасці ад Масквы, паскараць уласную атамную энергетыку».

Нельга сказаць, што падобны варыянт развіцця падзеяў можа задаволіць Турцыю, супраць якой Захад выкарыстоўвае санкцыйныя абмежаванні, не прапануючы еўрапейскіх перспектываў і гарантый эканамічнага росту.
Тым больш, што роля пастаўшчыка таннай працоўнай сілы, зборачнага цэха для еўрапейскіх кампаній і крыніцы якаснай сельскагаспадарчай прадукцыі даўно не задавальняе амбіцый Анкары. Шлях да пабудовы «цюркскага НАТО», вайсковая кампанія на Паўднёвым Каўказе, якая мае працяг і цяпер, сведчаць пра накіраванасць турэцкіх элітаў на змену ролі краіны ў рэгіёне.

Уласная гульня Анкары

Арганізацыя пляцоўкі для перамоваў паміж Украінай і РФ — крок, які адпавядае спробам зайсці ў гульню цалкам у новай ролі.

Прапанова пачаць эвакуацыю цывільных з Марыупаля, блакіраванага войскамі РФ, сіламі турэцкага флота была агучана міністрам абароны Турцыі адразу пасля чарговага раўнду расійска-ўкраінскіх перамоваў. Гэта ёсць якасна новым варыянтам удзелу ў вайне. Бо бяспекавым бокам аперацыі па эвакуацыі будуць займацца ў тым ліку і турэцкія вайскоўцы. А ад міратворчых захадаў да ўдзелу на тэатры баявых дзеянняў заўжды вельмі невялікі крок.

38.jpg

Тым больш, што прапановы на выпадак пачатку вялікай вайны ва Украіне гучалі з вуснаў турэцкіх палітыкаў і вайскоўцаў яшчэ год таму. Адзін з вядомых экспертаў, экс-палкоўнік выведкі Унал Атабай разглядаў у тым ліку магчымасць удзелу Турцыі ў аперацыі на паўвыспе Крым.

Такія былыя высокапасадоўцы без узгаднення з кіраўніцтвам такой краіны, як Турцыя, казаць аб магчымай супрацы з Украінай у выпадку вайсковага варыянту вырашэння «крымскага пытання» наўрад ці наважваюцца.

Цалкам верагодна, што туркі такім чынам намагаліся праверыць рэакцыю на падобныя заявы з боку РФ і Украіны.

А сталая супраца ў тэхнічным забеспячэнні і распрацоўцы новых мадэляў беспілотнікаў з украінскімі вайскоўцамі толькі запэўнівае, што Анкара гатовая да ўзброенага ўзаемадзеяння на баку Украіны.

Верагодна, Турцыя чакае моманту, каб уступіць у вайну на фазе, калі праціўнікі ўжо будуць мець сур’ёзныя праблемы з тэхнічнымі і чалавечымі рэсурсамі.

Турцыя магла б прапанаваць Украіне стварэнне пасля перамогі на паўвыспе Крым супольнай вольнай эканамічнай зоны са спрыяннем для турэцкага бізнесу, праграмай па рэпатрыяцыі крымскіх татараў, развіцці культуры, адукацыі, наданні шырокай палітычнай аўтаноміі з перспектывай панавання крымска-татарскага этнасу на паўвыспе.

Відавочна, што туркі і ўкраінцы канчаткова пераканаліся, што разлічваць на паўнавартасную падтрымку заходніх краінаў у плане бяспекі не варта. Сітуацыя на міжнароднай арэне пасля Грузіі-2008, Данбаса-2014, Карабаха-2020 і Украіны-2022 цалкам змянілася ў бок вырашэння пытанняў паміж краінамі з прымяненнем зброі. Такая гульня больш не прадугледжвае працяглых дыпламатычных дуэляў з абменам санкцыямі і эканамічнымі абмежаваннямі.

Таму нельга не разглядаць варыянтаў, што Турцыя, як гістарычна найбольш рашучы гулец на такім полі, можа наважыцца і далучыцца да тэатра баявых дзеянняў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org