Тысячагадовы шлях літаратуры

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыліся тры новыя залы пастаяннай экспазіцыі, якая распавядае пра беларускае пісьменства ХІ—ХІХ стагоддзяў, піша Антон Рудак у «Культура і мастацтва».


Novaja ekspazicyja litaraturnaha muzieja

Дырэктар установы Сяргей Усік падкрэсліў, што доўгі час музей не меў сталай экспазіцыі, а сёння яго супрацоўнікі робяць усе захады для яе стварэння на належным узроўні — такім чынам, каб адлюстраваць усе перыяды станаўлення і развіцця айчыннай літаратуры. Новыя залы, работа над напаўненнем якіх ішла на працягу некалькіх гадоў, распачынаюць гэты расповед.

Першыя крыніцы ведаў

Як распавяла начальнік навукова-асветніцкага аддзела музея Валянціна Кароткіна, літаратурная творчасць на нашых землях прайшла амаль тысячагадовы шлях развіцця, пачынаючы з вытокаў старабеларускага пісьменства. У вітрынах першай залы можна пабачыць археалагічныя знаходкі, такія як вырабы з каменю альбо металу з разнастайнымі пазнакамі — яшчэ да з’яўлення кірылічнага пісьма выкарыстоўваліся рунічныя знакі. Аднымі з найстаражытнейшых помнікаў пісьменства таксама з’яўляюцца берасцяныя граматы, на якіх рабіліся запісы, што змяшчаюць цікавыя звесткі аб паўсядзённасці нашых продкаў у Сярэднявеччы.

У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі ўзнікае цэлы шэраг цэнтраў асветы. Майстэрні па перапісванні кніг адкрываюць такія славутыя дзеячы свайго часу, як ігумення Спаскага манастыра Ефрасіння Полацкая і епіскап Кірыла Тураўскі, якія пазней за сваю асветніцкую дзейнасць былі далучаныя царквой да ліку святых. Жыціе Еўфрасінні Полацкай таксама лічыцца адным з першых у нашым рэгіёне помнікаў агіяграфічнай літаратуры, то-бок твораў, якія распавядаюць пра жыццёвы шлях святых.

Разнастайнасць традыцый

З уваходжаннем нашых земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага, разам з мясцовымі цэнтрамі кнігапісання і летапісання вялікую ролю ў развіцці пісьменства на агульнадзяржаўным узроўні пачынае адыгрываць велікакняжацкая канцылярыя, якая кіравала ўсёй справаводчай сферай. Таксама пры ёй захоўваліся летапісы, прывілеі і зводы законаў. У пачатку XVI стагоддзя распачынаецца эра беларускага кнігадрукавання, запачаткаванага Францыскам Скарынам, які пачаў друкаваць кнігі Бібліі ў адаптацыі да тагачаснай старабеларускай мовы. Яго справу ў папулярызацыі хрысціянскай літаратуры на сваёй мове працягнулі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі, па ўсёй краіне ўзнікалі ўсё новыя і новыя цэнтры кнігадрукавання.

Novaja ekspazicyja litaraturnaha muzieja

Зрэшты, тагачасная беларуская літаратура была шматмоўнай і выходзіла таксама на замежную аўдыторыю — так, напрыклад, адным з найбольш адметных узораў паэзіі Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя, што зрабіўся выдатнай крыніцай звестак аб норавах і звычаях нашых продкаў, была паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», напісаная на лаціне і выдадзеная ў Рыме ў 1523 годзе. Развівалася ў ВКЛ таксама пісьменства яўрэяў і татар, якія з’явіліся на нашых землях яшчэ ў часы Вітаўта Вялікага, у XV стагоддзі.

Ад рэнесансу да барока

Значную ролю ў фарміраванні беларускага пісьменства XVI–XVII стагоддзяў таксама адыгралі рух за рэфармацыю каталіцкага касцёла і ідэя аб неабходнасці заключэння царкоўнай уніі між каталікамі і праваслаўнымі. Разам з тым захоўваць і развіваць свае традыцыі дапамагалі праваслаўныя царкоўныя брацтвы: пры іх існавалі ўласныя школы і друкарні. Выкладчыкамі брацкіх школ былі Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і Спірыдон Собаль, якія выступілі аўтарамі падручнікаў царкоўнаславянскай граматыкі. Не адставалі ў сферы асветы і каталіцкія ордэны, сярод іх першае месца займалі езуіты — у Полацку ў 1579 годзе яны заснавалі акадэмію, што зрабілася першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Novaja ekspazicyja litaraturnaha muzieja

На тле міжканфесійных супярэчнасцей важную ролю пачынае адыгрываць палемічная літаратура, але побач з ёй з’яўляюцца і творы новых жанраў — прыватныя дзённікі, сямейныя хронікі, сатырычныя, парадыйныя ды гумарыстычныя творы, а таксама панегірычная, героіка-эпічная і духоўная паэзія. Найлепшым узорам апошняй з’яўляецца творчасць Сімяона Полацкага, які, працуючы ў Маскве, аказаў вялікі ўплыў на станаўленне рускай літаратуры. А надыход XVIII стагоддзя адзначаецца ўзнікненнем прафесійных тэатраў, што з’яўляюцца ў Нясвіжы, Слоніме, Гродне, Ружанах і Шклове пры дварах мясцовых магнатаў, якія часта выступалі і аўтарамі рэпертуару, як Міхаіл Казімір Агінскі і Францішка Уршуля Радзівіл.

Вяртанне да вытокаў

У ХІХ стагоддзі, якое беларускія землі сустрэлі ўжо ў складзе Расійскай імперыі, адзначалася ўзрастанне цікавасці да фальклору, да якога перадусім звярталіся творцы з кола філаматаў і філарэтаў. Да падобных матываў схіляўся ў сваёй творчасці і значна старэйшы пісьменнік Ян Баршчэўскі, а вось Уладзіслаў Сыракомля грунтаваўся ў большай ступені на рэаліях айчыннай мінуўшчыны. Калі ўсе гэтыя творцы, чэрпаючы натхненне ў беларускай гісторыі і культуры, пісалі ўсё ж на польскай мове, то іх наступнікі Францішак Багушэвіч і Янка Лучына (Ян Неслухоўскі) ужо звярталіся да свайго чытача па-беларуску, перайшоўшы ад рамантызму да рэалізму і асвятлення праблем існавання і духоўнага адраджэння народа.

Новая экспазіцыя літаратурнага музея, безумоўна, уяўляе сабой разгорнутую панараму станаўлення і развіцця беларускага пісьменства. Застаецца пажадаць поспехаў у працы над працягам гэтай стужкі часу.