У колькі абышліся князю Агінскаму апельсінавыя дрэвы для Слоніма?

10.01.2023 Гісторыя

Пра неверагодна захапляльнае падарожжа па свеце карціны Рэмбранта «Польскі вершнік» піша «Планета Беларусь».


2ciiqvqfn4j2wnuihgo25nvzk7myvvrg.jpg
Рэмбрант Хармэнс ван Рэйн. Польскі вершнік. Каля 1655 г. Галерэя Фрыка, Нью-Ёрк

У 1791 гетман вялікі літоўскі Міхал Казімір Агінскі з Галандыі, дзе ён знаходзіўся па справах, даслаў каралю Станіславу Аўгусту адну карціну. У суправаджальным лісце князь напісаў: «Сэр, дасылаю Вашай Каралеўскай літасці казака, якога Рэмбрант пасадзіў на каня. З’еў гэты конь за час, пакуль быў у мяне, 420 нямецкіх гульдэнаў. Справядлівая ласка Вашай Каралеўскай літасці дае мне надзею, што апельсінавыя дрэвы заквітнеюць у той жа прапорцыі». З ліста вынікае, што гетман жадаў атрымаць за карціну апельсінавыя саджанцы для Слоніма з каралеўскай аранжарэі. А палатном, якое ён адправіў у Варшаву, была карціна Рэмбранта «Польскі вершнік»

Падарожжы «Польскага вершніка»

У каталог каралеўскай галерэі палаца ў Лазенках карціна была ўнесена пад назвай «Cosaque à cheval» («Казак на кані»). Праўда, у калекцыі Станіслава Аўгуста яна надоўга не затрымалася — у 1798 годзе апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі спачыў. Карціна ў спадчыну перайшла да князя Юзэфа Панятоўскага, потым стала ўласнасцю ягонай сястры Тэрэзы Тышкевіч. У 1814 годзе «Вершніка» набыў князь Францішак-Ксаверый Друцкі-Любецкі, які ўжо праз год з відавочнай выгадай прадаў карціну віленскаму біскупу Гераніму Страйноўскаму за 500 дукатаў (знаходзячыся ў каралеўскай калекцыі, яе вартасць ацэньвалася ў 180). У тым жа 1815 годзе біскуп памёр, а палатно разам з іншымі карцінамі і шыкоўнай бібліятэкай перайшло да яго брата Валяр’яна Страйноўскага. Пасля Варшавы і Вільні вершнік пераехаў у палац Страйноўскіх у Гарохаў на Валыні.

jkxptue9s1iadcrobk5asnii5frxrmo7.jpg
Валяр’ян Страйноўскі і віленскі біскуп Геранім Страйноўскі

Калі ж і Валяр’ян памёр у 1834 годзе, карціна Рэмбранта, з-за адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі, перайшла да яго дачкі Валерыі ў якасці пасагу. Валерыя пабралася шлюбам з графам Янам-Феліксам Тарноўскім, і «Польскі вершнік» распачаў новае падарожжа — Дзікаўскі замак у Галіцыі (сучасны горад Тарнобжэг у Польшчы).

rtkeiiwhxdosmdate6oc7pueqyknkh6h.jpg
Валерыя і Ян-Фелікс Тарноўскія

У 1898 г. карціна на пэўны час пакінула Дзікаў і адправілася ў Амстэрдам — на выставу ў Музей Стэдэлійк «Рэмбрант: карціны, сабраныя з нагоды інаўгурацыі Яе Вялікасці каралевы Вільгельміны».

3t9kykchogplneer9m9modcqawch8obn.jpg
«Польскі вершнік» Рэмбранта на выставе ў Амстэрдаме. 1898 г.

У Дзікаўскім замку карціна прыжылася надоўга і знаходзілася там да пачатку ХХ стагоддзя, пакуль яе чарговы ўладальнік граф Здзіслаў Тарноўскі, памешчык, прамысловец і палітык, не вырашыў яе прадаць.

tpzfui715nz8uodnw48prndqjmjd9hxp.jpg
Замак у Дзікаве. Фота пачатку ХХ ст.

Пакупнік знайшоўся за акіянам — амерыканскі калекцыянер Генры Клэй Фрык, кароль коксу і сталі, які жыў у Пітсбургу. У 1910 годзе дамова была заключана. За 300 тысяч даляраў карціна была прададзена Фрыку, а на атрыманыя грошы граф Тарноўскі набыў новыя землі ў Галіцыі.

py1erx59wax6sim9c7ofkrr12ymxru19.jpg
Паведамленне аб продажы карціны «Польскі вершнік» у газеце «Boston Sunday Post». 1919 г.

Карціна, якая раней пераязджала з аднаго канца Еўропы ў іншы, зараз адправілася за акіян. Вывезці палатно Рэмбранта атрымалася без праблем — пратэставаць нікому нават у галаву не прыйшло. Усе абмяркоўвалі не страту культурнай спадчыны краю, а толькі грашовую вартасць дамовы. У 1920 годзе Фрык пераехаў у Нью-Ёрк, дзе ў спецыяльна спраектаваным будынку адкрыў галерэю, якая існуе да гэтага часу. І тут для «Польскага вершніка» пачалося іншае жыццё і іншыя праблемы.

1gfc9nmqxgplabv8h9z2vwz3wafwjwek.jpg
Галерэя Фрыка ў Нью-Ёрку

Рэмбрандт — не Рэмбрандт

У калекцыі Фрыка цяпер знаходзіцца некалькі работ Рэмбранта. Але пасля прыдбання «Польскага вершніка» эксперты засумняваліся ў яго сапраўднасці. Еўрапейскія і амерыканскія мастацтвазнаўцы скрыжавалі дзіды. Адны лічылі, што гэта Рэмбрант, іншыя — што ягоныя вучні. Спрэчкі працягваюцца да гэтага часу. Але большасць цяпер пагаджаецца ў меркаванні: тое, што розныя часткі працы напісаныя неаднолькава, магчыма, з-за таго, што Рэмбрант сам пачаў працу над карцінай, але пакінуў яе няскончанай, і палатно мог завяршыць хтосьці іншы.

8gunaa1keuhmrbnejtgywhupbtfcwuk7.jpg
Парадыйная карціна Расэла Конара, апублікаваная ў часопісе «The New Yorker». 1993 г.

У 1993 годзе мастак Расэл Конар напісаў партрэт у стылі Рэмбранта, на якім галандскі майстар з палітрай у руцэ стаіць перад незавершаным «Польскім вершнікам». З адценнем іроніі Конар прыпісаў карціну вучню Рэмбранта Карэлу Фабрыцыусу і адправіў яе ў «The New Yorker» з жартаўлівай нататкай аб тым, што карціна была знойдзена ў падвале ў Пінску. Часопіс апублікаваў рэпрадукцыю карціны Конара — атрымалася нешта накшталт каментара да працы чарговай камісіі, заклапочанай вырашэннем пытання аб прыналежнасці «Вершніка» пэндзлю вялікага майстра.

Партрэт альбо алегорыя?

Гарачыя спрэчкі разгарэліся і вакол таго, ці была карціна задумана як партрэт канкрэтнага чалавека, а калі так, то каго менавіта, калі ж не, то што яна ўвогуле павінна адлюстроўваць.

rvy8cj8jgni1ehcu2ja4vmy4vfxi8cmj.jpg
Рэмбрант. Фрагмент карціны «Польскі вершнік»

Першым прэтэндэнтам на персаналізацыю быў вылучаны Станіслаў Страйноўскі, апошні маршалак лісоўчыкаў — лёгкай кавалерыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя, якая кармілася не за службу, а за кошт трафеяў і нарабаванай здабычы. Аўтарам гэтай версіі яшчэ ў 1859 годзе выступіў Рафал Страйноўскі, які спрабаваў даказаць, што не выпадкова віленскі біскуп набыў партрэт продка за немалыя грошы. Другім прэтэндэнтам стаў князь Марцыян-Аляксандр Агінскі, ваявода трокскі і вялікі канцлер літоўскі. Яшчэ адным — Сымон-Караль Агінскі, падкаморы віцебскі, які ажаніўся з галандкай. Але вось няўдача: на сайдаку вершніка (сайдак — набор лучніка) намаляваны герб «Ляліва», да якога не належаць ні Страйноўскмя, ні Агінскія.

Далей былі прапанаваныя гістарычныя персанажы — ад цара Давіда са Старога Запавету да Блуднага сына і мангольскага ваяра Тамерлана. Потым увогуле пачаліся абагульненні: «воін Хрыста», ідэалістычная выява вершніка, які абараняе Ўсходнюю Еўропу ад туркаў, ці проста «замежны ваяр» (замежны для Галандыі, т. к. амаль усе эксперты сыходзіліся на тым, што вопратка вершніка, зброя і нават парода каня паходзілі з Рэчы Паспалітай). Некаторыя выказалі здагадку, што мадэллю для партрэта стаў сын Рэмбранта Цітус. Увогуле, пытанне не вырашана да гэтага часу.

Копія — гэта вам не арыгінал

Амаль адразу ж пасля таго як карціна патрапіла ў калекцыю Станіслава Аўгуста да назвы «Польскі вершнік» дадалася яшчэ адна — «Лісоўчык» (вершнік конніцы Лісоўскага).

Карціну шмат разоў перамалёўвалі. Хаця усе выявы апыналіся і не копіямі зусім, а, хутчэй, мастацкімі пераасэнсаваннямі арыгінала. Першыя копіі былі зробленыя яшчэ ў Тарноўскіх у Дзікаве. У пачатку 1840-х гадоў граф Маўрыцый Дзедушыцкі для сваёй кнігі пра гісторыю лісоўчыкаў замовіў афорт — мабыць, першую рэпрадукцыю карціны Рэмбранта.

lhnot6aeyzxu0tojnuy6sa75ojuxx3xw.jpg
Лісоўчык. Ілюстрацыя з кнігі М. Дзедушыцкага. 1842 г.

У 1859 годзе сваю версію «Лісоўчыка» ў тэхніцы літаграфіі прапанаваў часопіс «Tygodnik Ilustrowany» — чысты, як бы мы сёння сказалі, рэмейк.

avx3ori0argkka7o0tjx9vglbphyaqsg.jpg
Лісоўчык. Ілюстрацыя з часопіса «Tygodnik Ilustrowany». 1859 г.

Наступным быў вядомы мастак-баталіст Юліюш Косак, які ў 1860–1865 гадах зрабіў жывапісную копію, максімальна набліжаную да арыгіналу. Хаця і ён дазволіў сабе змяніць у карціне фармат, пейзаж і асобныя дэталі. Увогуле, так і хочацца сказаць, перафразуючы стары анекдот: аўтар — Рэмбрант, палепшана — Косакам.

r638sx8qxisokt2omcykwtpey45vlbge.jpg
Юліюш Косак. Лісоўчык. Каля 1860-1865 гг. Копія карціны Рэмбранта. Нацыянальны музей у Варшаве

Кажуць, што перад продажам за акіян паводле загадзу графа Здзіслава Тарноўскага была знятая дакладная копія з карціны. Але пра тое як яна выглядала мы можам толькі здагадвацца — копія згарэла падчас аднаго з пажараў у замку ў Дзікаве.

Сучасныя мастакі таксама не пакідаюць «Вершніка» без увагі. Так, уласнае бачанне знакамітай карціны знакамітага майстра не пабаяўся выявіць на суд гледачоў Дарыюш Велец.

0ob1lnximt7fk8kk251xznf5tb6xxhe4.jpg
Дарыюш Вялец. Лісоўчык (паводле Рэмбранта)

І ўжо зусім нечаканае прачытанне палатна прадставіў вядомы польскі жывапісец і графік Ян Лебенштэйн (памёр у 1999 г.). Ягоны «Лісоўчык» — прадвеснік смерці, пра што можна меркаваць паводле касцякоў, якія выступаюць з паверхні зямлі. Лебенштэйн супрацьпаставіў драматычны рамантызм ХХ стагоддзя — часу войн, пераваротаў і знішчэння — сентыментальнаму рамантызму Коссака XIX стагоддзя. Пагадзіцеся, вельмі жорсткі напамін усім нам пра рэаліі найноўшага часу.

5vzwi3eeirrq17yu0heuqbbk6gqy1lpx.jpg
Ян Лебенштэйн. Лісоўчык (паводле Рэмбранта). Прыватная калекцыя

«Вы жадаеце песняў? Іх ёсць у мяне!»

Сёння мы жывем у часы мэмаў, мэйнстрыму і камерцыялізацыі культуры. Попыт нараджае прапанову. А часам наадварот. Жадаеце чаго-небудзь свежанькага? Тады Рэмбранта вам у стужку! Не жадаеце, да прыкладу, мець рэпрадукцыю «Лісоўчыка»?

bj2ls3ny3y1cb11b5lb5zlubz4wvuzbp.jpg

Выдатна падыходзіць для спальні, офіса, гасцінай, а пры жаданні — і ваннага пакоя.

y9nkkzyjtf2got9xzc77dm4wkssgqee8.jpg

Ці гальштук? Цудоўная расфарбоўка. І не важна, што з арыгіналам не супадае. Галоўнае — Рэмбрант з намі!

ite8o0rxfsk1c9hk5qlh8sy8ay584set.jpg

Некаторыя краіны выпускаюць маркі. Няўдалыя, праўда, паводле свайго мастацкага выканання. Ці ўвогуле фальшывыя, як неіснуючай «Дзяржавы Аман» (не блытаць з «Султанатам Аман»).

Быць любімым

А што ж арыгінальны «Лісоўчык»? Як яму жывецца зараз у Нью-Ёрку? Увогуле, нядрэнна. Любімы гледачамі, запатрабаваны, лічыцца адным з шэдэўраў калекцыі Фрыка.

24nv7ns1dy3muj9dthfb1toe9o037187.jpg
«Лісоўчык (Польскі вершнік)» Рэмбранта ў экспазіцыі музея (калекцыя Фрыка)

Зусім нядаўна картіна зноў здзейсніла падарожжа за акіян. На гэты раз у тое месца, адкуль пачыналася тая гісторыя, якую мы тут распавялі. З 6 траўня па 7 жніўня 2022 года ў Варшаве ў музеі Лазенкі прайшла выстава «Каралеўскі Рэмбрант. «Польскі вершнік» з калекцыі Фрыка ў Нью-Ёрку».

2l1iifpt2egp2bwlviflh9mx05vk2vrp.jpg
«Лісоўчык (Польскі вершнік)» Рэмбранта на выставе ў Каралеўскіх Лазенках. 2022 г.

А што ж апельсінавыя дрэвы з каралеўскай аранжарэі для князя Міхала Казіміра Агінскага? Іх гетман атрымаў — саджанцы сапраўды згадваюцца ў інвентарных спісах Слоніма. Дакладней, згадваліся...