Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на творчую сустрэчу з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным “Паслаць маме душу…”, якая адбудзецца 17 верасня а 17-й гадзіне.
У рамках мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя унікальнага выдання «Паслаў бы табе душу…»
(ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954-1971) ) выдавецтва “Лімарыус”.
Ліставанне – гэта шчабятлівыя птушыныя галасы, якія ад дажджоў і снягоў, ад суравеяў і ўрокаў затуліліся ў канвертах. Маці, самотная зязюля, чакала вестак ад сына, каб не так горка было адной гора гараваць. А сына, які не мог адразу прызвычаіцца да гардскога тлуму і людскога холаду, грэлі родныя словы.
“SMS, e-mail… Праляцела нешта з пустаты ў пустату – і ў пустаце пустое прапала.
З гэтым нічога не зробіш, дый не трэба: свет не спыніш… Але ён яшчэ ўсплача на сабе, знікаючы ў пустаце.
Многія ўжо забыліся, як пахне канверт, які вымаеш раніцай з паштовай скрынкі, за ноч замеценай снегам ці завеянай лісцем. А шмат хто й не ведае, як ён пахне…
Калі й і не хапала ў беларускім прыгожым пісьменстве нейкай кнігі, дык такой. Гэтую кнігу ліставанняў Маці і Сына будуць чытаць, патанаючы ў глыбінях пачуццяў, выяўленых з такой шчырасцю, якая толькі магчымая ў чалавеку.” (Уладзімір Някляеў)
Сярод гасцей вечарыны пісьменнікі, даследчыкі, сябры, прадстаўнікі выдавецтва – Сяргей Панізнік, Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла, Алесь Камоцкі, Наталля Давыдзенка, Марына Шыбко.
Траецкае прадмесце, вул М. Багдановіча, 15.
Тэгі: Мінск