У пошуках сябе: навошта беларусам беларуская ідэнтычнасьць?

Круглы стол быў праведзены ў рамках супольнага праекту «Дыялог экспертных супольнасьцяў» часопіса АRCHE і сайтаў «Наше мнение» і «Новая Эўропа».

Рэзюмэ: Ці патрэбна беларусам беларуская ідэнтычнасьць? Каб пабудаваць дзяржаву і нацыю. Iдэнтычнасьць патрэбна, каб сабрацца і зьдейсніць агульную справу. Адзінага, ідэальнага канцэпту беларускай ідэнтычнасьці няма і быць ня можа. Мы ўсе – на розных ўзроўнях, праз розную тэрміналёгію, праз розныя падыходы і розныя традыцыі – фактычна якраз й адбудоўваем шматгранную беларускую ідэнтычнасьць, якая й можа быць адзінае мазаічнай і комплекснай. Беларуская ідэнтычнасьць – гэта крытычная кропка, праз якую трэба прайсьці і жыць далей.

Удзельнікі:

Уладзімер Мацкевіч – метадоляг
Тодар Кашкурэвіч – мастак і этнакультуроляг
Уладзімер Абушэнка – сацыёляг
Мадэратар – культуроляг Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў: Тэма нашай сёньняшняй размовы можа гучаць так: ці патрэбна беларусам беларуская ідэнтычнасьць? Можа падацца, што пытаньне бязглуздае. Чалавеку трэба разумець, хто ён ёсьць, каб мець некую падставу для існаваньня. Але ў беларускіх умовах гэтае пытаньне застаецца чымсьці адкрытым, не надта зразумелым. Таму і пачнем з дылентанцкага пытаньня: ці ёсьць беларуская ідэнтычнасьць праблемай – як для аналітыкаў, так і для звычайных грамадзянаў?

Уладзімер Мацкевіч: “Ідэнтычнасьць” – я б толькі ўзяў у двухкосьсе гэтае слова, бо, разважаючы на гэту тэму, карыстаюся трохі іншымі тэрмінамі…

Тодар Кашкурэвіч: Цікава якімі?

У.М.: …сапраўды праблема – як для інтэлектуалаў, так і для звычайнага чалавека. Любая супольная праца патрабуе пэўнага ўзгадненьня яе пляну. І гэтае ўзгадненьне пачынаецца з вызначэньня двух анталагічных існасьцяў. Першая – што мы робім альбо аб чым клапоцімся? Другая – хто такія «мы»? У пэўныя гістарычныя пэрыяды пытаньне “хто такія «мы»?” паўстае як актуальна-штодзённае. Такой гістарычнай сытуацыяй зьяўляецца адбудова дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці. Немагчыма пабудаваць беларускую дзяржаву, калі 10 мільёнаў чалавек ня маюць агульнага ўяўленьня пра тое, што такое «мы». Тэкст цалкам.