Творчыя сустрэчы ў Ялізаве

Вучні Ялізаўскай СШ, дзіцячага санаторыя ў Свіслачы, СШ №8 г. Бабруйска Магілёўскай вобл., сустрэча з якімі адбылася 12 верасня, аказаліся вельмі зацікаўленымі паэзіяй і песняй і з вялікім задавальненнем слухалі як адказы на пастаўленыя імі ж пытанні, так і вершы паэтак Веры Буланды і Людміла Паўлікавай-Хейдаравай, а таксама песні барда Алеся Камоцкага і ўрыўкі з дзіцячых кніг у перакладзе Алесі Башарымавай.

 

 

 

Паступова гутарка пераключылася на тэму беларушчыны і ці абавязкова ведаць беларускую мову. Гутарка ні ў спрэчку, ні ў дыскусію не вылілася: не было ніводнага вучня, які б выказаў адмоўную думку наконт роднай мовы.

І, вядома, выхаванцы згадзіліся, што, напрыклад, добра вядомы верш Дануты Бічэль-Загнетавай “Роднае слова” ў перакладзе на іншую, хаця б на рускую мову, страціць сваю арыгінальнасць ужо толькі таму, што словы “Любоў” і “Каханне” на рускай мове гучаць адным словам “Любовь”.

…І рэхам той шэпт адгукаўся між гаю:

Кахаю, кахаю, кахаю…

Люблю – беларускаму краю

Бясконца я слова люблю паўтараю?!

Або ў Ніны Мацяш чытаем: “Я не кахаю вас, я вас люблю!”

Падумаўшы і паразважаўшы, вучні прыйшлі да вываду: нельга так урачыста гэтыя радкі сказаць па-руску, і самае галоўнае: на беларускай прызнанне ў каханні – як свабоднае дыханне.

Адна з вучаніц дзіцячага санаторыя ў Свіслачы праспявала беларускую народную песню, за што ад кампаніі “Будзьма беларусамі” была ўзнагароджана паштоўкамі “Не маўчым па- беларуску”.

Аматары паэтычнага слова прасілі на памяць аўтограф на паштоўках “Мы – адметныя”, якія яны атрымалі ў падарунак, вершаваныя радкі-пажаданні:

 

Быць цяплу, дабру, надзеі,

Ў радасці – жыцця сакрэт,

Слыць сапраўдным дабрадзеем

І сабой прыўкрасіць свет.

А таксама ад кампаніі “Будзьма беларусамі” цікаўныя вучні і настаўнікі атрымалі ў падарунак майкі і торбачкі, усе засталіся шчаслівыя і ўдзячныя, жадаючы яшчэ не раз сустрэцца.

 

 

Тэгі: