У Мінску ўпершыню пройдзе бясплатная «Ноч дэгустацыі серыялаў» – 11 мая

20.04.2018 Афіша

У мультыплексе velcom cinema 11 мая ўпершыню пройдзе бясплатны паказ папулярных серыялаў. Гледачам таксама прапануюць тэматычныя закускі і бясплатныя напоі, настольныя гульні, навуковае шоў і віктарыны на веданне серыялаў. Арганізатарам кінамарафона выступіць лічбавае тэлебачанне VOKA.

афиша_дегустация_сериалов

Рэпертуар пакуль не раскрываюць, але вядома, што на вялікія экраны патрапяць 7 сучасных амерыканскіх серыялаў, назвы якіх добра знаёмыя беларускім гледачам. Фармат «дэгустацыі» мяркуе прагляд па адным эпізодзе кожнага з іх.

Паміж сеансамі прадугледзяць невялікія перапынкі, падчас якіх можна будзе адпачыць, абмеркаваць убачанае і зрабіць сэлфі на фоне крэатыўнай фотазоны. Адну з залаў плануецца пераабсталяваць пад начны клуб з DJ-сэтамі і светлавым шоу, дзе можна будзе адпачыць ад серыялаў і ўзбадзёрыцца.

Для гледачоў таксама прыгатуюць тэматычныя сэндвічы, навеяныя серыяльнымі сусветамі. Ежу і напоі можна будзе набыць у бары.

На «Ноч дэгустацый серыялаў» можна трапіць толькі па папярэдняй рэгістрацыі. Пакінуць заяўку на ўдзел можна да 3 мая ўключна. На наступны дзень выпадковым чынам будзе разыграна 500 запрошальных. Пацверджанне прыйдзе на пошту ў выглядзе электроннага квітка, які трэба будзе прад’явіць на ўваходзе ў кінатэатр.

«Ноч дэгустацыі серыялаў» у кінатэатры velcom cinema пачнецца 11 мая а 21:00 і працягнецца да самай раніцы. Апошні паказ павінен завяршыцца бліжэй да пачатку работы сталічнага метро (05:30), каб можна было свабодна дабрацца дадому.

Паводле арганізатараў