У Віцебску ў чацвёрты раз пройдзе “Гравітацыя”. Лакальная стрыт-арт падзея адбудзецца 14 верасня. Сёлета маладыя мастакі збяруцца, каб упрыгожыць шэрыя, а месцамі і завандаленыя гаражы па вул. Жасткова.
Паводле арганізатара Рамана Воранава, усе эскізы будучых “палотнаў” былі ўзгодненыя з ЖЭУ-25, на чыім балансе знаходзяцца тамашнія дваровыя тэрыторыі. З вялікай прыхільнасцю да мерапрыемства паставіўся Аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама.
Сёлета ўдзельнікам “Гравітацыі” прапанавалі пагуляцца з тэмай “Віцебскі арнамент”. У гэтым шырокім рэчышчы і будуць рабіцца творы мастакоў, якіх набралася дванаццаць:
- IS (Віцебск)
- Ура (Віцебск)
- “КОНТРАРТ” (Шчо+Зюзя, Мінск)
- Рыгор Гудкоў (Віцебск–Данбас)
- Smak (Віцебск)
- 46 (Віцебск)
- Предок (Брэст-Віцебск)
- Cowek (Мінск)
- Keon (Гомель)
- Khvostov (Гомель)
- Сергей 86 (Мінск)
Музычнае суправаджэнне забяспечаць ды-джэі Traffaret (Віцебск) і Kuznetsove (Смаленск). Танцавальнае — каманда JACK BOX (Віцебск).
Адкрыццё івэнта адбудзецца а другой гадзіне. План мясцовасці, куды будзе варта завітаць у суботні восеньскі дзень, можна пабачыць на афішы альбо па спасылцы: http://goo.gl/maps/XYxNv
Па словах Рамана: “Гравітацыя” свядома застаецца лакальнай, дваровай, падзеяй. Раней гэта быў дворык гарадской Ратушы, цяпер двары Маскоўскага праспекта і вуліцы Праўды. Ім таксама хочацца быць прыгожымі”.