У Алашках правялі “Яблычны фэст”

У гэтым годзе свята прайшло ў дваццаты раз і набыло статус абласнога. Адзначалася яно ў суботу 22 жніўня.

Адметнасць сёлетняга святкавання яшчэ і ў тым, што не толькі сам фэст быў юбілейным, але і ў гэтым годзе споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння знакамітага садавода Івана Сікоры.

Трэба адзначыць, што дзякуючы яго працы як агранома-селекцыянера яблык зараз стаў брэндам Шаркаўшчынскага раёна.

Свята адкрыў кіраўнік Шаркаўшчынскага раёна Мікалай Баговіч. Ён выступіў на добрай беларускай мове. Дарэчы, у гэтым годзе беларускай мовы на свяце гучала больш, шмат людзей было ў нацыянальных строях. Але да цалкам беларускага свята яшчэ не дацягвае, асабліва прыкра, калі па-руску размаўляюць супрацоўнікі культуры. Ды і вывеска “Яблочный фест” выглядала неяк недарэчна.

Само святкаванне было арганізавана добра, тут былі і атракцыёны для дзяцей, можна было пакатацца на конях, госці маглі падсілкавацца дзякуючы працы выязнога гандлю. Ну, а што пабачыць на свяце, кожны мог вырашыць на свой густ. Бо тут праходзіў конкурс сярод маладых сем’яў “Уладар сяла”, былі выступленні самадзейных калектываў з усёй вобласці, прыехалі нават госці з Латвіі, якія паказалі цудоўную танцавальную праграму, можна было набыць вырабы народных майстроў, схадзіць у музей Івана Сікоры, пабыць на яблачным вяселлі, усяго і не пералічыш.

Адзінае, на што хацелася б звярнуць увагу арганізатараў свята, гэта на тое, што магіла знакамітага садавода знаходзіцца далёка не ў лепшым стане. І было б добра, каб да наступнага свята прывесці яе ў належны выгляд.

 

 

 

 

 

 

westki.info

Тэгі: