«Кожны хоча быць Каліноўскім, але...». У Варшаве паказалі «Інсургентаў» паводле п’есы Зянона Пазняка

Тэатральная лабараторыя «Вольная сцэна» паказала 11 чэрвеня ў Варшаве спектакль «Інсургенты», пастаўлены па матывах аднайменнай містэрыі Зянона Пазняка. Героі пастаноўкі чакаюць Дзядоў, будуюць мост і задаюць пытанні, ад якіх хочацца схавацца пад крэсла. Але мы не хаваемся. «Белсат» пабываў на варшаўскай прэмʼеры і паразмаўляў з акторамі і рэжысёрам пастаноўкі.

Premjera spiektakliu «Insurhienty» Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Містэрыю «Інсургенты» Зянон Пазняк напісаў у лістападзе 2019 года, прымеркаваўшы яе да перапахавання ў Вільні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 — 1864 гадоў. Гэта невялікі драматычны твор, цэнтральнае месца ў якім займае постаць кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Прэмʼера пʼесы павінна была адбыцца ў дзень урачыстага пахавання 22 лістапада ў Вільні, але не адбылася — аўтар не змог у той дзень прыехаць у літоўскую сталіцу.

Premjera spiektakliu «Insurhienty»
Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат


«Мне ўвесь час падаецца, што мы па розныя бакі»

А потым грымнуў 2020 год. «Інсургенты» чакалі яшчэ 5 гадоў, каб іх заўважыў беларускі актор і рэжысёр у выгнанні Уладзімір Лісоўскі, які пастанавіў адрадзіць (у кантэксце містэрыі лепей скажам — уваскрэсіць) у Беластоку славутую менскую «Вольную сцэну» (Лісоўскі — вучань Валерыя Мазынскага) і пачаць з «Інсургентаў».

Рэжысёр перарабіў пʼесу Пазняка пад сучаснасць, знізіў градус пафасу, дадаў трагізму і новых герояў (зʼявілася Апалонія Серакоўская — Вольга Каралёнак), уклаў у вусны персанажаў такія пытанні, ад якіх, калі шчыра, хацелася лезці пад крэсла (не, не ад смеху) проста ў глядзельні «The Backstage Bar», дзе адбывалася варшаўская прэмʼера пастаноўкі.

«Мне ўвесь час падаецца, што мы па розныя бакі. Вы ўвесь час кажаце пра дыялог з ворагам. Пачніце хаця б дыялог з паплечнікамі... Занадта шмат эмоцыяў і дыскусіяў», — кажа, напрыклад, Ксёндз-пробашч (Дзмітрый Есяневіч) у пʼесе (у містэрыі Пазняка гэтай рэплікі няма).

Ці яшчэ.

«На эшафот? Мужчыны, вы пра што? Пакіньце эшафоты ворагам! Абараніце край свой, зямлю сваю, дзяцей сваіх, жонак сваіх, дом свой. Загінуць і знікнуць — гэта вельмі проста...» — амаль выкрыквае Апалонія Серакоўская.

Такіх вострых месцаў у пʼесе нямала. «Інсургенты» бʼюць пад дых. Чаго вартая хаця б адна з першых сцэнаў пастаноўкі: Кастусь Каліноўскі (Яўген Казакевіч) напярэдадні чарговых Дзядоў (зразумела, дзеянне містэрыі адбываецца ў вечнасці) хоча накінуць сабе пятлю на шыю, бо — «за сто гадоў страціў веру».

Трэба хіба мець немалую адвагу, каб паказаць іканічную для беларусаў асобу ў такім раздраі, ды яшчэ запусціць на тле Каліноўскага з пятлёй у руках відэаінсталяцыю з кадрамі разгону шэсця на Дзяды, з самім Пазняком перад мікрафонам ды затрыманняў ў Курапатах.

Premjera spiektakliu «Insurhienty»
Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Гэта добра прагучала б у 2019-м годзе, але сёння маем іншыя пытанні»

Дарэчы, Зянон Пазняк пасля беластоцкай прэм’еры (на жаль, на варшаўскай яго не было), пахваліўшы актораў, параіў перарабіць вобраз Каліноўскага, бо атрымаўся, маўляў, зусім бяссільны і знявераны. Але, як падаецца, рэжысёр на павадку ў аўтара не пайшоў, хоць, як прызнаўся нам пасля спектаклю, Каліноўскаму, у параўнанні з першапачатковай версіяй, дадаў гераізму.

«Я так скажу, мы змянілі Каліноўскага, ён троху не такі, як на прэмʼеры ў Беластоку. Але калі б цалкам яго змянілі, то прапала б дужа шмат унутранага канфлікту. А мы менавіта хацелі расказаць пра сённяшніх людзей.

Гэта пʼеса — не пра Каліноўскага. І Жэня (актор Яўген Казакевіч — рэд.) не грае Каліноўскага. Ён праз гэты вобраз перадае пачуцці і думкі людзей — нашчадкаў Каліноўскага. Гэта зборны вобраз», — паясняе нам пасля спектаклю рэжысёр «Інсургентаў» Уладзімір Лісоўскі (у пʼесе выконвае ролю Зыгмунта Серакоўскага).

Па словах рэжысёра, Кастусь Каліноўскі ў новай варыяцыі пастаноўкі «ідзе ад сябе». На пачатку апанаваны адчаем і знявераны, ён падымае ўсіх у фінале, калі расчараванне пачынае біць ужо па паплечніках. Падымае і кажа: мы ідзём, мы змагаемся за Беларусь!

«Мы выйдзем», — гэта апошняя рэпліка Каліноўскага і ў містэрыі Пазняка, і ў пастаноўцы Лісоўскага.

«Я разумею, што Зянон Станіслававіч хацеў у сваёй пʼесе падкрэсліць менавіта гераічнасць гэтага чалавека: нават калі памёр — ён не скончыў сваю справу і ідзе на зямлю, каб яе давяршыць. Гэта добра прагучала б у 2019-м годзе. Гэта тады кранала людзей. Але сёння маем іншыя пытанні, іншыя патрабаванні. І мы гэта адчулі і вось такім чынам зрабілі», — тлумачыць у размове з «Белсатам» Уладзімір Лісоўскі.

Premjera spiektakliu «Insurhienty»
Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Кожны з нас і так Каліноўскі»

Згаджаецца з гэтым і актор Яўген Казакевіч, які грае ў спектаклі Кастуся Каліноўскага. На ягоную думку, прамыя лозунгі, «якія мы чуем столькі гадоў», ужо не ўздзейнічаюць на гледача, таму іх няма ў спектаклі.

«Гэты спектакль для таго, каб кожны з нас проста задумаўся, што адбываецца, каб кожны з нас паглядзеў, што робяць тыя і тыя і што можа зрабіць ён сам. Гэта, хутчэй, філасофская рэч, а не проста драматычны спектакль. Гэта — на падумаць. Гэта цяжка, бо думаць заўсёды цяжка. Але мы хочам, каб глядач таксама задаў сабе пытанні, якія мы задаём сабе на сцэне», — кажа Яўген Казакевіч.

Варта адзначыць, што па заканчэнні спектаклю, зала (невялікая, максімум — на паўсотню чалавек) не выбухнула аптымістычным «Жыве Беларусь!», а ўзяла глыбокую паўзу перад апладысментамі: глядач думаў...

«Гэта таксама пра ўсё тое, што адбываецца зараз у асяродку дэмакратычных сілаў. Мы ж усё бачым. Ну калі яны адно з адным дамовіцца не могуць і адбываецца тое, што адбываецца, — то пра якую перамогу над рэжымам можа быць гаворка? Гэта праблема. І мы тут паказалі актуальныя праблемы, якія існуюць у нашым грамадстве, і мы не можам пакуль знайсці выйсця», — працягвае Яўген Казакевіч.

«Кожны хоча быць Каліноўскім. Але справа ў тым, што кожны з нас і так Каліноўскі. І трэба, каб кожны з нас зрабіў тое, што можа зрабіць...» — дадае актор.

Былы купалавец і ўдзельнік праекту «ЧынЧынЧэнэл» Дзмітрый Есяневіч, які сыграў у п’есе, як сам кажа, «баявога ксяндза» і дадаў у дзею троху «чалавечынкі» (героі містэрыі — цені, прывіды ў белым), расказваючы, напрыклад, анекдот пра смерць вусатага і тоўстага чалавека на тым баку Вяллі (рэакцыя залы — стрыманы смех), заўважае, што і здаровы пафас часам бывае не лішні.

«Можа падацца камусьці, што гэта несучасны спектакль у сэнсе існавання на сцэне, што гэта пафасна ўсё і нецікава ў эру «Тыктоку» і хуткіх візуальных наркотыкаў, калі ўсё — па вярхах. Але тут у нас ёсць магчымасць усё ж такі пабываць у сурʼёзе, у патэтыцы — у добрым сэнсе гэтага слова, існавання і разумення», — гаворыць Дзмітрый Есяневіч.

Ягоны святар у пʼесе грыміць пра Бога, прамаўляе пра цела і кроў Хрыста, але ўспрымаецца на сцэне самым «цялесным» і жывым — вяртае да жыцця і надзеі.

Premjera spiektakliu «Insurhienty»
Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Чаму нельга перамагчы і застацца ў жывых?»

У супрацьстаянне і з ксяндзом, і з мужам, і з усімі мужчынамі ўступае на сцэне Апалонія Серакоўская, якую сыграла сузаснавальніца варшаўскага тэатру «Дзея Другая» Вольга Каралёнак. Яе персанаж — голас многіх і многіх беларускіх жанчын сёння.

«Мне было прыемна быць гэтым голасам. Я згодная з Апалоніяй. Чаму нельга перамагчы і застацца ў жывых?.. Я разумею ўсіх гэтых жанчын. У мяне ёсць прыклады маіх сяброў. Усё добра, і раптам: Волечка, я еду ва Украіну! А як жонка, дзеці? Я, напэўна, не адпусціла б. А з іншага боку — а як бы я яго не адпусціла?.. І вось я граю сёння гэтую жонку, задаю і ўнутрана прапрацоўваю гэтыя пытанні. Вісела б у яго на нагах — не адпускала б, але ў той жа час разумею, што... адпускала б, таму што мой мужчына ідзе вызваляць Беларусь. І я з гэтым працую...» — дзеліцца Вольга Каралёнак.

Premjera spiektakliu «Insurhienty»
Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат


Такі спектакль. Будуе масты, задае балючыя пытанні і бʼе пад дых (мужчынам).

Не хапае дрэва, каб дабудаваць мост? Цітус Далеўскі (Яўген Бржусь) прыносіць крыж. Таксама матэрыял (і чытэльная метафара). А Дзядоў яны дачакаюцца. Ужо ідуць.

«Божа! Колькі іх ёсць! Іх мільёны!» — канстатуе напрыканцы Цітус.

У фінальнай мізансцэне героі ахутваюць крыж сваім беласнежным убраннем і зверху накладаюць чырвоную стужку. Сімвал. Кастусь Каліноўскі раскідвае рукі: «Так будзе. Верце мне. Мы выйдзем».

А вочы Зыгмунта Серакоўскага напаўняюцца слязьмі.

«Гэтыя слёзы... я стрымліваў іх насамрэч, — прызнаецца пасля спектаклю Уладзімір Лісоўскі. — Не спецыяльна іх з сябе выціскаў, наадварот, маглі і градам паліцца. Бо мы сапраўды ішлі ад сябе. Кожны з нас уклаў нешта сваё...

Патрэбнае выйсце. Каліноўскі для людзей, якія сёння стаяць са слязамі на вачах і думаюць, куды ісці і што рабіць далей, і ёсць гэтым выйсцем. Мы не павінны спыняцца, павінны дзейнічаць. Каліноўскі жыве праз нашых Дзядоў, праз гісторыю, Каліноўскі жыве сярод нас. Ён працягваецца ў кожным з нас».

Тэатральная лабараторыя «Вольная сцэна» пакажа спектакль «Інсургенты» ў іншых гарадах Польшчы. Тэатр запрасілі таксама ў Таронта (Канада). Плануецца выступ у Вільні. Варта прыйсці і паглядзець. Усёй грамадой (і Кабінетам). Будзе на карысць. Квіток на варшаўскую прэмʼеру «Інсургентаў» каштаваў 70 злотых (16 еўраў).