Беларусь і Менск цягам апошніх 20 гадоў, гадоў незалежнасьці, моцна зьмяніліся. Хай і ня так хутка і ня так якасна, як нам хацелася б, але шмат што са зруйнаванага бальшавікамі адраджаецца, адбудоўваецца. Узводзяцца сучасныя будынкі, разьвіваецца інфраструктура гарадоў, найперш сталіцы — Менску.
Разам з архітэктурай мяняецца і атмасфэра гарадоў, стыль жыцьця месьцічаў. З прыцемкамі жыцьцё не затухае, як было за камуністамі. Наадварот, ярка асьветлены Менск, ізноў жа — перадусім яго гістарычны цэнтар, запаўняецца моладзьдзю.
Адчыняюцца дзьверы шматлікіх ужо кавярняў, рэстарацыяў, бараў, зь якіх гучаць музыка, вясёлыя галасы. Тут жа і натоўпы турыстаў. Тыя, што прыехалі з Захаду, пачуваюць сябе камфортна, нібыта дома. Усходнія ж дзівяцца эўрапейскаму абліччу начнога Менску, які ўдзень выглядае яшчэ вельмі па-савецку.
І зусім культавай у новай менскай маладой багемы стала вуліца Зыбіцкая, былая Гандлёвая, што пад падэшваю Верхняга гораду.
Што гэта — вяртаньне праз 100 гадоў да таго, што было? Ці — зусім новая рэальнасьць старажытнага гораду, капіяваньне эўрапейскага стылю жыцьця і адпачынку? А мо і ўвогуле мы назіраем імітацыю вірлівага «багемнага» жыцьця? Ці адпавядае гэта беларускай традыцыі?
Размова з культуролягам і мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.
Ракіцкі: Сяргей, адказаць на гэтыя пытаньні тым болей цікава, што сёлета спаўняецца сто гадоў ад часу тых рэвалюцыяў, ці пераваротаў, якія дашчэнту зруйнавалі традыцыі, побыт беларусаў. І на тых руінах сёньня спрабуюць збудаваць краіну, Менск паводле эўрапейскіх сучасных узораў.
Але ці насамрэч на руінах, на голым месцы? Можа, мы ўсё ж назіраем вяртаньне да традыцыяў, адраджэньне іх?
Пытаюся наўпрост: ці было штось такое — «элітнае», «багемнае» — у колішнім Менску? Ці ёсьць што менчукам прыўлашчыць з далёкай гісторыі, напрыклад, ХІХ стагодзьдзя?
Сяргей Харэўскі: Так. Было такое. Хоць, натуральна, цяперашнім спробам да таго вельмі далёка. Але трэба вычуць колішні гістарычны кантэкст: ХІХ стагодзьдзе было азмрочанае напалеонаўскай кампаніяй, а затым разгромам двух вялікіх паўстаньняў — 1831 і 1863 гадоў, жахлівымі пажарамі.
Тэрор, разьвязаны расейскімі ўладамі пасьля здушэньня паўстаньня 1831 году, прывёў да катастрафічных вынікаў: расстрэлы і павешаньні, выгнаньне ў Сыбір, канфіскацыя маёмасьці, дэпартацыя каталіцкага сьвятарства і манахаў, касацыя кляштараў, закрыцьцё і рабаваньне касьцёлаў. У Менску да таго ж на загад імпэратара Мікалая І зруйнавалі нават ратушу.
Падзеі тых гадоў, якія вельмі нагадваюць эпоху сталінскага тэрору, цудоўна апісаў у сваёй кнізе «Mińsk w połowie XIX wieku: ze wspomnień osobistych» («Менск у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя: з асабістых успамінаў») гісторык Тадэвуш Сільвэстар Корзан. Нарадзіўшыся ў Менску, ён у аснову гэтай кнігі паклаў свае дзіцячыя й юначыя ўспаміны пра родны горад.
Падзеі наступнага паўстаньня, 1863 году, канчаткова зьмянілі воблік Менску, выціснуўшы тутэйшую эліту на пэрыфэрыю грамадзкага і культурнага жыцьця. Тыя трагічныя падзеі далі нагоду для стварэньня шматлікіх літаратурных тэкстаў.
Ян Неслухоўскі напісаў кранальны нарыс у жанры мэмуарыстыкі «Z krwawych dni» («З крывавых дзён»), які выйшаў асобнай брашурай у Кракаве. Зрэшты, беларускаму чытачу гэты аўтар, таксама ўраджэнец Менску, вядомы як Янка Лучына, адзін з пачынальнікаў нашай найноўшай паэзіі.
Вось Корзан і Лучына, бясспрэчна, належалі да сапраўднай тутэйшай эліты, былі «лицами привилегированного сословия».
Ракіцкі: Кантэкст зразумелы. Гэта былі самыя змрочныя часы расейскага каляніялізму. Але разам з тым гэта і часы мультыкультуралізму, шматмоўнасьці, поліканфэсійнасці, а таксама ж і непераадольных сацыяльных, каставых перагародак. Нават пад чужым мундурам горад жыў сваім пакрыёмым жыцьцём.
Хіба ж выпадкова, што менавіта тут нарадзілася РСДРП, калыска бальшавізму? Менск вызначыўся й стварэньнем тут у 1900 годзе Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы, якой кіравалі тутэйшыя асобы. А ў 1902 годзе ў Менску, у залі ўрачыстасьцяў «Парыж» прайшоў гістарычны ІІ Усерасейскі зьезд сіяністаў.
Дарэчы, што гэта за заля была такая?
Харэўскі: Гэта была заля для ўрачыстасьцяў у доме Ліхтэрмана, на рагу Калектарнай і Нямігі. Дарэчы, цудам ацалела акурат тая частка будынку, дзе праходзіў сіянісцкі сход.
За палітычнай бурапенаю стаялі і рэальныя людзкія лёсы. Напрыклад, выбітнай украінскай паэткі Лэсі Ўкраінкі, якая прыяжджала ў Менск да менчука Сяргея Мяржынскага, які быў акурат тым сацыял-дэмакратам, які арганізаваў той самы першы зьезд РСДРП у зялёным дамку. У 1901 годзе Лэся Ўкраінка прыехала ў Менск да ўжо сьмяротна хворага каханага, пражыўшы пры ім колькі халодных месяцаў. На самым схіле ягонага кароткага жыцьця ўкраінская паэтка напісала тут магутную паэму «Одержима» («Апантаная»). Як яна згадвала пазьней:
«… Я яе ў такую ноч пісала, пасьля якой, мабыць, буду доўга жыць, калі ўжо тады жывая засталася…. Калі б мяне хто-небудзь спытаў, як я з усяго жывая выйшла, то я б таксама магла адказаць: J’en ai fait un drame…»
Ракіцкі: Дык якім жыцьцём жыла менская багема?
Харэўскі: Багема Менску пачатку ХХ стагодзьдзя жыла сваім жыцьцём. У бацькоўскім доме Альбэрта Паўловіча, на былой Нова-Раманаўскай, № 36 (цяпер пустка каля кінатэатру «Беларусь»), зьбіралася беларуская эліта: Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля і Максім Багдановіч.
Думаю, сумна там не было. Сам Паўловіч, калярытнага выгляду слынны паэт-гумарыст, сур’ёзна гуляў у шашкі і шахматы, друкаваў у часопісах і газэтах шахматныя і шашачныя задачы. Да таго ж быў самадзейным акторам, мастаком, музыкам, вышываў дываны, што дэманстраваліся на мастацкай выставе 1914 году. Паэт Альбэрт Паўловіч быў таксама заўзятым філятэлістам і нумізматам, калекцыянаваў птушыныя пёры, меў вялікую калекцыю паштовак з пэйзажамі. Зрэшты, і ягоныя госьці былі калярытнай публікай.
Бадай, ня меней калярытныя госьці зьбіраліся і ў доме Янкі Лучыны, сапраўднага менчука-інтэлігента, які пісаў вершы і апавяданьні па-беларуску, па-польску, па-расейску. Ён, бадай, самы менскі паэт у гісторыі нашай літаратуры, гэткі genius loci, вядомы ў свой час кожнаму менчуку і на вуліцах гораду, і ў менскім тэатры, дзе паэт ад імя ўдзячнай публікі па-беларуску вітаў заежджыя трупы.
Ракіцкі: Варта тут зазначыць, што і Альбэрт Паўловіч належаў да старадаўняга шляхецкага роду. Між іншым, і той самы дом першага зьезду РСДРП, зладжанага Мяржынскім, належаў дваранцы Францішцы Ржэцкай, якая здавала яго інтэлігентнага выгляду чыгуначнаму чыноўніку Румянцаву. Натуральна, далёка ня ўся шляхта захаплялася ідэямі пераўтварэньня сьвету або разбудоваю беларушчыны. Маю на ўвазе тутэйшую арыстакратыю. Як бавіла яна час?
Харэўскі: Так, было ў Менску і арыстакратычнае жыцьцё. Князь Уладзімір Андрэевіч Друцкі-Сакалінскі, апошні менскі губэрнатар, убачыў Менск такім:
«Князі Радзівіл, графы Брэйль і Зібэр-Плятэр, графы Чапскія і Красінскі, Горват, Вайніловіч, Скірмунт ды іншыя — усё гэта былі абшарнікі маёй губэрні, пры тым, што жылі ў сваіх сядзібах летам і ў Менску зімой. Гэтыя заможныя сьвецкія людзі шмат прымалі ў сябе, жыцьцё біла крыніцай, і да вайны Менск, несумненна, быў вельмі жывым і цікавым польскім цэнтрам, мала розьнячыся па складзе ад сьвецкіх колаў Варшавы. (…) Расейцы былі прадстаўленыя выключна служылым клясам і вайскоўцамі. (…) Вайсковае грамадзтва, узначаленае камандзірам корпусу, багатым, прыветлівым генэралам Навасільцавым, таксама шмат прымала, выяжджала, танцавала, і таму зімовы сэзон у Менску быў запоўнены вечарамі, балямі, спэктаклямі і прыёмнымі днямі».
Ракіцкі: То бок менскае сьвецкае жыцьцё было падобнае паводле маштабу да Варшавы? А расейцы як бавіліся? Яны ж таксама ў Менску былі.
Харэўскі: А расейцы былі амаль выключна вайскоўцы. Адзін з тых арыстакратаў, Мячыслаў Ялавецкі, пакінуў нам апісаньне свайго вясельля з дачкою Зыгмунда Ваньковіча, Юліяй, у Вялікай Сьляпянцы:
«Госьці былі ў сьвяточных уборах: мужчыны ў фраках, жанчыны ў вячэрніх сукенках. Брыльянты, ізумруды і рубіны, што ўпрыгожвалі жанчын зь сямейства Ваньковічаў, сьляпілі вочы… Нават вялізная заля Сьляпянкі не магла зьмясьціць усіх гасьцей. А было больш за сто чалавек… Пасьля абеду мы фатаграфаваліся, прытым у фатографа вельмі шмат часу пайшло на расстаноўку такой шматлікай групы людзей».
Апошнім гаспадаром Вялікай Сьляпянкі стаў Пётар Ваньковіч. У 1915 годзе палац занялі расейскія войскі. Дачка апошніх гаспадароў Марыя Ваньковіч пабралася шлюбам зь Вітольдам Ваньковічам. Пасьля вянчаньня ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены госьці скіраваліся ўжо не ў сьляпянскую сядзібу, а ў гасьцініцу «Эўропа», на той час самую фэшэнэбэльную ў горадзе.
Ракіцкі: І сёньня гатэль з гэткай самай назваю, наноў пабудаваны побач з тым самым месцам, дзе стаяў колішні, лічыцца ў Менску фэшэнэбэльным. А ці былі іншыя багемныя адрасы, апроч шматлікіх, як я разумею, гатэляў? Напрыклад, якая вуліца лічылася самай шыкоўнай, элітнай?
Харэўскі: На мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў такой была вуліца Юраўская, што праходзіла пасярэдзіне цяперашняй Кастрычніцкай плошчы.
Тут быў дом Янкі Лучыны, а насупраць — Мяшчанская ўправа, што займалася ўлікам асобаў і выдачай пашпартоў. У верасьні 1907 году тут быў уручаны пашпарт Луцэвічу Івану — Янку Купалу. Будынак управы не захаваўся, як і рэдакцыі газэты «Северо-Западный край», якая апублікавала першы верш Купалы. І сядзібы літаратара Янкі Лучыны, што стаяла тут, таксама няма. На іх месцы сёньня Дом культуры вэтэранаў.
А ў доме Сагаловіча на Юр’еўскай, 17 існаваў вядомы клюб «Акварыюм» — музычны рэстаран-тэатар, дзе штодня даваў канцэрты струнны аркестар з 15 музыкаў. Праграма абнаўлялася кожныя пяць дзён. Уваходны квіток каштаваў 50 капеек.
У Менску тады адкрываліся кафэшантаны з шансанэткамі і канфэрансье, кабарэ на парыскі манер з аголенымі танцоркамі. У клюбах танцавалі модныя тады танга, канкан, чарльстон і чачотку. Часта выступалі цыганскія хоры і танцавальныя групы, шансанэткі зь Нямеччыны і апэрэтачныя дзівы з Расеі, польскія куплетысты і францускія комікі, а па начох быў адкрыты тэатар-вар’етэ.
Быў і модны пераймальнік, тутэйшы «Вярцінскі» — Амэтыст Матэо (Мітрафан Селівончык). Надзвычай папулярнымі ў «Акварыюме» былі выступы актора Вацлаўскага, які выконваў нумары ў жаночых уборах.
А ўжо на досьвітку, калі а 4-й раніцы «Акварыюм» зачынялі, ахвотныя да прыгодаў выпраўляліся ў раён «чырвоных ліхтароў» на вуліцы Вясёлай, што вяла праз Паліцэйскі мост над Сьвіслаччу. Гэта сёньня кавалак вуліцы Першамайскай каля парку імя Горкага і вуліцы Пуліхава.
Ракіцкі: Калярытна. Насамрэч, выглядае, што жыцьцё ў Менску віравала ня горш, чым у эўрапейскіх гарадах. Але гэта былі забавы для сярэдняй публікі пры грашах. А ці было што для эстэтаў, для мастацкай багемы?
Харэўскі: Было. Зусім іншая публіка зьбіралася ў артыстычнай кавярні «Сэлект», у самым цэнтры гораду, на вуліцы Захар’еўскай. Там гучала музыка, ставіліся «жывыя карціны», можна было выпіць кавы, абмяняцца думкамі. А на мастацкія выставы, што праходзілі тут, адмыслова маляваліся запрашальныя квіткі. Гэта было месца для багемнай інтэлігенцыі.
Кавярня была аздобленая першым менскім, як мы сёньня кажам, дызайнэрам Яраславам Тышынскім, гадаванцам кракаўскай Акадэміі мастацтваў. Слынны польскі скульптар і дэкаратар Тышынскі прыехаў у Менск на запрашэньне свайго сябра, менскага архітэктара Атона Краснапольскага. Працаваў спачатку як настаўнік мастацтваў для дзяцей тутэйшых арыстакратаў у розных маёнтках (Ваньковічаў, Чапскага, Прушынскага), а затым заснаваў у Менску сваю ўласную студыю скульптуры.
У палацы Ляхоўскага на Саборнай плошчы зьбіралася тутэйшае артыстычнае і мастакоўскае таварыства творчай моладзі «Ognisko». Тут у 1911 годзе яны зладзілі грандыёзную мастацкую выставу, дзе былі прадстаўленыя 116 твораў 47 мастакоў. Арганізатарам выставы стаў той самы скульптар Яраслаў Тышынскі.
А фотарэпартаж з выставы для прэсы зрабіў Ян Булгак, чые фататворы таксама экспанаваліся там. Гаворачы пра геніяльнага фатографа Булгака, мы часта забываем, што ягоны творчы шлях пачаўся менавіта ў Менску, у ваколіцах якога ён гаспадарыў, арандуючы фальварак Перасека.
У згуртаваньні творчай моладзі «Ognisko» браў чынны ўдзел і менскі гімназіст, у будучым вялікі мастак і прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Фэрдынанд Рушчыц, чые гімназічныя гады прайшлі ў нашай сталіцы.
У Менску было багата творчай інтэлігенцыі з Польшчы. Напрыклад, тут працавалі такія выбітныя дойліды з Варшавы, як Гэнрык і Ўладыслаў Марконі, Гэнрык Гай і Тадэвуш Раствароўскі, Томаш Пайздэрскі, дарэчы, грамадзянін Прусіі з Варшавы. Славуты дойлід Юзаф Пій Дзэконьскі з Варшавы рабіў праекты велічнага сабору для парафіі Сьвятой Тройцы на Залатой Горцы. Збудаваць яго перашкодзіла Першая сусьветная вайна…
Ракіцкі: А затым грымнулі і рэвалюцыі. Гісторыя пайшла зусім у іншым кірунку. Але пакуль яшчэ ў Менску віравала і палітычнае, і грамадзкае, і культурнае жыцьцё. Спрыяў горад і актыўнаму, вясёламу жыцьцю моладзі. Але пра тое, што сёньня маладыя людзі называюць «тусовачным» баўленьнем часу, мы пагаворым з культуролягам, мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім у наступнай перадачы «Новая Атлянтыда».