У Варшаве пройдзе «Інклюзіўны кава-фэст». Ініцыятар — беларус

Сацыяльны клуб «Інклюзіўны барыста»: «Цягам 24-25 жніўня мы навучым 10 інклюзіўных барыста ў закрытым фармаце, а ў суботу, 26 жніўня, на фэсце яны пакажуць чаму навучыліся і звараць шмат кавы для цябе».


афіша інклюзіўнага кава-фэсту

З 24 па 26 жніўня ў Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе адбудзецца форум, на якім пачаткоўцы-барысты будуць вучыцца варыць каву, а потым пачастуюць ёй публіку.

«Інклюзіўны кава-фэст» праводзіць сацыяльны клуб «Інклюзіўны барыста» ў Варшаве, які паўстаў намаганнямі беларускага сацыяльнага прадпрымальніка, актывіста, блогера Аляксандра Аўдзевіча.

Аляксандр АўдзевічСтваральнік клубу «Інклюзіўны барыста» Аляксандр Аўдзевіч. Афіша фэсту

«Інклюзіўны барыста» пачаў працу ў Варшаве ў 2022 годзе. Мэта ініцыятывы — уключэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў паўнавартаснае сацыяльнае жыццё польскага грамадства праз навучанне папулярнай прафесіі барыста.

Такая мэта, як адзначаецца на сайце праекта, «была абраная ў сувязі з ростам папулярнасці кавярняў і сацыяльным складнікам гэтага віду дзейнасці, які дазволіць людзям з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізавацца і адчуць сябе паўнапраўнымі членамі грамадства».

Акрамя таго, праект скіраваны на стварэнне ўмоў для сеткавага ўзаемадзеяння і дапамогі ў супольнасцях беларускіх і ўкраінскіх жанчын-мігрантак з абмежаванымі магчымасцямі ў Польшчы.

Inclusive Barista Social Club ужо правёў 50 трэнінгаў, уладкаваў 12 навучэнцаў, адкрыў 5 сацыяльных кава-прастораў.