Цікавей за кіно – “будзьмаўцы” ў Беразіно

 20 ліпеня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі ў раённай бібліятэцы горада Беразіно. Слухачы пачулі песні на вершы беларускіх класікаў, а таксама пазнаёміліся з унікальнымі запісамі з аўдыё-анталогіі “Галасы паэтаў” (яе склалі каля паўтысячы твораў у выкананні 60 творцаў). Былі таксама прэзентаваныя кнігі серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” – “Духу магутныя чары” Ларысы Геніюш і “Даць народу гісторыю” Мікалая Улашчыка.

Расказваючы пра Л. Геніюш, М. Скобла прыгадаў аднаго з першых айчынных скарыназнаўцаў Міколу Прашковіча, з якім паэтка сябравала і ліставалася, якому прысвячаў вершы Ул. Караткевіч. Ён быў родам з Бярэзіншчыны, там пражыў апошнія гады жыцця і пахаваны ў вёсцы Асмолаўка. “У наступным годзе нас чакае залаты юбілей – 500-годдзе Скарынаўскага кнігадруку, наша Пяцісотгоднасць, і імя М. Прашковіча, які ўпершыню сабраў і выдаў “Прадмовы і пасляслоўі Францішка Скарыны”, не павінна быць забыта”, – падсумаваў паэт і даследчык літаратуры. Як запэўнілі бярэзінцы, у іх горадзе створаная рабочая група па стварэнні краязнаўчага музея, якая займаецца ў тым ліку і архівам земляка.

Вельмі цёпла ўспрынялі бярэзінцы і песенную праграму Т. Грыневіч-Матафонавай, якая складаецца з музычнай і літаратурнай класікі. Падносячы спявачцы букет ружаў, дырэктарка бібліятэкі прызналася, што выступ гасцей, якія прадстаўлялі кампанію “Будзьма беларусамі!”, быў цікавейшы за любое кіно.

Пасля выступлення для сталічных творцаў была зладжаная экскурсія ў адзіны ў Беларусі бярэзінскі Музей лыжкі.

 

 

 

 

 

Тэгі: