Цырымонія ўручэння “Грэмі” — час для апладысментаў і нечаканасцяў

24.01.2014 Музыка

Прэмія “Грэмі” такая прадказальная… Акрамя тых выпадкаў, калі яна абсалютна непрадказальная.

Увечары ў нядзелю канал CBS будзе трансляваць 56-ю штогадовую цырымонію ўручэння прэмій “Грэмі”, якая пройдзе ў Стэйплз-цэнтры ў Лос-Анджэлесе. Для прафесіяналаў музычнага бізнэсу гэта самы галоўны дзень у годзе, бо дае магчымасць паказаць сябе, паглядзець на іншых і паспаборнічаць за перамогу, а для простых аматараў музыкі гэта шанец падтрымаць сваіх фаварытаў, паперажываць за іх і — амаль непазбежна — застацца ў засмучэнні ад таго, што твой любімы выканаўца не атрымаў узнагароды.

Галоўныя інтрыгі гэтага вечара: ці атрымаюць Макльмор і Раян Льюіс галоўныя прызы і ці даб’юцца прызнання незалежніцкага, адкрыта ліберальнага рэпу? Ці здабудуць “Грэмі” самыя папулярныя выканаўцы 2013 года — Lorde, Бруно Марс, Робін Цік і “Daft Punk”? Ці, як заўжды, з нейкіх незразумелых прычынаў будуць узнагароджаныя нікому не вядомыя артысты, як гэта здарылася ў 2008 годзе, калі Хэрбі Хэнкак перамог Эмі Уайнхаўс і Каньей Уэст у намінацыі “Найлепшы альбом года”, ці ў 2011 г., калі Эсперанса Сполдынг — малавядомая джазавая спявачка — перамагла Джастына Бібера і Дрэйка ў намінацыі “Найлепшы дэбют года”?

Галоўныя намінанты гэтага года — дуэт Macklemore і Ryan Lewis, якія вокамгненна прайшлі шлях ад нікому невядомых выканаўцаў да вяршынь шоу-біза дзякуючы таму, што раскручвалі сябе самі і ў інтэрнэце, і на радыё. Гэтыя рэперы і самі сабе прадзюсары з Сіэтла выпусцілі свой альбом “The Heist” саматужна, незалежна ад запісваючых кампаній, і займаліся яго прамоцыяй праз YouTube, а потым заключылі дамову аб распаўсюджванні сваіх трэкаў з кампаніяй “Warner Music”. Яны прадалі 1,3 мільёна сваіх дыскаў і 16,5 мільёнаў асобных трэкаў, а таксама сталі аднымі з найбольш папулярных выканаўцаў, чые кампазіцыі праслухоўваюць на сайце www.spotify.com. Дуэт высунуты на сем намінацый “Грэмі”, сярод якіх “Альбом года”, “Песня года” (за гімн роўнасці любых шлюбаў “Same Love” (“Такое ж самае каханне”) і “Найлепшы дэбют”.

“Мы і думаць не думалі, што нас намінуюць», — кажа Раян Льюіс падчас перапынку на рэпетыцыі свайго выступу на шоу. “Быць высунутым на “Грэмі” — гэта вялікі гонар і суцэльная неспадзяванка для нас. У нас сем намінацый, тры з іх — вельмі істотныя, у гэта немагчыма паверыць! Любы музыка можа толькі марыць пра такое!”

Трохі больш чым год таму ніхто не ведаў пра Lorde, 17-гадовую новазеландку, сапраўднае імя якой — Эла Еліч-О’Конар. Дзяўчына проста размяшчала свае песні на музычным сайце SoundCloud. Але ўжо пад восень яе кампазіцыя “Royals” дзевяць тыдняў запар займала першае месца па праслухоўванні. Гэтая поп-песня — справядлівая і тонкая крытыка “гэтсбіізма” і “гэтсбіістаў” — прыхільнікаў стылю жыцця, апісанага ў “Вялікім Гэтсбі”, — можа атрымаць перамогу ў намінацыях «Запіс года» і «Песня года», а ўсяго Lorde высунутая на чатыры намінацыі.

Джэй Зі (Jay Z) атрымаў дзевяць намінацый у сямі катэгорыях, а Дрэйк (Drake) высунуты на пяць намінацый.

У катэгорыі “Запіс года” кампазіцыя “Royals” будзе змагацца з песняй “Get Lucky” гурта “Daft Punk”, хітом “Radioactive” ад гурта “Imagine Dragons”, песняй Бруно Марса “Locked Out of Heaven” і кампазіцыяй “Blurred Lines” Робіна Ціка, якая ў мінулым годзе хоць і ўзначальвала спіс найбольш прадаваных песень, але можа не атрымаць “Грэмі”, бо аўтараў абвінавацілі ў тым, што яны без дазволу зрабілі пазычанні з песні Марвіна Гея “Got to Give It Up”.

Усе гэтыя песні прадстаўляюць розныя жанры і кірункі сучаснай музыкі, і ўсе яны былі вялікім хітамі — некаторыя крытыкі бачаць у гэтым станоўчую тэндэнцыю да дыверсіфікацыі: стылёвая разнастайнасць робіцца моднай і запатрабаванай. Яны таксама ўсцешаныя, што “Грэмі” не застаецца ўбаку ад гэтага працэсу і імкнецца адлюстраваць у сваіх намінацыях усе адценні сучаснай поп-музыкі.

“Грэмі” не стаіць на месцы, — кажа Джо Леві, рэдактар часопіса “Billboard”. — Абсалютна відавочна, што яны спрабуюць паставіць вялікае шоу і паказаць найлепшыя дасягненні ў сённяшняй музычнай індустрыі”.

І ўсё ж такі “Грэмі” — гэта грандыёзнае шоу, дасканала адрэпетаванае і зрэжысаванае відовішча, яскравыя выступы і нечаканыя камбінацыі — у гэтым годзе, напрыклад, вядомы кітайскі піяніст-віртуоз Лан Лан будзе выступаць з “Металікай”, а “Imagine Dragons” далучацца да рэпера Кендрыка Ламара, які вылучаны на сем намінацый, у тым ліку і на “Найлепшы альбом года” і “Найлепшы дэбют”. Пры канцы цырымоніі “Nine Inch Nails” выступяць разам з “Queens of the Stone Age”, Дэйвам Гролам і вакалістам і гітарыстам гурта “Fleetwood Mac” Ліндсі Бакінгемам.

“Daft Punk” будуць выступаць разам з Нілам Роджэрсам, Фарэлам Уільямсам і Сціві Уандэрам. Таксама чакаецца выступленне Беёнсэ, хаця гэта яшчэ не пацверджаная інфармацыя. (Магчыма, яе з’яўленне запланаванае ў якасці сюрпрызу для гледачоў.)

“Грэмі” заўсёды імкнецца здзівіць публіку. Намінанты былі абвешчаныя яшчэ ў мінулым месяцы. Не засталося незаўважаным, што ні Lorde, ні Imagine Dragons не трапілі ў намінацыю “Найлепшы дэбют”, хоць і трапілі ў іншыя катэгорыі. Такая ж гісторыя і з Джастынам Тымберлэйкам — хоць ён і вылучаны на сем намінацый, у галоўных катэгорыях яго няма, нават пры тым, што ён быў фаварытам падчас мінулага шоу і выпусціў новы, вельмі паспяховы альбом.

Надзвычай моцныя прэтэндэнты на “Найлепшы альбома года” — “The Heist”, “Daft Punk” і іх “Random Access Memories”, Містар Ламар і ягоны “good kid, m.A.A.d city” і Тэйлар Свіфт са сваім “Red”, таму ўключэнне альбома “The Blessed Unrest” Сары Барэліс, продажы якога значна ніжэйшыя за канкурэнтаў, таксама выклікае здзіўленне.

Ніл Портнаў, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі мастацтва і навукі гуказапісу, якая і заснавала “Грэмі” ў свой час, кажа, што прафесіяналам музычнага бізнэсу і шырокай публіцы выбар Акадэміі можа падавацца дзіўнымі і нечаканым, але справа ў тым, што галоўны крытэр пры намінаванні і выбары пераможцы ў той ці іншай катэгорыі — не продажы і заробак артыста, а музычная якасць песні ці альбома і мастацкая вартасць прадукту.

Ніл Портнаў працягвае: “Мы адрозніваемся ад іншых прэмій — мы непрадказальныя. За намінантаў галасуюць музычныя прафесіяналы і творчыя людзі, а іх меркаванні пра тое, што такое вялікая музыка, могуць трохі адрознівацца ад уяўленняў шырокай публікі”.

Паводле telegraph.co.uk