6 жніўня ў клубе “Графіці” прызямліўся магілёўскі рок-дэсант. У межах праекту “Тузін.Unplugged” выступілі гурты Nevma і Akute. Даніла Забэла ўзяў у рукі балалайку, а Раман Жыгараў забаўляўся з драм-машынкай.
Алег Хаменка
Вечарыну адкрыў Алег Хаменка. Вядучы радыёверсіі “Тузіна Гітоў” ледзь паспеў да пачатку імпрэзы – на дзень раней ён разам з праектам “У нескладовае” даваў канцэрт у Маскве. Алег падзякаваў усім удзельнікам канцэртаў “Тузін.Unplugged” за тое, што наважыліся на такі творчы эксперымент і падрыхтавалі акустычныя версіі сваіх песняў, і заклікаў усіх пісаць нататачкі з пытаннямі да музыкаў.
Даніла Забела
Ігар Давыдаў
гурт Nevma
Першым выйшаў гурт Nevma ва ўрэзаным складзе. У Мінск прыехалі толькі Даніла Забэла з гітарыстам, астатнія ўдзельнікі каманды разбегліся на час хто куды – хто грошы зарабляць, хто на моры адпачываць. Зрэшты, такая акалічнасць аніяк не адбілася на якасці музыкі. Nevma зайграла паўнавартасны канцэрт, сыграўшы пераважна беларускамоўныя творы, як добра вядомыя, так і яшчэ не чутыя. Даніла дэманстраваў усю моц свайго вакалу, а пасярод сэта змяніў гітару на балалайку, каб зайграць “Даўным-даўно”. Шпарыў на інструменце так, што падавалася, той вось-вось загарыцца. “Я ганаруся тым, што нарадзіўся ў адзін дзень і ў адзін год з гэтым чалавекам”, – абсалютна сур’ёзна паведаміў гітарыст каманды, паказваючы на Данілу. А той толькі сціпла хітнуў галавой і заявіў публіцы, што цяпер яны могуць смела крычаць “Адстой!”, ды выканаў песню на расійскай. Амаль гадзінны сэт скончыўся галоўным хітом “Я не веру табе”, але прымалі каманду настолькі прыязна, што Даніла вырашыў спець яшчэ адну – загалоўны трэк з апошняга максі-сінгла каманды “ZaDaволены”, які ў акустычнай версіі загучаў наогул непараўнана.
Алег Хаменка
Паміж выступамі гуртоў Алег Хаменка па традыцыі разыграў падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Першыя два пытанні датычылі назваў дзвюх каманд-выступоўцаў. “Як перакладаецца з грэцкай слова Nevma?” – запытаўся вядучы. Адказ быў імгненным: “Подых!”. Як высветлілася, правільна адказала жонка Данілы Забэлы. Без праблемаў адказалі і на пытанне, як перакладаецца “Akute”. У нямецкай гэта слова абазначае прыметнік “востры”. Трэцяе пытанне было няпростае. Алег прапанаваў вылічыць розніцу ва ўзросце Магілёва і Мінска. Але адказ быў атрыманы таксама маментальна: “Мінск старэйшы за Магілёў на 200 гадоў”.
Стас Мытнік
Раман Жыгараў
гурт Akute
“А цяпер – гурт, які ў хіт-парадзе “Тузін Гітоў” мае шанцы пераўзысці нават “Ляпіса Трубяцкога”, – так прадставіў вядучы выхад Akute. Пачалі з “Прамянёў”. На другой частцы кампазіцыі Раман Жыгараў уключыў старэнькую драм-машыну Alesis. Калі яна пачала адбіваць рытм, некаторыя гледачы нават заспявалі “Белый снег, серый лёд…”, але потым падхапілі “Свяці-свяці”. На пытанне з залы “Калі будзе ШОС?” Стас і Рома адказалі песняй “Непазбежна”, падчас якой Рома стаў за механічныя бубны. Агульнае захапленне выклікала песня “Адзіноцтва”, перад якой музыкам давялося адказаць на не надта прыемнае пытанне: “Хто забіў Глюкаў”. “Я забіў, – прызнаўся Жыгараў. – Я ж забіў Кенэдзі і Кені”.
Пры канцы сэта Akute адпускаць не хацелі і патрабавалі выканаць “Шчасце”, але музыкі вырашылі падарыць публіцы яшчэ раз “Прамяні”.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча
на першым здымку – Раман Жыгараў, Akute