«Вольныя народы беражліва і ашчадна захоўваюць кожны стары камень у сваіх гарадах, паняволеныя ці посткаляніяльныя народы безаглядна руйнуюць каштоўныя сьведчаньні сваёй гісторыі. Або ім руйнуюць, каб забыліся на сваю даўніну», — гэта цытата — з кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення», якая атрымала галоўную прэмію Гедройця сёлета. Хто такі Сяргей Абламейка, пра што ягоная кніга і чаму яна стала лепшай піша sn-plus.
Пра аўтара і кнігу.
Знішчэнне чужой культуры — нязменная практыка любой імперыі. Беларусь здабыла гэтыя сумныя веды яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя — і працягвае атрымліваць «бясцэнны досвед». Ахвярамі нашага ўсходняга суседа не раз станавіліся помнікі архітэктуры: узгадайма хаця б полацкую Сафію ці гродзенскую Фару Вітаўта.
Сяргей Абламейка ў кнізе аб Мінску выступае сведкам абвінавачання. Злачынства — забойства Старога горада, старажытнага сэрца Мінска. Абвінавачаны ў прадстаўленні не мае патрэбы.
«Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» напісана паводле архіўных матэрыялаў, мемуараў і перыёдыкі першай паловы ХХ стагоддзя. Сяргей Абламейка працаваў з рассакрэчанымі дакументамі ЦК КП, Савета народных камісараў, Дзяржаўнай планавай камісіі, камісарыята ўнутраных спраў БССР, нямецкіх акупацыйных органаў... Тры гады апытваў мінскіх старажылаў. Працаваў у архівах ЗША, Нямеччыны, Польшчы.
Сяргей Абламейка нарадзіўся ў 1962 годзе ў Мінску, навучаўся на гістфаку БДУ, стаў доктарам гістарычных навук у Любліне, працаваў заводскім слесарам, школьным настаўнікам, у музеі і Акадэміі навук. З верасьня 1990 году — у беларускай службе Радыё Свабода. Апошнія гучныя кнігі Абламейкі — «Нечаканы Скарына» і «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».
Новая кніга змяшчае вялікую колькасць цікавых фактаў, цытатаў і фотаздымкаў. Усяго не пераказаць, але ў гэтым няма патрэбы: вы можаце спампаваць кнігу бясплатна тут. «Невядомы Менск» распавядае пра два моманты: якім некалі быў Мінск, дакладней, яго Стары горад, і як яго знішчалі. Дарэчы, на фота вышэй — Нізкі рынак у Старым горадзе Мінска, 1918 год. Гэты і іншыя фотаздымкі, скарыстаныя ў артыкуле, апублікаваныя ў кнізе Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск».
Што такое Стары горад і дзе яго шукаць
Стары горад складалі Замчышча, Нізкі і Рыбны рынкі, вуліцы Замкавая, Стара-Мясніцкая, Нова-Мясніцкая, Завальная, Падзамкавая, Казьмадзям’янаўская, Няміжская, Калініна, Гандлёвая і Падзамкавая-на-Балоце. У трох словах — правы бераг Свіслачы (бок праспекта Пераможцаў). Ён быў шчыльна забудаваны двух-і трохпавярховымі мураванымі будынкамі XVII-XIX стагоддзяў.
Але і гэты Стары горад не самы стары: перш за месца з такой назвай знаходзілася на Траецкай гары — у раёне Опернага тэатра. Тут стаялі галоўныя праваслаўныя цэрквы сярэднявечнага Мінска — Святатроіцкая і Узнясенская. Першы гарадскі касцёл, Фарны, таксама з’явіўся тут. У першапачатковым Старым горадзе размяшчаліся рамесніцкія цэхі і рынак. Гарадок быў драўляны і не перажыў шматлікіх пажараў, у тым ліку — часоў з Масквою. Хаця адна ягоная частка пратрымалася вельмі доўга: гэта Траецкі рынак, які заставаўся галоўнай гандлёвай пляцоўкай мінчанаў ажно да 1930-х гадоў. Яго знішчыла зусім не нямецкая авіяцыя, а расійскія бальшавікі, якія задумалі пабудаваць Оперны тэатр менавіта тут.
«Новы» Стары горад, пра які і расказвае Абламейка, перажыў Другую сусветную і спачыў у 1950-я. Сэрца Мінска білася тут — на гары, акружанай дзвюма «артэрыямі», Нямігай і Свіслаччу, і балотам, на месцы якога выраслі «рамесніцкі пасад» (бізнес-цэнтр рамеснікаў) і рынак, названы Нізкім. Старым гэты раён назвалі ў канцы XVI стагоддзя, калі па суседстве заклалі Высокі (ці Новы) рынак, які стаў адміністрацыйным ядром горада. Цяпер тут знаходзіцца плошча Свабоды.
Казьмадзям'янаўская вуліца ў Старым горадзе Мінска
Самая прыгожая вуліца і цэхавае брацтва
Самай прыгожай, старой і ўвогуле «самай-самай» вуліцай старога Менска Сяргей Абламейка называе Казьмадзям’янаўскую. Па-першае, гэта была першая ў гісторыі цалкам «каменная» вуліца Менска: брукаваная і забудаваная «мураванкамі». Калі б яна была жывая зараз, вы б адчулі сябе ў гістарычным цэнтры Вільні. Па-другое, тут з’явілася першая менская аптэка. Па-трэцяе, вулачка аказалася неверагодна жывучай. У савецкі час беларусам выклікалі, што Мінск разбурылі падчас Другой сусветнай вайны больш чым на 80%, і ахвярай бамбавання стала Казьмадзям’янская вуліца. Насамрэч, піша Абламейка, яна захавалася амаль цалкам. Яе знішчылі ў 1950-х. І нават больш: адзін будынак з гэтай вуліцы прастаяў да 1980-х.
Таксама ў Старым горадзе знаходзілася самая вузкая вуліца Мінска — адрэзак Нямігі паміж Нізкім і Рыбным рынкамі, дзе адлегласць паміж дамамі складала 4-6 метраў. Шырыня самага вузкага завулка, Рыбнага, была да трох метраў.
Доўгі час старажытнае аблічча Мінска захоўвалі цэхавыя майстры. На 1850 год у Менску дзейнічаў 41 рамесніцкі цэх. Іх прадстаўнікі — муляры, будаўнікі, кавалі, бляхары, маляры, шкляры — актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве Старога горада. Структура і традыцыі цэхаў захоўваліся з сярэднявечча, так што можна ўпэўнена сказаць: хлопцы яны былі вельмі кансерватыўныя.
Гэта згуляла на руку Мінску: майстры будавалі і рамантавалі дамы паводле старажытных тэхналогіяў. Так працягвалася ледзь не да XX стагоддзя. Дамы іх «вытворчасці» былі падобныя да камяніцы XVIII стагоддзя ў ваколіцах Нізкага рынку: са стромкімі дахамі, маленькімі вокнамі з частымі рамамі і тоўстымі сценамі. Вуліцы брукавалі бутавым каменем (вялікімі кавалкамі каменя няправільнай формы), а ходнікі — дошкамі або каменнымі плітамі.
Мясныя шэрагі Нізкага рынку ў 1888 годзе
Гандляры і мінская сіеста
Акрамя старажытнай прыгажосці ў духу Заходняй Еўропы Стары горад Мінска адрознівала бурлівае гандлёвае жыццё. Расійскі эканаміст Андрэй Субоцін пісаў у 1887 годзе: «Міжволі задаеш сабе пытанне — хто ж у каго купляе? І вырашаеш гэтае пытанне так: мусіць, купляюць сябар у сябра — шавец у булачніка, кравец у мясніка, булачнікі ў краўца і т. д.».
На фатаздымку Нізкага рынку 1918 года (якраз з боку вуліцы Казьмадзям’янскай) бачныя сем вокнаў на першым паверсе дома, і над кожным — шыльда крамы. Сем крам у адной хаце былі не выключэннем, а штодзённасцю. Той жа Субоцін пісаў, што ў Мінску на 3000 дамоў прыпадае 2000 крамаў. Гандлявалі не толькі беларусы і яўрэі (апошніх было 88%), але і кітайцы з заплеценымі ў косы валасамі. Хадавым таварам старасвецкага аліэкспрэса былі цацкі і размаляваныя вееры.
Нізкі рынак у 1918 годзе
На Нізкім рынку асабліва свылучаліся пякарні. Жанчынаў, якія тут працавалі, незывалі «пякаркі». «Яны прадавалі посныя і масьленыя баранкі, сітніцы, крэндзелі, булкі, сухары, куханы (асобага гатунку белы хлеб) з маслам, кмінам і цыбуляй, таўкачыкі з грэцкіх круп і так званыя «картафляшкі» (з бульбы)».
Эксклюзівам Нізкага рынку быў збіцень, звараны на лісці аеру, мёдзе і патацы. Сюды прыязджалі з іншых раёнаў горада дзеля вядомых крамаў: ювелірнай крамы «Гандаль», хлебнага «Коласа» і рыбнага «Акуня». Квітнеў, піша Абламейка, гандаль саматужна вырабленымі стравамі — прадавалі бабы, пончыкі-пышкі і куханы з цыбуляй і макам. Бацькам дапамагалі дзеці. 6-8 гадавая бабуля аўтара гэтых радкоў у 1921–1923 гадах гандлявала на Нізкім рынку пітнай вадой — па капейцы за конаўку; выручка ішла на пакупку абаранкаў«.
На Нізкім рынку знаходзілася своеасаблівая сталовая. Паводле ўспамінаў вядомага фалькларыста Паўла Шпілеўскага, «паблізу Замкавай вуліцы ёсць так званы Смачны куток (Смачны кут), нешта накшталт абжорнага шэрагу, дзе за пяць капеек срэбрам частуюць крупнікам (супам з круп) і кавалкам ялавічыны, таксама ведзьмакамі. ».
Асаблівую прывабнасць надае партрэту Старога горада апісанне побыту ягоных жыхароў. «Жанчыны часта не працавалі і займаліся хатняй гаспадаркай. З раніцы многія гаспадыні ішлі купляць сьвежыя садавіну і гародніну на Траецкі рынак, а на шляху назад дакуплялі мясныя і малочныя прадукты ў гандлёвых радах на Нізкім рынку». У летнюю спёку гаспадыні з Замкавай гары і Траецкага прадмесця палівалі ходнікі вадой, прыбіваючы пыл, выносілі зэдлікі і нетаропка абмяркоўвалі навіны адыходзячага дня. Хаты пакідалі незачыненымі. Мясцовыя малыя цягалі моркву і агуркі з Татарскіх агародаў, у Свіслачы абмывалі і адразу елі.
На Свіслачы, як і зараз, актыўна лавілі рыбу. Але тады яе можна было ўжываць у ежу. Легендарным рыбаком славіўся нейкі Юзік, які шмат год прыходзіў на рыбалку на адно і тое ж месца кожны дзень.
Мастак Язэп Драздовіч ля вытоку Нямігі пад Замкавай гарой і на беразе Свіслачы, 1920 год. Фота Льва Дашкевіча
Любімы замак двух каралёў
Мінскі замак Сяргей Абламейка надзяліў асаблівай ўвагай. Аб ім доўга спрачаліся, у прыватнасці, савецкія «гісторыкі» сцвярджалі, што каменнага замка ў сталіцы Беларусі не было. Але раскопкі сведчаць пра адваротнае. Археолаг Тарасенка пісаў яшчэ ў 1947 годзе: «У верхніх, перамешаных пластах зямлі... знаходзілася шмат абломкаў цэглы і рознага будаўнічага хламу ад разбураных старажытных і больш новых пабудоў, якія існавалі на Замчышчы. Сярод іх былі выяўлены і абломкі «пальчаткі» — цэглы ручной фармоўкі XV–XVI стагодзьдзяў з прадоўжанымі барознамі — сьлядамі пальцаў».
Мінскі замак быў адным з любімых замкаў караля Жыгімонта І Старога. Тут ён падоўгу жыў і двойчы прымаў парад войскаў. Цікава, што абодва разы — перад бітвамі з маскавітамі: у 1508 годзе адбыўся паход на Маскву, у 1514-м Канстанцін Астрожскі разбіў іх пад Оршай. Пасля Жыгімонта I у замку жыў яго сын Жыгімонт II, той самы палюбоўнік, а пазней муж Барбары Радзівіл.
У ХІХ стагоддзі пра лёс менскага замка (ды і не толькі) лаканічна выказаўся Рамуальд Зянкевіч, адзін з першых этнографаў Беларусі: «Чаго не здалі далі , што толькі, паводлуг іх паглядаў і думак, магло прыпамінаць польскія гадзіны».
Любіў бываць на Замкавай гары і мастак Язэп Драздовіч. У пачатку 1920 года ён замаляваў замкавую гару з наваколлем. Тады ж стварыў рэканструкцыі «крывіцкіх «гарадцоў», у якіх пазнаецца Менск XI-XII стагоддзяў — часоў бітвы на Нямізе. А яшчэ ў кнізе Сяргея Абламейкі апублікаваны два ўнікальных фотаздымкі, дзе Драздовіч зняты пад Замкавай гарой — ля вытока Нямігі і ў асяроддзі прачкаў ды дзяцей на беразе Свіслачы.
...У 1925 годзе энтузіясты зробяць спробу выратаваць Замчышча і Стары горад ад грандыёзных планаў бальшавікоў. Але прайграюць.
Працяг будзе. Матэрыял напісаны па кнізе Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення».