«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі

Якая самая складаная частка акцёрскай прафесіі, пра якую не ведае глядач? Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, які святкуюць 27 сакавіка, спыталі пра гэта ў купалаўца Міхася Зуя. А таксама паразмаўлялі пра першыя крокі ў прафесіі, знакавыя спектаклі, разлом 2020 года і тое, чым сёння жыве беларускі незалежны тэатр.

Michaś Zuj

— Міхась, як у вас узнікла любоў да тэатра?

— Не ведаю, ці гэта была любоў, спачатку гэта была зацікаўленасць. Я вучыўся ў 136-й школе ў Мінску. У старэйшай школе там быў клас з тэатральным ухілам, і я вырашыў туды паступіць. Памятаю, чытаў урывак з твора «Чалавек-амфібія», мне падавалася тады, што я трошкі жудасна чытаю, але мяне ўзялі. Гэта былі вельмі класныя часы, якія мне прыемна ўзгадваць — рабілі спектаклі, прымалі ўдзел у конкурсах. З гэтага ўсё пачалося. А ў адзінаццатым класе нават не было пытання, куды паступаць, ведаў дакладна, што гэта будзе Акадэмія мастацтваў. У мяне нават не было ніякага плана B, што буду рабіць, калі не прайду па конкурсе. І я паступіў на тэатральны факультэт.

— Як вы трапілі ў Купалаўскі?

— Напрыканцы вучобы ў Акадэміі мы натуральна ўліліся ў Купалаўскі тэатр. У мяне нават не было нейкага моманту выбару. Нашым майстрам курса ў той час быў мастацкі кіраўнік Купалаўскага — Валерый Мікалаевіч Раеўскі. Нас адразу шэсць чалавек узялі ў Нацыянальны тэатр, гэта была незвычайная сітуацыя, бо ў Купалаўскі звычайна ў год прымалі па адным чалавеку, праз праслухоўванне, гэта было вельмі складана, а мы такой камандай туды заляцелі.

— Якія былі ўражанні, калі вы ўпершыню як малады артыст апынуліся на Купалаўскай сцэне?

— Першы раз у Купалаўскім я трапіў на сцэну літаральна ўцёмную. Быў спектакль «Памінальная малітва», і мяне туды як маладога актора выпісалі выйсці. Я пытаюся: «А хто я?». А мне адказваюць: «Ты ці габрэем будзеш, ці за рускіх. Ну апрані габрэйскі строй». Я пытаюся: «А што рабіць?». А мне кажуць: «Разбярэшся». І вось ужо спектакль блізка, і вось ён ужо пачынаецца, цемра ўсюды, і я ўжо на сцэне. А ў «Памінальнай малітве» такі пачатак, што ўсе акторы стаяць у коле, запальваецца святло і пачынаецца габрэйскі танец, які я не ведаў. І я мімікрыяй нейкай імітаваў гэты танец. Вось такі быў першы выхад на Купалаўскую сцэну.

Пасля было «чысцілішча масовак», праз якое праходзяць усе маладыя артысты. А першая паўнавартасная роля была Мікіты Лапця ў спектаклі «Ажаніцца — не журыцца», і ў гэты спектакль мяне ўводзіў выдатны рэжысёр Андрэй Андросік. Я там граў такога маладога сялянскага дзівака.

Michaś Zuj

— Які перыяд з гісторыі Купалаўскага, на вашу думку, быў для вас найбольш значным?

— Для мяне самым вясёлым/светлым перыядам у тэатры быў пачатак маёй кар’еры. У нас была такая класная традыцыя — мы некалькі гадоў запар вельмі крэатыўна віншавалі адно аднаго з днём нараджэння. Мяне аднойчы вельмі класна павіншавалі — зрабілі такі дзіцячы дзень народзінаў у Макдональдсе. Усе апранулі адзенне нейкіх вавёрачак, зайчыкаў, нават старэйшыя акторы і актрысы, і зрабілі сюрпрыз. Гэта быў вельмі класны, вясёлы, кампанейскі перыяд.

Але калі казаць пра плённы, значны час для мяне ў Купалаўскім — мяркую, гэта апошнія гады перад дваццатым. У гэты перыяд у Купалаўскім было вельмі шмат значных спектакляў. Тады ў нас трошку лепш сталі заробкі ў тэатры, адбылася рэканструкцыя. Было цудоўна.

А калі казаць пра сучаснасць, лічу, што для купалаўцаў зараз самы складаны час, але і самы цікавы. Вельмі значныя працэсы адбываюцца — няма гэтага адчування, што мы завод па вытворчасці спектакляў. Сёння мы тэатр на колах, без свайго ўласнага памяшкання, але гэты тэатр мае свой уласны голас, які цікава слухаць.

Michaś Zuj

— Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца з «Купалаўскім» тэатрам зараз у Беларусі?

— Калі казаць пра тое, як выглядае тэатр сёння, — мы з сябрам не так даўно пры размове пажартавалі, што зараз гэта «Нацыянальны русіфікаваны тэатр на вуліцы Энгельса, 7», яго нават Купалаўскім цяжка назваць. І справа не толькі ў тым, што прыходзіць рэжысёр з Расіі на пасаду мастацкага кіраўніка нацыянальнага тэатра. Я час ад часу праглядаю тое, які рэпертуар зараз у тэатры, як выглядае афіша, як выглядае сайт, якіх актораў набіраюць. І, канешне, мне, калі я гляджу на ўсё гэта, трошкі сумна становіцца. Я думаю, што акторы, якія працавалі ў Купалаўскім да 2020-га і засталіся працаваць там зараз, адчуваюць, наколькі змянілася мастацкая сітуацыя.

— А як вы ставіцеся да актораў, якія засталіся працаваць у тэатры пасля пратэстаў?

— Гэта вельмі цяжкае пытанне, асабліва калі гаворка ідзе пра тых, хто застаўся. Яны ўсе вельмі розныя людзі. Ёсць тыя, хто застаўся і нічога ганебнага пра нас не кажа, але ёсць і такія, якія паліваюць нас брудам. Вядома, былі людзі, якім цяжка было прыняць такія кардынальныя змены, якія ўсё жыццё працавалі ў тэатры, і шкада, што яны не змаглі зразумець нейкіх важных рэчаў. Ну а тых, хто палівае брудам былых калег, што з’ехалі, — ну што, сорамна мне за іх. Я не маю злосці ці крыўды, проста неяк сумна, што так адбываецца.

Michaś Zuj

— Што вы думаеце пра сучасны незалежны тэатр у эміграцыі? Ці ёсць будучыня ў яго?

— Мне падаецца, што незалежны тэатр зараз у вельмі цікавым становішчы. То-бок ён вельмі актыўны, ён як тая рапуха ў бочцы б’е лапкамі, каб збіць вяршкі і дзякуючы гэтаму выжыць.

Нядаўна адбылася дыскусія на тэму «Які зараз стан беларускай культуры», і шмат хто выказваў думку, што ў беларускай культуры зараз адбываецца перыяд адраджэння. Але мне падаецца, што гэта адраджэнне на мяжы выжывання. Гэтае выжыванне адбываецца на маральна-валявых высілках, на ініцыятыве паасобных людзей.

У Варшаве часта адбываюцца беларускія спектаклі, у Любліне зімой прайшоў тэатральны фестываль «Блізкі Усход», які цалкам быў прысвечаны «Вольным Купалаўцам». Можна было ўбачыць, колькі ўсяго паставіла незалежная трупа на працягу гэтых чатырох гадоў. І вельмі класна, што рух ідзе і не спыняецца, і пакуль яшчэ хапае моцы рухацца наперад.

Але відавочна, што і купалаўцам, і ўсім астатнім тэатральным дзеячам, якія жывуць у Варшаве зараз, як паветра, неабходна нейкая свая ўласная прастора. Неабходна сталае месца для рэпетыцый, творчых сустрэч, дзе магло б рэалізавацца шмат беларускіх спектакляў і творчых праектаў.

Michaś Zuj

— Што вам дапамагае заставацца ў акторскай прафесіі, у творчасці?

— Ведаеце, так склалася, што з 2021 года я менш працую як акцёр. Калі не лічыць, канешне, наш YouTube-канал «ЧынЧынЧэнэл».

Але ў гэтым жа праекце я і адзін са сцэнарыстаў. Шчыра скажу, што сцэнарная праца мне вельмі падабаецца. Магу ўзгадаць створаны намі з Андрэем Кашперскім серыял «Працэсы», які выйшаў на «Белсаце». Я быў адным з шоуранераў гэтага серыяла. Спадзяюся, што будзе другі сезон — мы ўжо працуем над новымі гісторыямі для гэтага серыяла.

Таксама была праца над кароткай стужкай «Суд мёртвых».

То-бок мяне вельмі натхняе аўтарская праца і, канешне, музыка. Зараз у Польшчы мы часцяком выступаем з гуртамі «Zui» і «ili-ili».

Таму ў творчасці, у прафесіі мяне трымае — разнастайнасць, дыверсіфікацыя. То-бок такі час, калі цяжка ўсё паставіць на адну карту. Спадзявацца, што адзін кірунак цябе пракорміць, — відавочна не. Неабходна розным займацца, але гэта вельмі цікава.

Michaś Zuj
Дзмітрый Есяневіч і Міхась Зуй у вобразе чыноўнікаў у праекце «ЧынЧынЧэнэл»

Я бачу, што тут, у эміграцыі, шмат якія акторы спрабуюць сябе і ў рэжысуры, і ў драматургіі, і ў культурным менеджменце. Калі ты працуеш акторам у тэатры, звычайна сядзіш на адным месцы, і за цябе ўсё робяць. Зараз тут усё іначай: ёсць драматургічны твор, і каб ён паўстаў, трэба спачатку ездзіць пітчыць і гэтую п’есу, і гэты праект, пісаць у фонды, шукаць фінансаванне, трэба займацца пошукам пляцоўкі і знаёміцца з такімі рэчамі, ад якіх мы як акторы ў Беларусі былі вельмі далёкія. І мне падаецца, што гэтак адбываецца, гэта добры кірунак — умець ва ўсім гэтым разбірацца.

— Якую ролю адыгрывае беларуская мова ў вашай творчасці?

— Для мяне, калі ёсць магчымасць паўдзельнічаць у нейкім беларускамоўным праекце, я заўсёды з радасцю гэта зраблю. І калі казаць пра музыку, у мяне, напрыклад, няма пытання, на якой мове пісаць спеў, — вядома, па-беларуску. На «ЧынЧынах», канешне, у нас такі фармат, што чыноўнікі не будуць размаўляць па-беларуску, але і там, дзякуючы вобразу Алены ЖалудOk, беларуская мова з’яўляецца на канале.

А спектаклі... Мне здаецца, я ўжо даўно не граў спектаклі на іншай мове. Толькі па-беларуску.

— Якая самая складаная частка акцёрскай прафесіі, пра якую не ведае глядач?

— Напэўна, знайсці нешта новае ў кожнай ролі. Нешта цікавае для сябе.

Бо ў мяне і ў многіх акцёраў ёсць такое: кожны раз, калі пачынаеш працу над новай роллю — адчуваеш, што нічога не ўмееш. Абсалютна. Хаця ў цябе ёсць досвед, але ты зноў як бы вучышся гэтай прафесіі нанова.

І самы складаны — гэта перыяд ад адчування, што ты нічога не ўмееш, да моманту, калі ў цябе нешта пачынае атрымлівацца.

Вось гэты першы крок, калі ты кудысьці даходзіш і нешта знаходзіш. Гэты перыяд пошуку звычайна можа быць вельмі пакутлівы.

— Працягніце, калі ласка, выраз: «Тэатр для мяне — гэта...» .

— Тэатр для мяне гэта, напэўна — кампанія, каманда, сябры. Свае/свой — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр.

— А ці ёсць у вас мары? Аб чым яны?

— Мары... Не. Мараў у мяне няма. Ёсць жаданні і мэты. Мроі ёсць, а мараў няма. Ёсць планы, якія не могуць здзейсніцца зараз і, можа, не здзейсняцца ніколі, а найлепшыя планы ў нейкі момант стануць мэтамі і жаданнямі. Я вось так гэта бачу. Напрыклад, жаданне паехаць у Беларусь — для мяне гэта мара на паўзе.

— Што б вы пажадалі калегам і гледачам у Міжнародны дзень тэатра?

— Калегам... Я пажадаў бы сваім калегам — не страціць цікаўнасці, не страціць гэтага цёплага адчування, калі ты прыходзіш да сваіх.

А гледачам я таксама вельмі жадаю не страціць цікаўнасці і да тэатра, і да людзей на сцэне. І гэтую цікавасць не хаваць у сабе. Калі вы ведаеце, што ў вашым горадзе будзе адбывацца беларускі спектакль, і так думаеце:

«Ну, калі-небудзь схаджу!» — я раю гледачу: схадзі зараз, таму што тут і зараз, магчыма, нейкі актор або нейкая каманда страчвае веру, надзею і любоў да прафесіі. Прыходзьце і кажыце, калі спадабаўся спектакль, запосціце, скажыце: «Гэта было класна», калі спектакль быў нядобры — не маўчыце, скажыце: «Няўдалы быў спектакль».

Жадаю нашаму гледачу абменьвацца інфармацыяй пра спектаклі, не быць у сваёй бурбалцы, трэба трэскаць бурбалкі і будаваць стасункі, у тым ліку і дзякуючы тэатральнаму мастацтву. 

Вось гэта, напэўна, галоўнае.

Наста Пабягунская, Budzma.org

Фота з асабістага архіва Міхася Зуя