У Мінкульце звольнілі дзвюх кіраўніц упраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей

«Год гістарычнай памяці» сімвалічна пачаўся са звальнення ключавых асоб упраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры, піша тэлеграм-канал «Спадчына». 


82.jpg

Учора, 10 студзеня, апошні дзень адпрацавалі Наталля Хвір, начальніца ўпраўлення, і Святлана Краюшкіна, намесніца начальніка аддзела ўзгаднення і рэстаўрацыі, якая ўзгадняла навукова-праектную дакументацыю на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Прычына ўсім зразумелая. Абедзве шчыра перажывалі за сваю справу і не давалі розным неразумным людзям рабіць дзіч на помніках, за што на іх неаднойчы скардзіліся вышэй. Цяпер яны сталі лішнімі.

Узнікаюць справядлівыя пытанні, ці будзе цяпер каму змагацца за царкву ў Новым Свержані, Стары замак у Гродне і іншыя, выцягваць аб’екты са спісаў на знос і прасоўваць іх у спіс ахоўны, прымушаць выканкамы да выканання сваіх абавязкаў і прыцягваць да адказнасці парушальнікаў?

На жаль, гэта не адзінкавыя падобныя звальненні ў сферы культуры. Нядаўна была звольненая дырэктарка музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч: паводле неафіцыйных звестак, прычынай стала яе прынцыповая пазіцыя — экс-дырэктарка адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў па надуманых «палітычных» прычынах.

Чытайце па тэме: Як звальняюць работнікаў культуры, згаданых у артыкуле «СБ»