Цяпер можна часта пачуць такую думку, што прычынай расійскай агрэсіі ва Украіне з’яўляецца адзін чалавек, што расіяне знаходзяцца пад уздзеяннем шматгадовай прапаганды і не да канца разумеюць, што адбываецца. Што ва ўсім вінаватыя ўсім вядомыя прапагандысты і трэба проста адключыць народ ад «Першага канала» і Russia Today. Такое даводзіцца часам чуць і ад расійскіх недзяржаўных медыя і аналітыкаў. Але падаецца, гэта вельмі спрошчаны погляд, сітуацыя значна глыбей. Тое, што многія ўвесь той жах, які адбываецца зараз, не да канца разумеюць, гэта відавочна. Але трэба падзяляць тых, хто сапраўды не разумее, і тых, хто проста не хоча нічога разумець. І такіх людзей, магчыма, нават больш. Тых, хто выдатна ўсё разумее і ўсё роўна працягвае падтрымліваць «спецаперацыю». Каб зразумець на здаровую галаву, што рухае такімі людзьмі, паспрабую зрабіць невялікі гістарычна-сацыяльны аналіз стану расійскай улады і расійскага грамадства.
Нейкі час здавалася, што Уладзімір Пуцін спрабуе стварыць з сучаснай Расіі дзяржаву, блізкую да Расійскай імперыі часоў дынастыі Раманавых, амаль цалкам адсунуўшы ў бок спадчыну СССР. Не сакрэт, што любімым філосафам прэзідэнта Расіі з’яўляецца Іван Ільін, паслядоўны і перакананы прыхільнік прынцыпу непрымірымасці ў барацьбе з камунізмам. Ёсць у яго і асабісты духаўнік. Да і самога расійскага лідара часта называлі не інакш як цар.
Іван Аляксандравіч Ільін (1883–1954). Фота з сайту wikipedia.org
Але з цягам часу ў Расіі пачалі ўсё больш рашуча аднаўляць савецкую спадчыну. З’явілася сумнавядомая акцыя «Бессмяротны полк», якая хутка пераўтварылася пры самай непасрэднай дзяржпадтрымцы ў нейкі варыянт ваеннага параду без зброі.
Шэсце «Бессмяротнага палка» ў Растове-на-Доне, 9 мая 2013 года. Фота з сайту wikipedia.org
Адзін за адным на шырокія экраны пачалі выходзіць фільмы пра герояў Вялікай Айчыннай і перамогі савецкіх спартоўцаў. Што гэта? Расійская ўлада карэнным чынам змяніла погляды? Зусім не. Адказ на гэтае пытанне даў нядаўна сам Уладзімір Пуцін, які заявіў, што лічыць развал СССР галоўнай трагедыяй ХХ стагоддзя. «Бо што такое распад Савецкага Саюза? Гэта распад гістарычнай Расіі пад назвай Савецкі Саюз», — сказаў ён у інтэрв’ю ў фільме «Расія. Найноўшая гісторыя» на тэлеканале «Расія 1». І нічога дзіўнага тут няма. Прэзідэнт Расіі проста «асядлаў» настроі, якія пануюць сярод пераважнай большасці насельніцтва.
Трэба разумець, што ў расіян дамінуе не нацыянальная, а менавіта імперская дзяржаваўтваральная парадыгма. У рамках якой зусім не важна, існуе Расія ў якасці Расійскай Федэрацыі, Расійскай манархічнай імперыі ці Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, сядзіць зараз у Крамлі гасудар-імператар ці генеральны сакратар, з’яўляецца дзяржаўнай ідэалогіяй православие-самодержавие-народность ці марксізм-ленінізм. Галоўнае, каб на троне быў моцны правіцель, бо «без цара народ рускі сірата», ну і тэрыторыі, канечне.
І вось ужо Іосіф Сталін заняў пачэсны пасад між Іванам IV і Аляксандрам Неўскім. Але нічога ніколі не ўзнікае само па сабе. Гэтая эклектычная ідэалогія бярэ свой пачатак у працах расійскіх філосафаў-еўразійцаў мінулага стагоддзя. Найбольш вядомыя з іх — гэта сын паэтаў Ганны Ахматвай і Мікалая Гумілёва, гісторык і стваральнік тэорыі «пасіянарнасці» Леў Гумілёў; лінгвіст, філосаф, публіцыст, этнограф і гісторык Мікалай Трубяцкі, а таксама ураджэнец украінскай Чарнігаўшчыны Пётр Савіцкі. Апошні, дарэчы, памёр падчас падзей «Пражскай вясны» 1968 года, калі савецкія танкі, па афіцыйнай савецкай жа версіі, прыехалі вызваляць народ Чэхаславакіі ад контррэвалюцыйнай банды, што захапіла ўладу ў краіне і праводзіла антынародную палітыку.
Леў Мікалаевіч Гумілёў (1912–1992). Фота з сайту wikipedia.org
Мікалай Сяргеевіч Трубяцкі (1890–1938). Фота з сайту wikipedia.org
Пётр Мікалаевіч Савіцкі (1895–1968). Фота з сайту studme.org
Але галоўную ролю тут трэба аддаць сучаснаму расійскаму філосафу і публіцысту Аляксандру Дугіну. Менавіта яму ўдалося злучыць антыбальшавізм Ільіна з еўразійствам Гумілёва, змяшаць гэта з настальгіяй па Савецкім Саюзе і стварыць такім чынам новы ідэалагічны канструкт гісторыі Расіі, куды цалкам арганічна ўпісаўся СССР, які Дугін пафасна называў Савецкая Русь. Менавіта гэты канструкт і стаў тым падмуркам, на якім будуецца зараз сучасная дзяржаўная ідэалогія Расіі. Ён, відаць па ўсім, стаў для дзяржаўных дзеячаў Расіі той самай нацыянальнай ідэяй, якую даўно шукалі.
Аляксандр Гельявіч Дугін. Фота з сайту litmir.me
І тут ужо трэба прызнаць, што гэтая ідэя лягла на самую падатлівую народную глебу. Нават па незалежных падліках падтрымка вайны сярод расіян зараз складае не менш за 60%. Узгадайце падзеі 2013–2014 гг. ва Украіне. Анексію Крыма і падзеі на Данбасе. З якой непрыкрытай радасцю прывіталі гэта шырокія пласты насельніцтва Расіі. Абсалютна нармальныя, здавалася б, знешне людзі масава пачалі крычаць пра нацыстаў у Кіеве і забарону рускай мовы. Напэўна, тады шмат каму яшчэ здавалася, што гэта нейкае часовае памяшальніцтва і з цягам часу ўсё мінуе, людзі прыдуць у сябе. Але мінуў толькі час, а людзі ўсё тыя ж.
А памятаеце 2020 год у Беларусі? Мяркую, тады не толькі я адзін пасварыўся са сваімі расійскімі знаёмымі, якая значна лепей за нас, беларусаў, ведалі і разумелі, што адбываецца ў нашай краіне і ўпарта нам, недарэкам, тлумачылі пра геапалітычную сітуацыю ў свеце, дзе ідзе супрацьстаянне Расіі і Кітая з аднаго боку і калектыўнага Захаду з другога. Нам проста адмаўлялі ў праве верыць у тое, што адбываецца наўпрост за нашымі вокнамі. І вось наступіў 2022 год. Надышоў, нарэшце, час рускага катарсісу. Армія РФ увайшла на тэрыторыю суседняй дзяржавы, паляцелі самалёты, пайшлі танкі і БТРы. Вядома, для расійцаў гэта зноў ніякая не вайна, гэта ўсяго толькі «спецаперацыя». Расія ж войны не пачынае. Да і расійскі міністр замежных спраў пра тое сказаў.
Беларусь як вечны палігон для расейскай арміі на Захадзе - ці не найгоршая перспектыва
Ведаеце, што бы я зараз параіў? Паспрабуйце проста паразмаўляць са сваімі знаёмымі ў РФ, калі яны ў вас яшчэ засталіся. Я спрабаваў. У асноўным адказы ідуць у стылі дзяржпрапаганды: нас прымусілі, Расія хоча міру, а таму вымушана ваяваць. Вайна — гэта мір. Оруэл стаў рэальнасцю ў ХХІ стагоддзі. І нават калі мае суразмоўцы не падтрымлівалі свайго прэзідэнта, а такія, вядома, былі, яны ўсё роўна ў размове раз за разам паўтаралі усё тую ж чароўную для іх мантру пра нацыстаў і забарону рускай мовы.
І апошняе. Я вельмі хацеў бы памыляцца і таксама зваліць усё на аднаго чалавека, але вось у чым бяда, шаноўныя. Абхазія, Чачня і Прыднястроўе ўзніклі значна раней, чым свет увогуле дазнаўся аб існаванні Уладзіміра Пуціна.
Дзяржаўны сцяг Расійскай Федэрацыі з гербам у цэнтры
Ілля Дняпроўскі, budzma.org