6 мая адбудзецца адкрыццё адноўленай вежы Гальшанскага замку. Тры паверхі і падвальнае памяшканне ўжо амаль што гатовыя для наведвання, паведамляе тэлеграм-канал «Сцежкі Беларусі».
Цэнтральнае месца на адным з узроўняў вежы займае камін, адноўлены па тэхналогіі 17 ст. Ўпрыгожванне яго выканана з дапамогай вышэйшага гатунку тынкоўкі-стук, якая пасля застывання набывае звыштрываласць. У яе складзе — гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей.
Таксама ў некаторых памяшканнях праведзены роспіс частак столі і сцен. У некалькіх месцах зроблены зандажы — для таго, каб наведвальнік ўбачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак.
На трэцім узроўні, апошнім, створана аглядная пляцоўка, з якой можна будзе разгледзець від на замак, касцёл і мястэчка з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў, устаноўленых там.
Ля сцен замка гасцей чакае тэатралізаванае прадстаўленне артыстаў раённага цэнтра культуры.
Будуць арганізаваны майстар-класы па ганчарнай справе, разьбе па дрэве, вышыўцы, рыцарскі турнір, майстар-клас па сярэднявечных танцах і інш.