У чаканні перазагрузкі. Як кінафестываль «Бульбамуві» спрабавалі пахаваць, але з гэтага нічога не атрымалася

У Дзень беларускага кіно, 17 снежня, у Беластоку адбылося анансаванае яшчэ ў лістападзе рэдактарам Belsat.Doc і арт-менеджарам Янушам Гаўрылюком «пахаванне» «Бульбамуві» — аднога са старэйшых незалежных кінафестываляў беларускага кіно.

Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі адмыслова з’ездзіў у Беласток, каб паглядзець, як гэта выглядае, і зразумеў, што замест рытуалу пахавання трапіў насамрэч на падзею ўваскрашэння знанай кінападзеі.

 «Pachavannie» «Bulbamuvi»Януш Гаўрылюк і кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Ілона Карпюк на «пахаванні» «Бульбамуві»

Бессэнсоўная канкурэнцыя

Беларускія арт-менеджары з кінасферы маюць унікальную рысу — гатоўнасць супернічаць паміж сабой нават у сітуацыі, калі гэтага можна было б лёгка пазбегнуць.

Канкурэнцыя адбываецца літаральна за што заўгодна: прэм’еры стужак, гарады правядзення, абраныя месяцы і даты. Вымушаная эміграцыя магла б прыпыніць гэты працэс, падштурхнуўшы кіношнікаў да большай абачлівасці і сумеснай кааперацыі, але нечакана толькі больш абвастрыла суперніцтва.

Вось і на сёлетні Дзень беларускага кіно сутыкнуліся планы дзвюх каманд творцаў. Арт-менеджар Януш Гаўрылюк вырашыў у гэты дзень у сталіцы Падляшша «пахаваць» свой флагманскі праект — кінафестываль «Бульбамуві», а каманда рэжысёра Андрэя Кашперскага ў Варшаве правяла здвоены паказ сваіх апошніх прац: «Суда мёртвых» і пілота камедыйнага серыяла «Свінгеры».

Я абраў самы нязручны і экзатычны варыянт — рушыў у Беласток, каб паглядзець, як прысыпаюць зямелькай некалі неўміручы «Бульбамуві».

Фэйкавая смерць і чарговае ўваскрашэнне

«Бульбамуві» ўжо не прывыкаць да «смерці». Першы раз яна адбылася ў 2017 годзе, калі арганізатары «Бульбамуві», пераехалага з Варшавы ў Мінск, не змаглі на яго правядзенне адшукаць грошы.

Уваскрос ён у 2021 годзе, калі ўлады «адціснулі» сабе кінафестываль «Лістапад» і адмянілі яго Нацыянальны конкурс, дзе паказвалі праекты беларускіх аўтараў. На гэтым пострэвалюцыйным запале «Бульбамуві» праіснаваў яшчэ чатыры гады, пакуль і зноў не сканаў.

Гэтым разам нагодай сталі не столькі адсутнасць фінансаў, але вал праблемаў: стомленасць самога Гаўрылюка, весь гэты час цягнулага праект; канкурэнцыя з іншымі падзеямі («Паўночнае ззянне» і Watch Docs); наданне рэжымам «экстрэмісцкага» статусу падзеі і адчувальны дэфіцыт кантэнту, з якога можна было б скласці цікавую праграму.

Месцам развітання з «Бульбамуві» выпала стаць Падляшшу, месцу сілы самога Гаўрылюка. Да таго ж сам рэгіён гістарычна і культурна захоўвае беларускія традыцыі, што для фестывалю, арыентаванага на айчыннае кіно, стала цалкам арганічным выбарам.

Падзею вырашылі правесці ў беластоцкім кінатэатры Forum Kino у залі з круглым і проста ўражвальна гіганцкім купалам-столяй. Ён адначасова нагадваў ці то антычны тэатр, ці то савецкі крэматорый. Праз правальны маркетынг на нетыповую падзею прыйшло некалькі дзясяткаў мясцовых гледачоў, якія расселіся ў вялікай залі на 400 месцаў. Усё гэта грала на атмасферу сапраўднай драматычнай падзеі, не хапала толькі што фальш-труны на сцэне.

Зрэшты, інтрыга з пахаваннем растварылася для мяне яшчэ да пачатку падзеі. Яе праспойлерыў журналіст і малы прадпрымальнік Андрэй Мялешка, які ў фае кінатэатра гандляваў рэчамі са сваёй крамы. «Януш ужо плануе ездзіць з паказамі па Падляшшы ў наступным годзе», — сказаў ён, хітра падміргнуўшы.

Вось і давярай потым на слова гэтым кіношнікам!

Панк-кіно і распад фігуры аўтара

І сапраўды, развітанне з «Бульбамуві» апынулася сціплым вечарам беларускага кіно з размовамі пасля паказаў. Гэта ў сваёй прамове ля сцэны пацвердзіў Януш Гаўрылюк.

«І, па сутнасці, Цэнтр беларускай культуры [у Беластоку] нас уратаваў. Магчыма, гэта пачатак чагосьці іншага, бо мы ўжо казалі, што гэта нібыта пахаванне. 

Але «Бульбамуві» сёння неафіцыйна кажа: можа быць так, што калі нешта памірае, нараджаецца нешта новае. І сённяшні сімвалічны паказ, у Дзень беларускага кіно, 17 снежня, здаецца мне, можа стаць пачаткам нейкага супрацоўніцтва. 

Магчыма, у наступным годзе мы зробім фестываль, як звычайна, у Варшаве, але таксама і ў Беластоку. А ў Беластоку, як я бачу, ёсць яшчэ вялікае поле для працы».

Адкрыў вечар галоўны трыумфатар гэтага году — фантасмагарычная камедыя «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Прэм’ера стужкі адбылася ў лютым на Берлінале. Дэбют Юрыя Сямашкі пра творчы крызіс беларускамоўнага музыкі, завёрнутая ў старажытнагрэцкі міф пра Арфея і Эўрыдыку, скарыла сэрцы не толькі гледачоў, але і бескампраміснага да адзнакі чужой творчасці культуролага Максіма Жбанкова.

«Pachavannie» «Bulbamuvi»

Паміж ім і Мікалаем Лаўрынюком, чальцом каманды «Бульбамуві», пасля паказу разгарэлася жывая спрэчка ў духу «добры і дрэнны паліцэйскі».

Жбанкоў разважаў за эстэтыку панку, якая дазволіла рэжысёру захаваць унутраную свабоду і шчырасць ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў і адсутнасці фінансавання. А Лаўрынюк крытыкаваў фільм за аднамернасць галоўная героя, слабую гульню актораў і раздзьмуты хронаметраж. 

Сам жа Сямашка, які адмыслова прыехаў на паказ, казаў, што звычайна прыдзірлава ставіцца да сваёй дзейнасці, але гэтым разам адмовіўся ад перфекцыянізму, каб кіно ўрэшце паўстала. 

Удзельнікі яшчэ амаль гадзіну разважалі пра сучасную беларускую культуру як пра прастору для асабістага выказвання, дзе беларуская музыка і кіно становяцца сродкамі пераасэнсавання міфаў і пошуку ідэнтычнасці пасля траўматычных падзей 2020 года.

Пасля невялікага перапынку Гаўрылюк прадставіў падлеткавую драму «Хто я» рэжысёркі Жэні Дарк — творчага псеўданіма, за якім хаваецца знакаміты аўтар, выраўшы застацца ананімным. Гэты фільм арганізатар «Бульбамуві» ужо даўно хацеў паказаць шырокай аўдыторыі — і нарэшце ажыццявіў свае планы.

«Pachavannie» «Bulbamuvi»

Гісторыя пра вечарыну на лецішчы сталічных падлеткаў, якая сканчваецца трагедыяй, атрымала драматычны бэкграўнд. Фільм таемна здымаўся ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 года, але цягам апошняга часу так і не трапіў на фестывалі і ў пракат.
І справа тут не толькі ў дзяржцэнзуры, але і сумнеўных мастацкіх якасцях самога праекта. Адсутнасць бюджэта дадаткова адбілася на агульнай недапрацаванасці фільма з недапісаным сюжэтам, дзіравай драматургіяй і дрэннай ігрой актораў.

Гэтую думку падчас абмеркавання вельмі дасціпна маштабаваў Максім Жбанкоў, назваўшы «Хто я» стужкай ад «абсалютна разгубленага чалавека», які страціў звязанасць і драматургічнае мысленне, існуе ў форме хаатычных візуальных імпульсаў. 

У адрозненне ад «Лебядзінай песні», дзе можна гаварыць пра наратыў, ідэю і структуру, тут ён пабачыў толькі «рассыпанне», страту часу і суб’екта. 

Чаканні на лепшае кіно не апраўдаліся

«Pachavannie» «Bulbamuvi»

Фінальная размова, што разгарнулася пасля «Хто я», хутка перасягнула межы абмеркавання канкрэтных фільмаў і ператварылася ў спробу асэнсаваць стан незалежнага беларускага кіно за апошнія пятнаццаць гадоў — час, якія застаў «Бульбамуві».

Гаўрылюк згадаў, як у пачатку 2010-х гадоў пачаў займацца беларускім кіно, не знаходзячы яго ў публічнай прасторы, і як з гэтага дэфіцыту бачнасці нарадзіўся сам фестываль. 

У той момант ён стаў адной з пляцовак, дзе незалежныя беларускія рэжысёры маглі не толькі паказаць свае фільмы, але і ўбачыць адно аднаго, пачуць прафесійную крытыку і адчуць сябе часткай супольнасці — бо ў самой Беларусі «яны не мелі дзе паказваць свае фільмы»

Тыя гады сёння арт-менеджар успамінае амаль настальгічна, разважаючы, што фестываль планаваў дапамагчы пастаць новай хвалі кіно. Аднак праз паўтара дзесяцігоддзя сітуацыя ў кінасферы апынулася яшчэ горшай, чым можна было сабе ўявіць.

«Усё скончылася пасля 2020 года, пакінуўшы кіно ў эміграцыйнай, фрагментаванай і пазбаўленай інстытуцый рэальнасці прасторы <...> Беларускай кінаіндустрыі ўсё яшчэ няма. Аўтары або маўчаць, або баяцца паказваць свае працы. Эміграцыя не прапануе простых рашэнняў. А ў Польшчы беларускім кіношнікам даводзіцца змагацца за выжыванне ў чужым і перапоўненым культурным полі», — панаракаў арт-менеджар.

Бязлітасна дыягнаставаў сённяшні стан кінавытворчасці і Жбанкоў — разлікі на адраджэнне класічнай кінаіндустрыі не апраўдаліся. «Мы жылі тады спадзяваннямі на аднаўленне беларускай кінаіндустрыі — і трэба шчыра сказаць, што гэтага не адбылося», — прызнаўся ён у адказ на маё пытанне — што яны адчуваюць, хаваючы (хай і не насамрэч) «Бульбамуві».

Абмяркоўваючы магчымыя шляхі існавання беларускіх кіношнікаў, суразмоўцы вылучылі два магчымыя сцэнары. 

Першы — інтэграцыя ў еўрапейскія кінапрацэсы, калі беларускія аўтары становяцца часткай агульнага міжнароднага поля. Другая — так званая «партызанка». Калі «творчыя баявыя адзінкі» будуць здымаць за мінімальныя грошы свае праекты.

З апошнім не пагадзіўся, доўга маўчаўшы, Сямашка. Ён казаў пра важнасць стымулаў і інфраструктуры, узгадваючы, як у Мінску калісьці існавалі фестывалі і конкурсы, што давалі маладым аўтарам азарт і матывацыю. Сёння, выглядае, інфрастурктуры і праз яе матывацыі амаль не засталося. 

Ён падкрэсліў, што незалежных аўтараў нельга ўспрымаць як фабрыку кантэнту: «Калі няма падтрымкі — не ведаю, што і будзе»

Ад яго прагучала і прызнанне, якое развейвае міф пра магчымасць кіно без грошай — нават мікрабюджэтная «Лебядзіная песня» каштавала каля 50 тысяч еўра, у асноўным замежных прадусараў. 

У гэтым вечным змаганні падыходаў устану на бок Сямашкі — без грошай тут сапраўды ніяк не абысціся, якой бы класнай не была ідэя фільма і бязмежнай матывацыя рэжысёра. На адным энтузіязме доўга не пражывеш.

У канцы дыскусія перамясцілася ў залю, дзе ад арганізатаркі падзеі — кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры Ілоны Карпюк — прагучала важная і аптымістычная думка пра брэнд «Бульбамуві», які варта захаваць, даўшы магчымасць перазагрузіцца.

«Фестываль можа стаць платформай для новых формаў прамоцыі і паказу беларускага кіно, падтрымкі аўтараў і іх творчых эксперыментаў. Ён можа функцыянаваць у новым фармаце — у інтэрнэце ці на міжнародных фестывалях, быць месцам супрацоўніцтва і перазагрузкі. Не трэба закрываць «Бульбамуві». Гэта не проста фестываль, а каштоўная платформа, якая дае магчымасць маладым і апантаным аўтарам працаваць, паказваць свае творы, развіваць беларускую кінаіндустрыю нават у складаных умовах».

Больш абнадзейлівага падсумавання для падзеі, якая павінна была быць развітальнай, і не прыдумаць.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org