У Гродна прадставілі ўнікальныя беларускія грошы

21.07.2017 Гісторыя
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў гарадзенскай «Цудоўні»  прадставілі беларускія грошы 1993 года з выявай «Пагоні», якія так і не патрапілі ў абарачэнне. Прэзентаваў гарадзенцам гэтыя грошы бізнесоўца і мецэнат з Падароска Павал Падкарытаў. Іх ён набыў за 5,2 тысячы даляраў на адным з аукцыёнаў.

Пра ўнікальныя грошы распавядае Павал Падкарытаў:

— Калі гэтыя грошы існавалі як артэфакт, як з’ява палітычнага і грамадскага жыцця, то яны павінны быць даступныя для ўсіх. І прынамсі для грамадзян Беларусі. Яны мусяць ведаць пра іх. Доўгі час я лічыў, што гэтыя грошы цалкам знішчылі. Але, калі яны з’явіліся ў свеце, я падумаў, што іх трэба вярнуць у нейкі абарот.

Павал Падкарытаў хоча зрабіць ў Падароску Музей беларускай шляхты, і гэтыя грошы стануць адным з экспанатаў і ўпрыгожваннем калекцыі. Агулам у калекцыі беларускіх грошай 1993 года – 5 банкнотаў, і іх сапраўднасць пацьверджана адмысловым сертыфікатам.