Беларуская якасць. Беларуская дысцыпліна. Беларуская адказнасць. Беларуская пунктуальнасць. Беларуская «малочка», абутак, трактары… Памятаеце, нас называлі «ўсходнееўрапейскімі немцамі» за культуру працы? Выглядае, што ўсё. Больш не будуць. Гендырэктарка «Камволя» патлумачыла — чаму.
Таццяна Лугіна прайшлася па беларусах, якія не так працуюць, зашмат п’юць гарбату і размаўляюць пра квашаную капусту, зашмат хочуць. А яшчэ — няўдзячныя. Не цэняць свайго шчасця і 8-гадзіннага працоўнага дня.
Іншая справа — індыйцы. Або эфіопы, якія «за прымальны ўзровень аплаты выконваюць гэтую працу і адчуваюць сябе цудоўна». У перакладзе на чалавечую мову: каштуюць нядорага, працуюць і маўчаць. А што яшчэ трэба? Можна запярэчыць: працоўная міграцыя — норма ў глабальным свеце. Што тут не так? Насамрэч шмат што.

Таццяна Лугіна. Скрыншот: СТБ
Глабальны свет, дзе ўсе працуюць, сябруюць і падарожнічаюць, сканчаецца. Свет усё больш падзяляецца на кластары, якія абіраюць не толькі сваю палітыку, але і стандарты нармальнасці, «суверэнны інтэрнэт» і г. д. Значэнне мае не толькі віза, але і пашпарт. Ці не з варожай ты краіны?.. У вострай фазе гэта прывядзе да новых «берлінскіх муроў» і «забароненых краінаў».
Рэаліі часоў Халоднай вайны — вяртаюцца. А як тады было? Прыехаць з Анголы ў СССР было прасцей, чым з Бельгіі ў СССР. Значэнне мае не геаграфія, а палітыка. Калі Ангола і СССР у адным лагеры — іхны «глабальны свет» надалей існуе. А вось бельгійска-савецкі свет — пад пытаннем. Так і тут: Эфіопія для Беларусі — блізкі свет. Літва і Польшча — далёкі…
Логіка Таццяны Лугіной з «Камволя» — цалкам зразумелая. Гэта логіка чыноўніка, а не бізнесмена. Частка беларусаў выціснута за мяжу без магчымасці вярнуцца. Тыя, хто застаўся, не маюць звышматывацыі працаваць за 400 еўра ў месяц. А кадравы голад трэба неяк наталяць. Як?
Работнікамі з Індыі, Пакістана, Непала, Эфіопіі… І канешне, яны будуць згодныя на 12-гадзінны працоўны дзень. На тэкстыльнай фабрыцы ў Эфіопіі чалавек зарабляе 25-70 даляраў… Паводле індэксу чалавечага развіцця ААН, краіна займае 180-е месца са 193. Што датычыць індыйцаў, то яны працуюць па 12 гадзін у дзень, бо не ведаюць, што можа і павінна быць па-іншаму, і што 12-цігадзінны працоўны дзень — гэта парушэнне базавых правоў чалавека.
Але справа ж не ў заробках і не ў графіку працы. Па ўсім відаць: дзяржава шукае насельніцтва на замену. Зручны народ, які не будзе бунтаваць, сумнявацца, патрабаваць. Будзе ўдзячны, спакойны, лаяльны. Усё, як у песні: «Мы, беларусы, мірныя людзі…» — замест «беларусаў» можна паставіць каго заўгодна — па сітуацыі. Ці прызначыць эфіопаў — беларусамі. Чаму не?
Галоўнае яны будуць працаваць. А да выбарчых урнаў наўрад ці калі дойдуць, не маючы грамадзянства. А нават калі дойдуць, верагодна, будуць удзячныя сваёй «новай радзіме» ў асобе начальніка гэтай «радзімы».
На ААТ «Камволь». Фота: БелТА
Трагедыя ў тым, што беларусы ў Беларусі — гэта не каштоўнасць, а тым больш не крыніца ўлады. Беларусы — гэта рэсурс для ўлады. Шрубкі. Часам шрубкі ржавеюць… А часам, вельмі рэдка, шрубкі кажуць пра свае правы. Тады — іх замяняюць. Без шкадавання.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org