19 красавіка спаўняецца 80 гадоў з дня пачатку паўстання ў Варшаўскім гета, у якім удзельнічала нямала ўраджэнцаў Беларусі. Сярод іх Цывія Любеткін: яна нарадзілася ў Беларусі, займалася грамадскай дзейнасцю на тэрыторыі Польшчы, пачатак вайны сустрэла ў Заходняй Украіне, вярнулася ў Варшаву, была падпольшчыцай Кракаўскага гета, пасля Варшаўскага, сярод нямногіх вырвалася з атачэння, сведчыла супраць нацыстаў у судах і сёння фактычна з’яўляецца сімвалам габрэйскага супраціву ў свеце. Партрэт Цывіі разам з мужам размешчаны на адной з паштовых марак Ізраіля. Яе можна ўбачыць на некалькіх муралах у варшаўскім раёне Муранаў, зробленых у памяць пра яўрэйскі супраціў. У яе гонар названа адна з вуліц Тэль-Авіва. У Беларусі ж яе імя мала хто ведае, а ўлады Івацэвіцкага раёна адмовіліся назваць імем Цывіі Любеткін адну з вуліц яе роднага Быценя. Пра нацыянальную гераіню Ізраля і Польшчы radiounet.fm паразмаўляла з гісторыкам Алесем Белым.
Крыніца: polin.pl
— Спадар Алесь, спаўняецца 80 гадоў з дня пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Удзельнічалі там беларусы. Пра каго мы ведаем?
— Я ведаю пра двух, гэта якраз было найвышэйшае кіраўніцтва паўстання — Цывія Любеткін, ураджэнка Быценя ў Івацэвіцкім раёне, і Марк Эдельман, ураджэнец Гомеля. Колькі ўсяго ўдзельнічала ўраджэнцаў Беларусі, ніхто ж не вёў такі ўлік. Калі ўлічваць колькасць тых, хто выжыў на той момант, сярэдзіну красавіка 1943 года, то гэта маглі быць сотні людзей, якія нарадзіліся ў Беларусі.
— Калі казаць пра Цывію Любеткін, што яе звязвае з Беларуссю?
— Яна нарадзілася ў Быцені, жыла тут да падлеткавага ўзросту, калі не памыляюся да 16 гадоў, потым яна перабралася ў Кельце, у Варшаву. Яна прыязджала да бацькоў. У прынцыпе яна ездзіла па ўсёй былой Рэчы Паспалітай з інструктажамі па сіянісцкіх летніках, па кібуцах на нашай тэрыторыі і тэрыторыі Польшчы, каб рыхтаваць перасяленцаў у Палесціну, бо ніхто ж не ведаў, што пачнецца вайна. Так што яна ладны кавалак жыцця пражыла ў Беларусі, і бацька яе таксама з Быценя родам, карані яе там.
— А якім чынам яна апынулася ў Варшаве падчас вайны?
— Яна рабіла кар’еру, маладая левая сіяністка, палымяная прыхільніца руху за перасяленне, штаб-кватэра гэтай арганізацыі знаходзілася ў Варшаве. Вайна, дарэчы, заспела Цывію на тэрыторыі Заходняй Украіны, яна там адседзелася, перачакала неразбярыху з межамі, але потым нелегальна на пачатку 40-ага году вярнулася ў Польшчу, у Варшаву. Пранікла ў гета і жыла там нелегальна...
— ...яна там не толькі жыла, а яшчэ і вяла актыўную грамадскую дзейнасць.
— У сваіх успамінах яна ўзгадвала, што доўгі час, нягледзячы на ўсе гэтыя жорсткія акцыі застрашэння, калі проста на вачах забівалі людзей, у гета панавала ілюзія, што нейкая форма квазінармальнага жыцця там можа быць. Толькі калі на пачатку 42-га года пачалі прыбываць уцекачы, якія ўратаваліся з канцлагера ў Хелме і з Віленскага гета, і прынеслі звесткі, што ідзе татальная зачыстка, татальнае знішчэнне ўсіх габрэяў, у гета зразумелі, што гэта канчатковы лёс, які непазбежна праз пэўны час чакае і пасяленцаў Варшаўскага гета. І тады актывісты сваю культурніцкую адукацыйную дзейнасць перанакіравалі на падрыхтоўку ўзброенага супраціву. Прычым сябры розных арганізацый і палітычных поглядаў стварылі Габрэйскую баявую арганізацыю. Яны разумелі, што перспектывы мірнага жыцця ў іх няма, а асноўная задача — памерці годным чынам і захапіць з сабой на той свет хаця б некалькі нацысцкіх катаў.
— Але тым не менш Цывіі ўдалося выжыць, збегчы з гета. Як Вы гэта тлумачыце: ёй пашанцавала ці гэта дасведчанае жыццё падпольшчыка дапамагло?
— Гэта тычыцца не толькі Варшаўскага гета, гэта тычыцца любой сацыялогіі вайны: найбольшыя шансы выжыць, асабліва ў такіх жорсткіх, гарачых кропаках, маюць якраз тыя, у каго ёсць зброя, а не тыя, хто займае нейкую мірную пазіцыю і спрабуе проста нікога не чапаць і выжыць. І канкрэтна ў гета ацалелі тыя, хто не змірыўся, хто не меў ілюзій, перш за ўсе. А ўратаваліся яны якім чынам: іх вывелі праваднікі, у тым ліку і з дапамогай палякаў, праз каналізацыю. Гэта быў адзіны магчымы шлях, бо гета ў цэнтры Варшавы знаходзіцца, вакол нацысты, само гета жорстка зачышчаецца, толькі такім чынам можна было выйсці. Але ж яны потым удзельнічалі і ў Варшаўскім агульнагарадскім паўстанні, у жніўні-верасні 1944 года. І ім таксама даводзілася хавацца, каб уцячы з разбуранага, але ўсе ж яшчэ акупаванага горада.
— Вы таксама падтрымлівалі стасункі з роднымі Цывіліі, вазілі іх у Беларусь?
— Не зусім так. Я не тое, што падтрымліваю стасункі, проста да сваёй вымушанай міграцыі, дакладней да кавіда, я займаўся «настальгічным» турызмам і да мяне проста прыязжалі як да экскурсавода, як да спецыяліста па габрэйскім краязнаўстве, прыязжалі турысты. І вось аднойчы прыехала сваячка Цывіі Любеткін, пра якую я чытаў ужо, калі мы паехалі ў Быцень. І гэта для мяне было штуршком, каб больш зацікавіцца гэтай асобай. Пяць гадоў таму, калі адзначыліся 75-ыя ўгодкі паўстання ў Варшаўскім гета, я тады ад імя адной з габрэйскіх арганізацый звярнуўся да мясцовых улад, у Івацэвіцкі райвыканкам, каб адной з вуліц Быценя надалі імя Цывіі Любеткін. Гэтая жанчына вядома ўсяму свету. Яна — адзін сімвалаў габрэйскага супраціву. Але мы адтрымалі адпіску, што гэта непатрэбна. І вельмі прыкра, што ў Беларусі ніяк не шануецца ні яе імя, ні імя Марка Эдельмана, і вельмі паказальна, што нашай уладзе такія несавецкія, некамуністычныя героі Другой Сусветнай вайны проста непатрэбныя.
Поўную размову з Алесем Белым слухайце ў плэеры ніжэй.