У Беларусь вярнуліся амаль сапраўдныя туры. Яны былі вынішчаны яшчэ ў 17-м стагоддзі

05.03.2020 У краіне

000023_5D93B09BEF5536AF4325852000460C13_611660.jpg

Фота – ПРООН

У заказніку на Прыпяці выпусцілі невялічкі статак «тураў». Калі казаць дакладней, то турападобную скаціну — быкоў Хека. Апошнія сапраўдныя туры былі знішчаныя яшчэ чатыры стагоддзі таму. 15 рагатых галоў завезлі з Латвіі з нацыянальнага парка «Кемеры» для аднаўлення біаразнастайнасці пойменных лугоў.

000023_5D93B09BEF5536AF4325852000460C13_192197.jpg

Фота – ПРООН

Як паведамляе прэсавая служба ПРААН у Беларусі, жывёлаў выпусцілі ва ўрочышчы Пагост у заказніку «Сярэдняя Прыпяць» 3-га сакавіка. Яны будуць жыць на вольным выпасе на плошчы 200 гектараў.

000023_1583240107_381864_big.jpg

Фота – ПРООН

Напрыканцы студзеня ў жывёлаў скончыўся карантын, яны паспяхова прайшлі ветэрынарныя праверкі і апынуліся ў дзікай прыродзе. Быкі будуць свабодна хадзіць па берагах Прыпяці і Ствігі, гэта павінна вырашыць праблемы эрозіі глебы і зарастання экасістэм хмызняком, што становіцца пагібельным для разнастайнасці фаўны. Такі крок дапаможа аднавіць і захаваць месцы гнездавання дубальтаў, кулікоў-марадунак, вялікіх зуйкоў, грыцукоў вялікіх, качак-шылахвостак, качак-свіцьваў і баталёнаў.

000023_5D93B09BEF5536AF4325852000460C13_709049.jpg

Фота – ПРООН

Бык Хека — гэта вынік спробы аднавіць тура метадам зваротнай селекцыі. У 1920-30-х гадах у Нямеччыне браты Хек адбіралі сярод найбольш прымітыўных парод быдла тых, хто больш падобны на зніклых тураў. Але быкі Хека вельмі заўважна адрозніваюцца ад свайго «эталона» целаскладам, ростам і прапорцыямі. А некаторыя іншыя пароды хатняга быдла таксама вельмі падобны на сваіх дзікіх продкаў, настолькі ж, наколькі падобны бык Хека.

photo_2020-03-05_12-05-36.jpg

Тур на малюнку Velizar Simeonovski

photo_2020-03-05_12-06-31.jpg

Параўнанне рэканструяванай знешнасці тура (верхняя) з сярэднім быком Хека (унізе). wikimedia.org

ДН