У будынку па вуліцы Ракаўская, 17 размесціцца музейная экспазіцыя. Гэта будзе філіял Музея гісторыі горада Мінска, пішуць «Мінск-Навіны».
Па словах галоўнага інжынера прадпрыемства «Мінская спадчына» Сяргея Абрамава, на першым паверсе будзе знаходзіцца кафэ, вялікую залу і частку другога паверха зойме экспазіцыя «вобразы Савецкага Мінска 1919-1991 гадоў». Трэці паверх аддадуць упраўленню культуры Мінгарвыканкама.
Будынак быў узведзены ў другой палове XIX стагоддзя. Першапачаткова гэта быў аднапавярховы дом, які потым дабудоўвалі. У пачатку ХХ стагоддзя тут размяшчаліся не толькі жылыя памяшканні, але і зала для вясельных і бальных вечароў. У 1920-м будынак прыстасавалі пад першы савецкі кінатэатр «Рэкорд». Цяперашняе аблічча будынка склалася прыкладна ў канцы 1930-х і захавалася да 1990-х.
У пачатку 2000-х быў распрацаваны праект рэканструкцыі аб’екта пад «Дом кнігі», але задумка не ўвасобілася. Фактычна будынак не выкарыстоўваўся, пакуль не перайшоў да «Мінскай спадчыны».
Спецыялісты ўзмацнілі падмурак і сцены, зрабілі перапланіроўку і рэстаўравалі фасад. Унутры некаторых памяшканняў удалося выявіць насценны жывапіс, прычым розных перыядаў, часткова ён захаваны і рэстаўраваны. Таксама наведвальнікі ўбачаць фрагменты гістарычнага мура, якія спецыяльна раскрылі для дэманстрацыі.
Вялікая зала, ці былая бальная — сэрца гэтага аб’екта. Тут будзе музейная экспазіцыя. Вышыня памяшкання дазволіла зрабіць уверсе, на ўзроўні другога паверха шкляную пераходную галерэю, па якой можна патрапіць з адной часткі будынка ў іншую, абыходзячы музей.
Дом збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю да Новага года.