У Віцебску адбылася беларуская прэм’ера сямейнага фільма “Мой сябар жырафа”

23 жніўня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прайшоў першы ў Беларусі паказ новага фільма ў беларускай агучцы – казачнай гісторыі для ўсей сям’і «Мой сябар жырафа» вытворчасці Нідэрландаў. З 30 жніўня па 5 верасня карціну можна будзе будзе ўбачыць у кінатэатры «Мір» (вул. Чэхава, 3), а неўзабаве пасля прэм’еры ў Віцебску стужку пакажуць і ў Мінску. Пераклад і беларускі дубляж фільма ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» выканала каманда «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom.

IMG_6139

«Мой сябар жырафа» – гэта чароўная чароўная гісторыя аб моцным сяброўстве звычайнага хлопчыка і гаворачага жырафа па імені Раф. Галоўны герой фільма, Дзікечэ Дап, – будучы першакласнік, і з Рафам яны не разлі вада: разам выраслі і разам хочуць пайсці ў школу. Але вось няўдача: дарослыя лічаць, што жырафе школа непатрэбная, і ў першы клас Дзікечэ пойдзе адзін. Як сябры справяцца з гэтым выклікам, ці зможа Раф пайсці ў школу разам з гарэзам Дзікечэ і як правяраецца сапраўднае моцнае сяброўства, можна даведацца з новага фільма, знятага паводле твора нідэрландскай казачніцы Ані Шмідт. Фільм асабліва спадабаецца тым юным гледачам, якія таксама, як і яго галоўны герой, збіраюцца ў першы клас.

Упершыню ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды» пракат стужкі стартаваў у культурнай сталіцы Беларусі – Віцебску. На перадпрэм’ерным паказе фільм публіке прадставілі кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім і кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom Віктар Пазнякоў.

«Пра праект «Беларускія уікэнды», у межах якога на беларускую мову перакладаюцца фільмы розных жанраў і краін, ведаюць ўжо ва многіх гарадах Беларусі. Мы вельмі рады, што пры падтрымцы velcom праект пастаянна пашырае геаграфію, і прэм’ера новага фільма «Мой сябар жырафа» адбылася ўжо не ў Мінску, а ў Віцебску. Гэта знак таго, што «Беларускія уікэнды» выходзяць на новы ўзровень», – адзначыў Віктар Пазнякоў.

«З кожным новым фільмам мы імкнемся зрабіць так, каб глядзець кіно на беларускай прыходзілі не толькі тыя, хто ўжо размаўляе на ёй, але і тыя, хто хацеў бы чуць родную мову часцей. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць пераклад фільма, які спадабаецца і будзе зразумелы як дарослым, так і дзецям. «Мой сябар жырафа» – гэта вельмы шчырая, павучальная гісторыя для ўсёй сям’і, лепшы фільм для паказа 1 верасня. Спадзяюся, фільм стане добрым віншаваннем для тых, хто ідзе ў школу ўпершыню», – падзяліўся Андрэй Кім.

Спецыяльным госцем паказа таксама стаў беларускі акцёр тэатра і кіно, часты госць праграмы «Калыханка», удзельнік агучкі фільма «Мой сябар жырафа» і ураджэнец Віцебска Сяргей Жбанкоў. Свае галасы героям вясёлай дзіцячай гісторыі таксама падарылі тэлевядучы Яўген Перлін і акцёр Павал Харланчук.

«Фільм «Мой сябар жырафа» – гэта гісторыя пра яскравае самаадданае дзяцінства, у якой кожны знойдзе сваю нагоду для настальгіі. Дзікечэ Дап – сапраўдны авантурыст і верны сябар, і агучваць яго было ўсё роўна што ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства. Таму мне вельмі прыемна ўпершыню прадстаўляць сваю работу менавіта ў Віцебску, горадзе, дзе я вырас», – распавёў пра сваю працу Сяргей Жбанкоў.

У рамках проекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуецца кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых  замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх – «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё» и «Вецер мацнее». Цяпер калекцыю папаўняе і новы фільм з Нідэрландаў «Мой сябар жырафа». Гэта трэцяя па ліку стужка, якая, як і «Маленькі прынц» і «Шторм», будзе паказаная не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах краіны.

Пасля праката ў кінатэатрах фільм «Мой сябар жырафа» будзе даступны на платформе VOKA – у спецыяльным раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску». У ім прадстаўлена 17 культавых стужак сусветнага кінематографа, у тым ліку агучаныя ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» стужкі «Рыбка Поньё», «Маленькі прынц», «Кніга Ілая», «Падынгтан», «Жонка наглядчыка заапарка». Раздзел «CINEVOKA – кіно па-беларуску» даступны для прагляда падпісчыкам пакета «VOKA Відэа».

30 жніўня стужка з’явіцца ў раскладзе сеансаў кінатэатра «Мір». Прадоўжацца паказы да 5 верасня ўключна, пасля гэтага фільм адправіцца ў Мінск. Білеты на запланаваныя ў Віцебску сеансы можна набыць анлайн і ў касе кінатэатра «Мір». Падрабязнасці на сайтах kinakong.by і velcom.by.