Творчая сустрэча ў Лідзе

26 студзеня Лідскі гісторыка-мастацкі музей сустракаў гасцей.

Прывітанне ад рыцарскага клуба

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” на творчую сустрэчу з работнікамі музея і прадстаўнікамі грамадскасці горада прыехалі археолаг і гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, кінарэжысёр Ірына Волах, паэт і кінадакументаліст Уладзімір Мароз. Адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Лідскі замак” вытворчасці студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, а таксама паэтычнай кнігі У. Мароза “Крыжы на ростанях”.

Прадстаўляючы фільм, дзе ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыя, Уладзімір Мароз адзначыў, што летась на студыі “Летапіс” зняты цыкл стужак “Замкі Беларусі” – дзевяць фільмаў, якія прысвечаны нашай гістарычнай і архітэктурнай спадчыне. Пасля прагляду рэжысёр карціны Ірына Волах распавяла аб рабоце над фільмам, падзякавала супрацоўнікам музея і ўсім неабыякавым людзям за спрыянне ў яго стварэнні.

Алег Трусаў, які з’яўляецца кансультантам фільма і яго ўдзельнікам, згадаў свае першыя археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся акурат тут, у Лідскім замку Гедзіміна.

Прысутныя прыязна сутрэлі новую кінематаграфічную работу беларускіх кінадакументалістаў і выказвалі надзею, што гэты фільм, як і ўвесь цыкл “Замкі Беларусі”, які мяркуецца выпусціць на адным дыску ў падарункавым варыянце, будзе спрыяць пашырэнню ведаў аб нашай слаўнай мінуўшчыне.

У другой частцы сустрэчы Уладзімір Мароз прадставіў сваю новую паэтычную кнігу “Крыжы на ростанях”, прачытаў некалькі вершаў на гістарычную тэматыку, якіх у яго даволі,  як і дакументальных стужак аб беларускай мінуўшчыне, знятых па яго сцэнарыях. Прысутным былі раздадзены сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.

 

Беларускія мае стагоддзі

 

Нам стагоддзі-гады, а для Госпада проста імгненні,

Што лістотаю дрэў адлятаюць штораз у нябыт.

У разгадках загадкі праходзяць чаргой пакаленні,

Толькі кожнаму рупіцца ўласны свой выявіць спрыт.

 

Што да нас, пасля нас – не такая і важная справа,

Свет пачаўся адсюль, значыць, нам вырашаць: быць – не быць.

Самі будзем ісці хоць улева, а хочам – управа,

І нікому няўцям, што ірвецца жыццёвая ніць.

 

Так ірвалася часта, а то і зусім незваротна,

Недароды, віхуры, падман затапталі сляды.

На расстайных дарогах скавыш падвывае самотна,

Неспазнасць часоў дадае незваротна бяды.

 

Каб уведаць, адужаць – душы прыкладзі намаганні,

Бо без роду і племені ты неадпрэчна адзін.

Перамогу здабудзь у суровым надчасным змаганні,

А найперш дык самому дай Бог зразумець, чый ты сын.

 

За тваімі плячыма шыхтуюцца слынныя продкі,

Што зямлю баранілі, ішлі за свой гонар на бой.

Дым Айчыны бруіцца няспынна-нясцерпна салодкі,

Дзеяў слаўных і чынных працяг валадарыць табой.

 

Быць уласнаму лёсу па сілах удзячным імкнуся,

Што спазнаць даў хоць трохі гісторыі дух трапяткі.

Вы заўсёды са мною, стагоддзі маёй Беларусі,

Гэтак будзе і сёння, і заўтра, і так на вякі.

Тэгі: