Угодкі сыходу апошніх слуцкіх паўстанцаў з радзімы праз лінію польскага кантроля на рацэ Лань чарговы раз прымушаюць задаць сабе пытанне аб выніках іх змагання. Ці варта было змагацца ім ці паўстанцам 1863, 1831 гг. — усё адно прайгралі?
Маўляў, фіны, латышы, эстонцы ці ірландцы не паўставалі ўсё XIX ст. і дамагліся незалежнасці пасля Першай сусветнай вайны. Не разбураўшы ўласную інфраструктуру вайной і рэпрэсіямі з боку імперыі і будуючы «знізу» нацыянальныя структуры «пазітыўнай працай». Дамагліся то яны дамагліся, але якім чынам, за кошт чаго? Украінцы, якія ў сваёй масе ў XVIII–XIX стст. былі на баку цара, не падтрымалі польскую шляхту ў паўстаннях, мелі Шаўчэнку, Гогаля, кіеўскі і львоўскі інтэлектуальныя асяродкі, незалежнасці не атрымалі. Чаму?
Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 г. Літва патрапіла, у адрозненне ад Беларусі, цалкам пад нямецкі вайсковы кантроль. Вайсковыя структуры жорсткія і падначальваюцца загадам. Прускія немцы спрадвек спансавалі літоўскі сепаратызм супраць палякаў і рускіх, а таму літоўскі урад атрымаў падтрымку ад акупантаў. Немцы планавалі зрабіць з Літвы каралеўства і злучыць яго уніяй пад імперскай каронай сваіх Гогенцолернаў. Прычым прысцягнуўшы ім Заходнюю Беларусь, бо мясцовая шляхта лічыла сябе нашчадкамі ВКЛ — старой Літвы. Толькі старыя феадальныя сем’і Літвы ў XIX ст. ужо былі ў асноўным польскамоўнымі і не далучалі сябе да новай балтамоўнай сялянскай нацыянальнай супольнасці.
Калі ў Германіі пачалася рэвалюцыя і яна капітулявала, палякі і балтыйскія народы абвесцілі аб незалежнасці. Гэта адбылося ў лістападзе 1918-га, пазней на паўгады, чым наша Трэцяя Устаўная грамата. К. Ульманіс — першы прэзідэнт Латвіі, да часу сядзеў пад аховай англійскіх караблёў і таксама, як і палітыкі БНР, не кантраляваў тэрыторыю Латвіі. Латышы і эстонцы наўрад ці змаглі б выстаяць супраць белай гвардыі Юдэніча і мясцовых немцаў, а літоўцы — супраць палякаў, каб балтаў не падтрымала Антанта. Брытанцы ці французы пастаўлялі зброю і маглі хоць нешта абяцаць абодвум бакам у выпадку наступнай вайны з бальшавікамі.
Вага гарантый Захаду
Пра вагу гарантый Захаду ў 1920-х — 1930-х можна паразважаць асобна. Так, была «дзіўная» вайна французаў з немцамі пачынаючы з 1939 г. у адказ на савецка-германскую акупацыю Польшчы, але ці захавалі б фіны незалежнасць пасля таго, як Саветы прарвалі іх лінію Манэргейма зімой 1940 г., каб брытанцы не пачалі рыхтаваць дэсантны корпус ім у падтрымку? Наўрад ці.
У нашым выпадку, напрыканцы Першай сусветнай, размовы аб незалежнасці БНР не вялося. Разумеючы нашу вагу для Масквы, немцы і Антанта гандляваліся з ёй за наш кошт.
Стрэльбы могуць бясконца страляць толькі ў дзіцячых гульнях у вайнушку ці кіно. Арміі патрабуюць забеспячэння. Зараз, падчас расійска-ўкраінскай вайны, на 10 байцоў на перадавой прыходзіцца каля 100 працаўнікоў тылу. Без адладжанай сістэмы пастаўкі зброі, сувязі, вопраткі, харчавання, лячэння, выведкі і падтрымкі сем’яў «тых, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» выйграць у арганізаваных дзяржаўных сістэм нерэальна. Што і паказалі паўстанні 1831 і 1863 гг. Самастойнае паўстанне было абвяшчэннем і доказам права на існаванне. Апошнім шанцам сесці за стол перамоваў.
Ці маглі беларусы і літоўцы не паўставаць у 1831 і 1863 гг.?
Невядомы аўтар. «Эпізод паўстання 1831 года». Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей
Як не паўставалі, напрыклад, украінцы і латышы. Можа, сталі б пісьменнымі, як фіны і эстонцы, зразумелі б — пайшлі б змагацца за незалежнасць. Бо жыць гаспадаром у сваёй маленькай хатцы лепей, чым батраком у здаравенным барскім хляве. У адрозненне ад фінаў, якія ў прынцыпе былі «мядзведжым кутом» імперыі і дзе працягвалі панаваць шведскія і нямецкія бароны, а сялян царская адміністрацыя прымусова не ўключала ў «трыадзіны» імперскі народ. Нашым сялянам і беднай шляхце ўзамен на адмову ад права вызначаць свой лёс самастойна прапанавалася адлучыцца ад карумпаванай старой магнатэрыі і ўдзельнічаць ва урбанізацыі і каланізацыі велізарнай імперыі. Чым табе не Амерыка пад бокам, але без патрэбы вучыць зусім іншую мову і ехаць за мора. Класічнае divide et impera — падзяляй і ўладар. Які праект, цікавы для нашых нізоў грамадства, прапанавала ім наша арыстакратыя ў ХІХ ст.? Як яна магла забяспечыць выкананне жыццёвых стратэгій без дзяржаўнасці?
Наша шляхта заставалася вельмі цесна завязаная з польскай сямейнымі сувязямі, культурай і касцёлам. Яны шмат стагоддзяў разам пралівалі кроў у змаганні супраць захопнікаў. Царскі і прускі акупацыйны кантроль мелі ў сваім падмурку трохі мадэрнізаваныя, але структуры шляхецкай карпарацыі, а беларускі і ўсе суседнія рухі пачатку ХХ ст. па стварэнні нацыянальных дзяржаваў былі сацыялістычнымі, і з мясцовай арыстакратыяй не жадалі мець нічога агульнага, акрамя іх грашовай і дыпламатычнай падтрымкі, асабліва перад арыстакратычнымі элітамі Антанты. Нават Ю. Пілсудскаму прыйшлося пасля перамогі ў вайне за незалежнасць саступіць уладу дэмакратычным палітыкам плейбейскага паходжання.
Праз царкоўныя стуктуры традыцыйна ішло фармаванне асобных ад дзяржавы інстытутаў падначаленых імперыям грамадстваў (галанцы, ірландцы, палякі). Праз самафінансаванне і ўзаемную падтрымку царкоўных прыходаў фарміраваліся сістэмы адукацыі і «даўгога» даверу паміж землякамі-аднаверцамі, які спрыяў адстойванню інтарэсаў грамады перад знешнім светам. Ніводны ўладар, якому сталічная царква пела ў вушы аб святым праве рабіць што заўгодна з выдадзеным яму Прадбачаннем, не аддаваў гэтага права у рукі падданым «халопам» без бою — ні гішпанскі, ні брытанскі, ні расійскі.
Вайна за незалежнасць ад Іспаніі і рэвалюцыя ў Нідэрландах ішлі ад 1566-га да 1648 г., рэвалюцыя ў Англіі — з 1649-га па 1660 г., вайна за незалежнасць ЗША — у 1775–1783 гг., французская рэвалюцыя з 1789 г. пералілася ў абарончыя, а потым імперскія войны Напалеона, якія калацілі Еўропу да 1815 г.
Нідэрландская, французская і амерыканская рэвалюцыі былі выкліканыя спробамі імперскіх метраполій жорсткім падатковым цяжарам на простае насельніцтва правінцый кампенсаваць свае страты на правядзенне войнаў. Улады ціснулі на сялян, якія і без таго галадалі з-за неўраджаяў. Простыя людзі паміралі з голаду, потым ішла эпідэмія, а палітыкі загадвалі салдатам забіраць у іх апошняе.
Што яшчэ агульнага ў англійскай рэвалюцыі і паўстання, напрыклад, Б. Хмяльніцкага 1648 г.?
Яны пачаліся, калі ў Еўропе вызвалілася шмат наймітаў — ветэранаў пасля завяршэння Трыццацігадовай вайны 1618–1648 гг. Жаўнеры былі часткай народа, якую каралі ўрады і шляхта, якую яны традыцыйна «кідалі» з аплатай за службу і якія выконвалі па загадзе палітыкаў брудную справу кантролю над масай.
Палітыкі БНР сапраўды спрабавалі дамовіцца з Антантай і з суседзямі, якія ўжо займелі падтрымку ад Захаду. Але яны не здолелі аб’яднацца вакол уласных ваенных, як гэта зрабілі палякі і балты. Калі ўсё вырашалася, урады БНР у 1918–1920 гг. развальваліся і драбіліся па прыкметах ідэалогіі, а не наяўнасці рэальных сілаў, больш за тое, палітыкі не падзялялі лёс народа дома, а пераязджалі ўсё далей у эміграцыю.
Беларускія мужчыны, вярнуўшыся з вайны, не імкнуліся зноў добраахвотна браць зброю ў рукі. Аж пакуль Саветы не пачалі прымусовую ўсеагульную мабілізацыю і выграбанне мужыкоў у свае дысцыплінаваныя масавымі расстрэламі часткі. Палякі і літоўцы ўзбройвалі ўласнае войска і хацелі інтэграваць беларусаў пад сваю каманду, а таму не збіраліся даваць ім магчымасці змагацца за іх уласную незалежнасць самастойна. Так ці іначай, беларусам прыйшлося выбіраць, каму плаціць нашай крывёй, але не за нашу свабоду і незалежнасць. Палякам удалося пры дапамозе «старалітвіна» Л. Жалігоўскага захапіць Віленшчыну, але самаабвешчаны «начальнік войска БНР» С. Булак-Балаховіч пацярпеў паражэнне на Палессі і адышоў за польскую мяжу ўжо, калі пачалося Слуцкае паўстанне. Арганізаваныя «знізу» случакі і рэгулярныя часткі з больш-менш добрым пачатковым забеспячэннем не злучылі свае сілы. Паўстанне і рэгіянальны гераічны Чын не сталі вайной дзяржаўных структур.
Ці маглі паўстанцы выйграць?
Ідэю, час якой настаў, куля не спыніць, але бяззбройнага чалавека цалкам можа. Паўтаруся, без запасаў і забеспячэння: без артылерыі, стрэльбаў, боекамплекту і харчавання пратрымацца супраць дзяржаўнай арміі ніводныя паўстанцкія рухі не могуць.
Вынік быў заканамерны — яны былі вымушаныя адступіць. Пры настолькі татальнай перавазе ворага добра, што арганізавана адышлі і большасць з іх выжыла ў баях. Палякі раззброілі і балахоўцаў, і случакоў, памясцілі іх у працоўныя лагеры, а па вясне адпусцілі дамоў. Частка вярнулася ў бальшавіцкую Беларусь. Нягледзячы на абяцанні і амністыю, праз пару год чэкісты схапілі тых, што вярнуліся, і родных тых, што эмігравалі. Ахвяр з сем’ямі выслалі на Салаўкі.
Прыгадаем, што на лістапад — студзень у шэрагах балахоўцаў і случакоў было мінімум 20 000 ваяроў. Гэта больш, чым удзельнікаў паўстанняў і вайны за незалежнасць супраць брытанскага панавання ў Ірландыі. Расійскі імперыялізм — не брытанскі.
Ахвяраў змагароў 1918–1920 гг. аказалася недастаткова, каб вызваліцца, але дастаткова, каб іншыя беларусы змаглі дамагчыся ад палякаў прадстаўніцтва ў парламенце і сенаце, а ў БССР стварэння ўмоўнай, але асобнай тэрытарыяльнай этнічнай аўтаноміі беларусаў. Маса перайшла ў структуру.
Савецкая перакасабочанасць і сталінскія рэпрэсіі адрыгнуліся нам лукашызмам, канец якому паклала рэвалюцыя 2020 г. Мы жывем у час новага пераходу колькасці ў якасць.
Для параўнання з лёсам случакоў варта ўзгадаць пра лёс выехалых пад гарантыі Антанты з Крыму ў Турцыю армій Дзянікіна. Першых «харошых рускіх». Яны з’ехалі арміямі, палітычнымі арганізацыямі прафесіяналаў са зброяй і чакалі аднаўлення вайны з бальшавікамі пры падтрымцы заходніх саюзнікаў. Па іх меркаванні, Захад ім павінен быў дапамагчы, а камуністы — разваліцца пад цяжкасцю ўласнага ідыёцкага і крывавага эксперыменту праз пару год. Праз пару год у расіян канфіскавалі зброю, і яны сталі натоўпам працоўнай сілы Турцыі, Сербіі, Германіі, Францыі, ЗША. Некаторыя з белых вярнуцца помсціць бальшавікам разам з нацыстамі. Рускія пад трыкалорам і георгіеўскімі стужкамі стануць самай масавай часткай узброеных сілаў вермахта і паліцыі на тэрыторыі СССР. Але гэта асобная гісторыя.
Цана самастойнасці
Жыццё кожнага чалавека бясцэннае, але, як казалі амерыканскія рэвалюцыянеры, «дрэва свабоды паліваецца крывёю патрыётаў». На жаль, гэта цана самастойнасці. Дарослай адказнасці за свой лёс.
Спачатку вызвольныя рухі сялян і гарадской басоты прайграюць арганізаванай у дзяржаўную структуру шляхце. Бо паўстанцкія «нізы» не давяраюць палітыкам і тыя не могуць дамовіцца паміж сабой. Так ці іначай, калі палітыкі ці метраполіі і суседзі не могуць знішчыць рух, яны прызнаюць яго права на існаванне і спрабуюць яго ўзначаліць. У найбольш адэкватным варыянце — інтэграваць мясцовых палітыкаў у свае дзяржаўныя і эканамічныя інстытуты, ствараючы іх тытульныя аўтаноміі. З цягам часу з аўтаномій вырастае рэальная структура з уладнымі паўнамоцтвамі, якую ўзначальваюць мясцовыя. Тады да сялян далучаюцца эліты, якія ўжо бачаць сваю выгоду ў незалежнасці, ведаюць, як выглядае свет далей за вясковую ваколіцу. Таму «вярхі» плоцяць кошты і амартызуюць рызыку змагання, падтрымліваюць эканамічна, палітычна і інтэлектуальна права на існаванне народа, яго права пакідаць сабе вынік мазольнай працы, а не аддаваць яго суседу.
Пасля маніфестацыі нацыянальнага суверэнітэту і абвяшчэння часткай эліт калоніі аб сваім жаданні самастойна кіраваць, у XIX–XX стст. звычайна пачыналася рэальная крывавая вайна за незалежнасць супраць метраполіі. Зараз такая ідзе ва Украіне.
Дарослыя людзі і нацыі адказваюць за сябе самі. Калі ты маўчыш, не спрабуеш, не робіш, ніхто табе нічога добраахвотна не аддасць. Таму абвяшчэнне сваёй волі да самастойнага жыцця нашым народам падчас паўстанняў 1863, 1920 і 2020 гадоў...Так. Кожны раз. Кожны крок. Варта было.
Ī., budzma.org