У культурна-дэндралагічным комплексе Мосар на Глыбоччыне плануюць усталяваць скульптуру Адама і Евы

09.03.2015 Культура

У гэтым годзе запланавана шмат прац па добраўпарадкаванні тэрыторыі комплексу.

– Мы плануем ўсталяваць каля сажалак фантан, а на тэрыторыі стварыць кампазіцыю “Райскі сад”: у яблыневым садзе ўсталяваць драўляную скульптуру з выявай Адама і Евы, – распавяла Край.бай дырэктар Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Вольга Саланінка. – Хацелася б адрамантаваць адну з крыніц і працягнуць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Плануем прыцягнуць уласныя сродкі, з раённага бюджэту і спонсарскую дапамогу.

Па словах Вольгі Саланінка, маштабная работа па добраўпарадкаванні комплексу праводзілася ў мінулым годзе да 500-годдзя вёскі Мосар. На тэрыторыі ўсталявалі 25 новых лавак, рэкламны шчыт, адрамантавалі дах у музеі (філіял Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея), акультурылі скульптуры і капліцы, абнавілі дарожкі, а таксама стварылі асобны падзел у экспазіцыі музея, прысвечаны ксяндзу Ёзасу Бульку, пробашчу мосарскага парафіі, які  пайшоў з жыцця ў 2010 годзе.

Як паведамілі ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі, па дакументах Мосар упершыню згадваецца ў 1514 годзе. Вёскай у розныя часы валодалі Зяновічы, Пацы, Долмат-Ісакоўскія, Млечка і нават стрыечны брат прэзідэнта Польшчы Юзэфа Пілсудскага Калікст. Найбольшы след у гісторыі Мосара пакінуў графскі род Бжастоўскіх. Ганна і Роберт Бжастоўскія ў канцы XVIII ст. пабудавалі тут шыкоўны палац і касцёл.

Новае жыццё ў вёску ўдыхнуў ксёндз Юозас Булька, які больш за 25 гадоў служыў у мосарскім прыходзе. «Разам з аднадумцамі ён пачаў ствараць прыгажосць, якая пазней атрымала назву культурна-дэндралагічнага комплексу», – дадалі ў музеі.

Па словах Вольгі Саланінка, за мінулы год у Мосары пабывалі больш за 12 тысяч турыстаў, у тым ліку з Польшчы, Расіі і іншых краін.

 

Паводле kraj.by

Фота з сайта www.glubmusej.by

Тэгі: