З 25 лютага па 3 сакавіка Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі правядуць Тыдзень беларускай драматургіі «Канцэнтрацыя».
Адкрывае тыдзень драматургіі тэатралізаванае чытанне арыгінальнага варыянта паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа, створанае сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа рэжысёрам Аленай Зміцер. Чытанні адбудуцца на пляцоўцы музея Якуба Коласа.
Падчас Тыдня аматары тэатра і беларускай драматургіі змогуць пабачыць спектаклі «Карней» па творах Уладзіміра Караткевіча, «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава, «Камень дурасці» па п’есе Канстанціна Сцешыка. Акрамя спектаклей можна наведаць новыя і ўлюбёныя сцэнічныя чытанні п’ес: «Мароз» Канстанціна Сцешыка, «Я, бабуся, Іліко і Ларывон» Надара Думбадзэ і Гіга Лордкіпанідзэ ў перакладзе Андрэя Макаёнка, «Лондан» Максіма Дасько.
Таксама запланавана і адукацыйная праграма, якая дапаможа лепш зразумець свет драматургіі і тэатра. Адбудуцца лекцыі «Сучасная драматургія: ключ да разгадкі» і «Невядомая драматургія: аблічча беларускай класікі». Першая — пра новую мову сучасных п’ес, а другая — пра драматургічныя творы вядомых беларускіх літаратараў. Для тых, хто хоча пазнаёміцца з «унутранай кухняй», падрыхтаваны круглы стол «Сакрэты сучаснага тэатра». Гэта сустрэча з рэжысёрамі, акцёрамі і драматургамі, якія распавядуць пра тэатральную працу. А ў межах майстэрні пісьма можна будзе стварыць уласны тэкст.
На працягу ўсяго тыдня ў фае тэатра будзе праходзіць выстава, звязаная з класічнай беларускай драматургіяй.