У Слуцку выправілі памылку на памятным камені ў гонар пісьменніка Васіля Віткі

Камень быў пастаўлены ў жніўні 2023 года ў новым раёне, на чорнай шыльдзе — подпіс «Васіь Вітка», без літары «л», піша тэлеграм-канал «Спадчына».


Vasil Vitka
Адказ Слуцкага райвыканкама

Дарэчы, спачатку ў райвыканкаме казалі, што ўсё правільна, маўляў, гэта проста ў Віткі подпіс быў такі.

Vasil Vitka
Мармуровая шыльда на памятным знаку. Фота: «Слуцкі край»

Пасля аказалася, што тэкст набраны стандартным шрыфтам Mistral, які імітуе рукапісны тэкст і ніякага дачынення да подпісу пісьменніка не мае.

Vasil VitkaСапраўдны подпіс Васіля Віткі (1964 г.) і «подпіс» з памылкай на памятным знаку, набраны шрыфтам Mistral

Васіль Вітка, сапраўднае імя Цімох Васілевіч Крысько (1911 — 1996) — беларускі літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, літаратурны крытык, драматург, педагог, класік беларускай дзіцячай літаратуры. У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 годзе быў выключаны з камсамола і выгнаны з рэдакцыі «Чырвонай змены» за страту пільнасці і лібералізм.

Vasil Vitka

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка». У 1978 узнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978) з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Родны дзед журналісткі, культуролага і ўдавы заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай.

Julija Čarniaŭskaja
Фота са старонкі ў Фэйсбуку дачкі Юліі Жэні Чарняўскай

Паводле ўспамінаў Юліі Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі Вітка напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.